Святкаванне дня нараджэння Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне
Акунуцца ў атмасферу “роднага кута” Якуба Коласа, прайсціся па сцежках яго маленства, юнацтва марыў і ўдзельнік Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Каласавіны” Марат Гаджыеў. Цікава мне было назіраць, як дагестанскі журналіст, рэдактар газеты “Горцы”, імкнуўся пакінуць у памяці фотаапарата кожную дробязь, вокам дакрануцца амаль да кожнай рэчы. “У гэтых мясцінах зямля і паветра нібыта пранізаны паэзіяй. Лясы, палі, драўляныя вясковыя хаткі — вось сапраўдная прыгажосць і багацце вашай краіны, — казаў Марат Гаджыеў. — Здорава, што вы захоўваеце памяць пра свайго выдатнага паэта. Яна паўсюль: у скульптурных кампазіцыях на Плошчы Якуба Коласа ў Мінску, і ў драўляных фігурах тут, на Стаўпеччыне, у мемарыяльных сядзібах, рэчах-рэліквіях, партрэтах, кнігах...”
У Акінчыцах у 1882 годзе нарадзіўся будучы паэт Якуб Колас
Сярод ахвотных прайсціся Коласавымі сцежкамі быў і народны майстар, разьбяр Сяргей Кляшчук. Хоць гэта яму было не ў навіну. У 1990-92 гадах ён актыўна працаваў на “Шляху Коласа”: майстры зрабілі шэраг драўляных скульптур — вобразаў герояў з твораў пісьменніка, што й цяпер стаяць пры коласаўскіх дарогах Стаўпеччыны. Ёсць працы Сяргея і на “Сцяжыне новазямельцаў”, якая вядзе ў Альбуць: тая сядзіба стала прататыпам Парэчча ў паэме “Новая зямля”. Цяпер сядзібная экспазіцыя цалкам прысвечана гэтаму твору, гадам жыцця сям’і Міцкевічаў там. Аўтобус коціцца па лясной дарозе, а Сяргей Кляшчук згадвае, як прыязджаў на плэнеры разам з сябрамі, “таварышамі па сякеры” Іванам Супрунчыкам, Анатолем Маголіным, Міхасём Корабавым ды іншымі. З работ Кляшчука тут “Падгляд пчол”, вобразы Міхала, Коласа-бунтара ды Коласа-настаўніка... З таго часу амаль 30 год прайшло. Час, як вядома, не шкадуе дрэва. І сёлета з красавіка па жнівень Сяргей займаўся рэстаўрацыяй твораў: з раніцы да начы нешта паднаўляў, рамантаваў. “Усё можна выратаваць”, — упэўнены разьбяр. Шкадуе, што не паспеў да юбілею выразаць нанова цалкам знішчаны вобраз маці паэта, хоць матэрыял на яго — таўшчэзны трохметровы дуб — ужо ёсць у майстэрні. Амаль гатовы й модулі са словамі з “Новай зямлі” да кожнай скульптуры. “Некалькіх дзён не хапіла, каб іх усталяваць”, — прызнаецца. Затое нядаўна з’явіліся на мінскай сядзібе Песняра скульптурныя вобразы настаўніка Лабановіча ды Ядзвігі з трылогіі “На ростанях”.
Прыгожымі спевамі сустракалі гасцей самадзейныя артысты ў Альбуці
На Коласавым юбілеі не абышлося без падарункаў. Скульптар Міхаіл Канцавы, напрыклад, перадаў у музей зроблены ім бюст Песняра. Кампазітарка Людміла Сімаковіч стварыла музычны спектакль “Плошча Якуба Коласа”, які ўпершыню быў прадстаўлены на сцэне Белдзяржфілармоніі якраз у дзень нараджэння пісьменніка, 3 лістапада.
Вобраз паэта, увасоблены ў дрэве, фатаграфуе скульптар Іван Міско
Сярод мноства падарункаў вылучаліся пераклады. Апавяданне “Хмарка” з “Казак жыцця” Якуба Коласа ў апошні час было перакладзена на сем карэнных моваў народаў Каўказа. Загучала яно і па-англійску, па-французку, па-малдаўску...
Парадавалі й пісьменнікі з Санкт-Пецярбурга. Паэты Сяргей Порахаў, Кацярына Кірылава, Наталія Ладзеева, Ігар Дзеардзіеў супольна пераклалі знакамітую паэму “Сымон-музыка” на рускую мову, а выдадзена кніга за кошт Урада паўночнай сталіцы Расіі. Кіраўнік праекта Сяргей Порахаў казаў: няма сярод іх ніводнага беларуса, бралі ў падмогу электронны перакладчык. За кансультантаў былі прадстаўнікі беларускай дыяспары, шмат чаго падказаў, напрыклад, галоўны рэдактар газеты Заходняй ваеннай акругі Расіі “На страже Родины” Сяргей Мартынкевіч, ураджэнец Бабруйска. Значэнне ж некаторых старабеларускіх словаў шукалі ў бібліятэках. Паэтка і перакладчыца, журналістка з Санкт-Пецярбурга Кацярына Кірылава прызнавалася, што працаваць з тэкстам ёй было лёгка, вельмі цікава. “Люблю пейзажную лірыку, а “Сымон-музыка” напісаны так меладычна, што мне часам хацелася нават праспяваць некаторыя радкі”, — усміхалася Кацярына.
Дарэчы, пад час сёлетняй, ХХХІ навуковай канферэнцыі “Каласавіны”, вельмі станоўча быў прыняты яе ўдзельнікамі той факт, што зроблены пераклад паэмы. Наколькі якасна — хай вызначаюць знаўцы, а за вялікую працу піцерскім творцам — вялікі дзякуй! Дарэчы, піцерскай камандзе прапанавалі папрацаваць і над стварэннем рускамоўнай версіі “Новай зямлі”.
У пярэдадзень святочных дзеяў, на прэс-канферэнцыі Зінаіда Камароўская казала, наколькі плённым аказаўся юбілейны год. Слова Коласа гучала далёка за межамі Беларусі, тэматычныя выставы працавалі ў Варшаве, Рызе, Вільнюсе, Клайпедзе, Друскенінкаі, Санкт-Пецярбурзе ды Смаленску. Слава пра народнага паэта Беларусі даляцела й да Аргенціны. У бліжэйшых планах музея — адкрыццё экспазіцый у Маскве, Адэсе і Кіеве. “Я радуюся вашай радасці”, — казала вядомая, шчырая руплівіца на Коласавай ніве Зінаіда Камароўская словамі Песняра. — Парадуйцеся разам з намі: нядаўна ў Ташкенце ўстаноўлена памятная дошка на тым доме, дзе жыў пісьменнік у час вайны. Барэльеф да яе зрабіла загадчыца кафедры дызайну Ташкенцкага архітэктурна-будаўнічага інстытута Марына Барадзіна. А 9 лістапада адкрылася мемарыяльная дошка ў Вільнюсе: на будынку, дзе працавала ў свой час рэдакцыя газеты “Наша ніва”.
...Гасцінна прымала Стаўпеччына прыхільнікаў творчасці славутага земляка. Здавалася, і сама прырода святу радавалася, шчодра ўсіх адорвала восеньскай прыгажосцю, сагравала сонечнымі промнямі. Каля помніка Песняру ў Мікалаўшчыне сустракалі гасцей вяскоўцы. Разам ускладалі кветкі. Вучаніцы мясцовай школы, якая носіць імя Якуба Коласа, чыталі свае вершы-прысвячэнні любімаму паэту.
Пазней у стаўбцоўскім Доме культуры прайшоў заключны ўжо канцэрт: артысты Нацыянальнага драмтэатра імя Якуба Коласа з Віцебска зачытвалі ўрыўкі з твораў паэта, яскравую святочную праграму падарыў гледачам Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. І, канешне ж, развітальнаю песняй была кампазіцыя “Мой родны кут”, якую зала сустракала стоячы, падпявала.
Амаль завершаны юбілейны год, такі напружаны і ў той жа час багаты на розныя цікавыя падзеі, карысныя справы ды клопаты. А Коласаўскі музей ужо анансуе чарговыя юбілеі. “У 2018-м споўніцца 95 год з часу напісання “Новай зямлі”, 100 год будзе “Сымону-музыку”, — гаворыць Зінаіда Камароўская. — І мы ўжо плануем, як будзем адзначаць знакавыя для ўсёй Беларусі даты”.
Сяргей Порахаў
Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF