Восень пакуль не залатая, яшчэ адчуваюцца водгаласы лета — сёлета яно не спяшалася развітвацца з намі. Самы час атрымоўваць вераснёўскую асалоду, лавіць “за хвост” цёплыя сонечныя дзянькі. Але ў прыроды свае законы, стрэлкі яе гадзінніка спяшаюцца “абрэзаць” светлавы дзень. Птушкі збіраюцца ў вырай. На балоце выспелі журавіны. Гэта адметнасць восені і стала ў свой час добрай падставай для нараджэння экафестывалю “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. У мінулую нядзелю ён прайшоў у сёмы раз.
Месца правядзення незвычайнага свята таксама абрана невыпадкова. Менавіта на Міёрскі раён прыпадае частка Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”, ядром якога з’яўляецца аднайменнае верхавое балота — адно з найбуйнейшых у Еўропе. Штогод падчас восеньскай міграцыі тут прыпыняюцца, каб адпачыць і падсілкавацца тымі ж журавінамі, больш за 4 тысячы шэрых журавоў, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Наведваюцца на Ельню і дзясяткі відаў іншых птушак.
Паназіраць за грацыёзнымі птушкамі — адно задавальненне! На экафэсце грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны” арганізавала спецыяльны аўтобус, які прывозіў гасцей на поле да вялікіх зграй курлыкаў. Жураўлі начуюць на балоце, але днём сілкуюцца менавіта тут. І пакуль зацікаўленыя ўглядаліся ў біноклі (блізка да птушак не падысці — яны адразу ўзмываюць у неба), арнітолагі расказвалі пра паводзіны і звычкі жураўлёў.
Лідзіруе рэгіён і па колькасці журавін, збор якіх пачынаецца ў верасні. Хоць сёлета спякота крыху і скараціла ўраджай, мясцовыя жыхары ўпэўнены: хто хоча, той ягадны скарб заўжды знойдзе. Кажуць, за сезон на журавінах можна зарабіць каля 2 тысяч рублёў.
— Аб экафестывалі “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, — з гонарам падкрэсліў старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў. — Нам ёсць чым ганарыцца. Без перабольшвання — месцы ўнікальныя. Багацце флоры і фаўны, першароднасць прыроды, магчымасць паспрабаваць журавіны, што выраслі ў дзікіх умовах, і паглядзець на мігруючых жураўлёў як магнітам прыцягваюць да нас турыстаў і навукоўцаў.
Калі вы прапусцілі экафестываль — не бяда. Жураўлі яшчэ пагасцяць у нас некалькі тыдняў, таму хуценька прыязджайце на Міёршчыну. Фотапаляванне ў гэты час асабліва ўдалае. Ды і журавін хопіць усім жадаючым.
kristinahilko@sb.by
Фоторепортаж. Экофестиваль “Жураўлі і журавіны” прошел в Миорском районе
Жураўліная песня восені
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.