Адраджэнне Чарэі. У неперспектыўных вёсак на самай справе ёсць велізарны патэнцыял.

Чарэя — населены пункт у Чашніцкім раёне, які пару дзясяткаў гадоў таму быў квітнеючым цэнтрам сельгаспрадпрыемства. Але затым ён прыйшоў у заняпад, пачаў літаральна развальвацца на часткі. “Сабраць вёску па кавалачках” вырашылі летась. Да лістапада Чарэя змянілася да непазнавальнасці.

Пустыя вачніцы вокнаў

Чарэя, якая ў 1924—1931 гадах была нават цэнтрам аднайменнага раёна Барысаўскай акругі, патрапіла ў лік неперспектыўных вёсак гадоў восем назад.
Тое, што да нядаўняга часу пасёлак з насельніцтвам у 470 чалавек знаходзіўся ў жаласным стане, можна было ўбачыць няўзброеным вокам.
— Я тут сам вырас, таму кожны куточак дарагі майму сэрцу, — распавядае старшыня Чашніцкага райвыканкама Уладзімір Ула-дзіміравіч Булай. — Паглядзеў, што стала з некалі квітнеючым месцам, і вырашыў, што трэба нешта рабіць. Тым больш што тут ёсць прамысловыя аб`екты: ферма, зернясховішча...
Праблемны населены пункт было вырашана ўзяць пад кантроль: вёска павінна змяніцца. Нават нягледзячы на тое, што яна не з’яўляецца цэнтрам гаспадаркі.
— Пачыналі з простых суботнікаў, — працягвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Наводзілі парадак на вуліцах, у цэнтры вёскі высадзілі новы парк. А ў гэтым годзе пачаліся маштабныя работы.

Шлях да скарбу

У Чарэі вельмі шмат звілістых вулачак-змеек. Практычна ўсе пясчаныя. Пральецца самы малы дождж — і пасёлак літаральна топіцца ў брудзе. Не ўсякі аўтамабіль праедзе. Таму перш за ўсё было прынята рашэнне заасфальтаваць дарогі. Тым больш што вядуць яны наўпрост да жывапісных месц. На беразе Чарэйскага возера стаіць Белая царква, або Траецкі храм. Ад яго засталіся руіны і служба праводзіцца тут толькі па вялікіх рэлігійных святах.
Царква мае вялікае значэнне для гісторыі, культуры: гэта ўнікальны фрагмент будынка ранняга барока (фрагмент — таму што сёння ад храма засталіся толькі сцены) не толькі для Беларусі, але і для Расіі, Італіі. У першародным выглядзе ён захаваўся адзіны ў свеце — з тых часоў, калі ў Італіі элементы барока толькі пачалі з’яўляцца. Культуралагічная каштоўнасць Траецкага храма прызнана ўрадам: яго рэстаўрацыя ўключана ў дзяржаўную праграму.
Непадалёк будуюць свае дачы бізнесмены і дырэктары буйных прадпрыемстваў. Сюды прыязджаюць адпачываць турысты. Праўда, кажуць, што прыгажосць гэтых месц губляецца ў разрусе населенага пункта.

Куды дзенецца чорная плёнка?

Работы вяліся амаль без выхадных: аб’ект здалі ў пачатку лістапада. Да шмат-
кватэрных дамоў падво-дзіўся трубаправод, вырашылася пытанне з пустуючымі і аварыйнымі пабудовамі.
Вокны двухпавярховага дома на цэнтральнай вуліцы Чарэі завешаны чорнай плёнкай. Тут вось ужо некалькі гадоў ніхто не жыве. Але неўзабаве кватэры запоўняцца жыхарамі. Шматкватэрны дом будзе аддадзены пад сацыяльнае жыллё. А вось паўразбуранае складское памяшканне, якое размяшчалася непадалёк, вырашылі знесці. Пакуль што тут нічога няма, але зямля, упэўнены мясцовыя жыхары, доўга пуставаць не будзе.
Яшчэ зусім нядаўна жыхары Чарэі баяліся заходзіць у фельчарска-акушэрскі пункт. У пабудове 1926 года ўсё абсталяванне функцыянавала яшчэ з савецкіх часоў. Раней тут быў стацыянар, які зачынілі ў 2003 годзе. Засталася толькі амбулаторыя. На правядзенне капітальнага рамонту амбулаторыі райвыканкам выдзеліў 300 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы закуплена новае абсталяванне, устаўлены сучасныя вокны, адрамантаваны дах.
Тры гады назад у Чарэйскі дзіцячы сад хадзілі шасцёра малых. Сёння ўжо васямнаццаць. Адчувальная розніца. І нядзіўна: памяшканні, сталовая, фае садка змяніліся да непазнавальнасці.
Задаволены і дырэктар мясцовай школы Уладзімір Сазонаў. Установа адукацыі цалкам змянілася: перакрыты дах, устаўлены вокны, адрамантаваны класы, пабудаваны новы ганак. Не школа, а малюнак. У сёлетнім годзе тут займаецца 71 вучань.

Пад пільным наглядам

Рэканструкцыя Чарэі магла б расцягнуцца на дзясяткі гадоў, калі б не старшыня Чашніцкага райвыканкама Уладзімір Булай. Службовец асабіста сачыў за выкананнем намечанага і кожныя дзесяць дзён ставіў новыя мэты. Уладзімір Уладзіміравіч нават працаваў без выхадных:
у суботу і нядзелю ён пры-язджаў ў Чарэю і кантраляваў работу будаўнікоў.
— Я лічу, што асабісты кантроль кіраўніка раёна проста неабходны, — кажа Уладзімір Уладзіміравіч. — Гэта дысцыплінуе людзей і накіроўвае працу ў неабходны бок.
Сёлета Чарэя стала абсалютна іншай. Адраджэнне месца з багатай гісторыяй напаўняе мясцовых жыхароў аптымізмам. Яшчэ год назад яны жылі ў разрусе, а сёння малая радзіма на вачах паўстала “з попелу”.

Чарэя — месца з багатай гісторыяй. Вучоныя лічаць, што вёска з’яўляецца аднагодкай Полацка, а Чарэйскае гарадзішча — адзін з пунктаў знакамітага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”. Чарэя — слова фінскага паходжання, якое абазначае “месца, сходка” або “месца, пакрытае або парослае асотам ці хмызняком”. А угра-фінскія плямёны насялялі тэрыторыю Беларусі задоўга да прыходу славян. У XVIII—XIX стагоддзях частка зямель Чарэйскага графства належала князям Пяструцкім, затым Сапегам, у выніку апынулася ў Мілашаў — продкаў вядомага французскага паэта і літоўскага грамадскага дзеяча Оскара Мілаша. Да нашых дзён у Чарэі захаваўся іх фамільны маёнтак.
Быў час, калі з райцэнтра Чашнікі за пакупкамі ехалі ў Чарэю. Тут праводзіліся вялікія кірмашы, куды прывозілі тавары з усіх навакольных мястэчак і вёсак. Можна было купіць і прадукты, і скаціну, і конскую збрую, і будматэрыялы.
Жыхары пасёлка, асабліва пажылыя, цяжка ўздыхаючы, успамінаюць ранейшыя часы. За апошнія гады ўсё прыйшло ў заняпад...

Дарэчы
На добраўпарадкаванне Чарэі выдзелена 3 мільярды рублёў. За гэтыя грошы адрамантаваны Дом культуры, школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, будынкі бытавога абслугоўвання. Акрамя таго, сродкі накіраваны на рэканструкцыю дарог у жылфондзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter