В издательстве «Мастацкая лiтаратура» вышел сборник Михаила Позднякова «Голос»

Ад шчырай душы

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшаў зборнiк Мiхася Пазнякова «Голас»


Па заказе i пры фiнансавай падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi выйшла кнiга прозы лаўрэата Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii, заслужанага дзеяча культуры Мiхася Пазнякова. У выданнi, якое ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура», апавяданнi, абразкi i эсэ на тэму Радзiмы, чалавечай годнасцi, мужнасцi, вернасцi народу, адданасцi добрай справе.

Многiя творы гэтай кнiгi перакладзены на рускую i арабскую мовы, друкавалiся ў Расii i Сiрыi, уключаны ў айчынныя школьныя праграмы для пазакласнага чытання. Большасць матэрыялаў, узятых за аснову для сюжэтаў, — аўтабiяграфiчныя. Аўтар паказаў жыццё блiзкiх людзей, незабыўныя сустрэчы. Эсэ прысвяцiў вядомым пiсьменнiкам i малой радзiме.

Напрыклад, у творы «Жамчужына нашай спадчыны» Мiхась Пазнякоў першым чынам адказвае на пытаннi — што зрабiў Максiм Багдановiч для нашай лiтаратуры i культуры ўвогуле, хто ён для нас сягоння?

— Па-першае, Багдановiч — таленавiцейшы паэт, тонкi лiрык, класiк, якi ўсё лепшае ў сусветнай паэзii iмкнуўся прышчапiць да беларускай, — падкрэслiвае Мiхась Пазнякоў. — Калi яраслаўскi сябра Агурцоў запытаў у Максiма, чаму ён, народны творца, напоўнiў сваю кнiжку «Вянок» санетамi, рандо, трыялетамi i iншымi незнаёмымi народу формамi, а таксама даў эпiграфы да вершаў амаль на ўсiх еўрапейскiх мовах, то атрымаў такi багдановiчаў адказ: «За беларускай мовай не хочуць прызнаць самастойнасцi i самабытнасцi. Не хочуць дапусцiць думкi, што на гэтай мове можна выразiць усе рухi чалавечай душы i даць любую лiтаратурную форму. Я сваёй кнiжачкай хацеў паказаць, што ўсё гэта магчыма. А для гэтага трэба было беларускую мову паставiць побач з еўрапейскiмi».

Дарагая сэрцу Мiхася Пазнякова вёска Заброддзе, што на Быхаўшчыне, у новай кнiзе адзначана самымi шчырымi i цёплымi ўспамiнамi. Аўтар дорыць ёй шмат метафар, называе залатым кутком дзяцiнства, блакiтнымi арэлямi мар.

— Напэўна, адна з самых балючых страт для чалавека — страта малой радзiмы, кроўнай сувязi з ёю, страта сваiх каранёў, той жывiльнай энергii i чысцiнi, якiмi поўняць нас родная зямля i самыя блiзкiя людзi, — перакананы Мiхась Пазнякоў. — Таму хочацца яшчэ i яшчэ раз пакланiцца чароўнай вёсачцы, мiлым, дзiвосным краявiдам i наталiць душу iх хараством.

Што нi радок — замiлаванне, якое чытач можа прымерыць на сябе i таксама разам з аўтарам узгадаць свае сцежкi маленства: «Невыказнае шчасце — павольна крочыць праз пяцьдзясят гадоў той жа палявой дарогай, якая помнiць цябе яшчэ зусiм малечай i дзе ты басанож абмацаў у свой час кожны каменьчык, кожную ямiнку»...

Разам з аўтарам прыгадваем i свае жыццёвыя дарогi, знаходзiм падабенства, шукаем адрозненнi. Напрыклад, кранае апавяданне «Цукеркi». Час, паказаны ў творы, нялёгкi — канец пяцiдзясятых гадоў: краiна яшчэ залечвала цяжкiя ваенныя раны. Аўтар успамiнае, як у маленстве занадта нястрымна хацелася цукерак:

— Пэўна таму, што крамы ў нашай вёсачцы не было, ды i сям’я ў нас была вялiкая — шасцёра малых. Паспрабуй накупляйся на ўсiх, калi мацi даводзiлася пазычаць грошы нават на хлеб.

Урэшце, на ўсе грошы, якiя мацi выдаткавала на кнiгi (а iх у той дзень на продаж не прывезлi), маленькi Мiхасёк купiў цукерак. У памяцi дагэтуль мамiны заплаканыя вочы.

Некаторыя апавяданнi нават крышку мiстычныя. Як, напрыклад, «Голас». Застаецца толькi здагадвацца, як з лiрычным героем маглi адбыцца незвычайныя праявы падчас варажбы ў калядную ноч. А той голас, што прыходзiў у сне, пачуўся i праз многа гадоў. У кожным творы разгортваецца шырокая творчая душа аўтара — затое кнiга атрымалася цiкавай i захапляльнай.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter