«Каб «Алесю» аддалi пець яму, Ярмоленка прасiў доўга»

Жыццё як песня

Кожную суботу праграма «Беларусь як песня» запрашае да тэлеэкранаў аматараў нашай эстраднай музыкі на сустрэчу з выканаўцамі 1970 — 80-х гадоў, расказвае пра невядомыя факты з жыцця любімых артыстаў, нагадвае гісторыю кампазіцый, з якімі яны выходзілі на сцэну і станавіліся знакамітымі.

Усе відэаматэрыялы, якія выка­ры­стоўваюцца, — свайго роду музейныя экспанаты, яны дзесяцігоддзямі захоўваліся ў фондзе Белтэлерадыёкампаніі. Гэта і першыя фестывалі, і канцэрты, і рэдкія студыйныя здымкі — архівы багацейшыя.

Валянцін БАДЗЬЯРАЎ

Ансамблі «Песняры», «Верасы», «Ча­раўніцы», салісты Віктар Вуячыч, Тамара Раеўская, Наталля Гайда, Святлана Кульпа, Анатоль Падгайскі… За паўгода, што існуе тэлепраект, створана ўжо 20 праграм.

Каго ўспомняць у бліжэйшы час? Валянціна Бадзьярава, колішняга мастацкага кіраўніка ансамбля «Сябры». Надзея Габец, кіраўнік творчай групы праекта «Беларусь як песня», гаворыць, што гэты выпуск праграмы стане данінай памяці артысту, якога не стала ў снежні мінулага года, а таксама адкрыццём для шырокай публікі і многіх прыхільнікаў калектыву, бо аўтарамі сабрана шмат цікавых і малавядомых фактаў з яго гісторыі.

Узначаліць эстрадны ансамбль «Сябры» гомельскай філар­мо­ніі Бадзьярава за­пра­сілі ў 1975-м. Калек­тыву пагражала рас­фарміраванне, меркавалася, што прыход вядомага музыканта і кампазітара, былога ўдзельніка «Песняроў» дапаможа яго выратаваць. Валянцін Бадзьяраў не адразу, але пагадзіўся, прыняў мастацкае кіраўніцтва ў 1976-м і працаваў з «Сябрамі» пяць гадоў.

З Бадзьяравым ансамбль стаў пераможцам Усесаюзнага конкурсу песні, лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола, атрымаў першыя замежныя гастролі, запісаў два папулярныя дыскі-гіганты і займеў усесаюзную славу.

Менавіта Валянцін Бадзьяраў зрабіў аран­жыроўку га­лоў­нага шлягера і візітнай карткі ансам­бля — песні кам­па­зітара Алега Іва­нова на вершы Ана­толя Папярэчнага «Дзяўчына з Палесся», якая стала вядомай пад назвай «Алеся». Працаваў над гэтым творам натхнёна і прысвяціў яго сваёй дачцэ Алесі. Выканаўцам будучага хіта Бадзьяраў бачыў Віталя Чырвонага, тэнара, якога ў 1976-м запрасіў у калектыў з Адэсы. Але другі саліст ансамбля, Анатоль Ярмоленка, пераканаў аддаць песню яму.

Прэм’ера з вялікім поспехам адбылася ў 1978 годзе ў Маскве на Цэнтральным тэлебачанні СССР у праграме «Шырэй круг», далей — на тэлевізійным конкурсе «З песняй па жыцці», там ансамбль атрымаў званне лаўрэата. А ў 1981-м з «Алесяй» ВІА «Сябры» выйшаў у фінал фестываля «Песня года». У гэтым жа годзе Валянцін Бадзьяраў пакінуў калектыў, месца мастацкага кіраўніка заняў Анатоль Ярмоленка.

У праграме «Беларусь як песня» славутая «Алеся» прагучыць у запісе 1985-га, ранейшага ў фондах Белтэлерадыёкампаніі не захавалася. Пачуць будзе цікава, тым больш што выкананне крыху іншае, чым тое, якое добра знаёмае слухачам.

Першая частка гісторыі «Сяброў», звязаная з імем Валянціна Бадзьярава, выйдзе на экран канала «Беларусь 3» сёння, 10 сакавіка. Эфір — у 10.30. А ў наступную суботу, 17 сакавіка, — працяг тэмы: жыццё і творчыя здабыткі знакамітага ансамбля падчас кіраўніцтва Анатоля Ярмоленкі. Дарэчы, па нядзелях выпускі паўтараюць.

Як заўсёды, дасведчана і падрабязна пра ўсё тэлегледачам раскажа пастаянны вядучы праграмы, народны артыст Беларусі, спявак Мікалай Скорыкаў, сведка многіх падзей, што ў розны час адбываліся на нашай эстрадзе.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter