Гольшаны: как в один из самых загадочных замков Беларуси возвращается настоящая жизнь

Замак адкрывае таямніцы

Летась мястэчка Гальшаны, што ў Ашмянскім раёне, адзначыла 740-годдзе. А цяпер турыстаў гатовы прыняць знакаміты Гальшанскі замак. Унікальная экспазіцыя ў Паўночнай вежы пераносіць наведвальнікаў на сотні гадоў у мінулае і дазваляе па-новаму зірнуць на гісторыю нашага краю.


Ад містыкі да рэальнасці

Экскурсавод Таццяна Завадская па-гаспадарску адчыняе цяжкія драўляныя дзверы і запрашае на падземны паверх Паўночнай вежы. Тут цёмна, халаднавата і крыху страшна, як і ў любым замкавым скляпенні. 

— Гальшаны і ваколіцы — гэта асаблівая кропка на містычнай карце Беларусі. Пра адну толькі рэзідэнцыю Сапегаў ходзіць з дзясятак легенд. Не кажучы пра таямнічую славу касцёла ў цэнтры мястэчка і старажытнага гарадзішча на беразе ракі Карабель. Самыя знакамітыя паданні, канешне, тычацца Белай Панны і Чорнага Манаха, — кажа Таццяна і загадкава пазірае на столь. 

Над галовамі наведвальнікаў літаральна ў паветры лунаюць і Панна, і Манах: «не пужайцеся, гэта частка экспазіцыі». 

Знаёмства з замкам пачынаецца з містычнага эпізоду невыпадкова. Менавіта гэты бок ягонага вобраза вядомы кожнаму з нас па рамане Ула­дзіміра Караткевіча. Падыходзіш да руін, якія маляўніча раскінуліся на зялёных абшарах, і ўяўленне само пачынае маляваць прывіды мінулага. 

Тым не менш рэальная гісторыя Гальшан настолькі багатая, што ніякія паданні па цікавасці з ёй не параўнаюцца. Першую летапісную згадку мястэчка знаходзім у «Хроніцы Быхаўца»: «…Гольша перайшоў раку Вілію і знайшоў гару прыгожую між гарамі, і стварыў горад, і назваў сваім іменем Гальшаны». Так яно было насамрэч ці не — ніхто ўжо дакладна не скажа. Але на 1,5 км да ўсходу ад вёскі археолагі сапраўды знайшлі гарадзішча і селішча прыкладна ХІІ—XIV стагоддзяў. 

Што мы ведаем пра князёў Гальшанскіх?

— Гэта быў уплывовы род, прадстаўнікі якога ў розны час займалі высокія дзяржаўныя і царкоўныя пасады. Напрыклад, Іван Альгімонтавіч Гальшанскі, які быў прыхільнікам князя Вітаўта і аддаў за яго замуж сваю дачку Ульяну. А Соф’я Гальшанская была жонкай Ягайлы, каралевай польскай, — расказвае Таццяна Завадская. — Гальшанскія князі былі людзьмі гарачымі, рызыкоўнымі, з характарам. Уласную зямлю яны мянялі, прадавалі, дарылі і прайгравалі ў азартныя гульні. Таму ў пэўны час іх уладанні пашырыліся далёка на поўдзень і ўсход ад радавога гнязда: маёнткі продкаў Гольшы знаходзіліся нават на Валыні.

Пад жаночым заступніцтвам 

Цікава, што ключавую ролю ў лёсе мястэчка не раз адыгрывалі жанчыны. Тая ж Соф’я Гальшанская не проста сама стала польскай каралевай, але і праклала каралеўскі шлях для сваіх сыноў Уладзіслава III і Казіміра IV. Была дзейнай: да двара прыцягнула прадстаўнікоў шляхты з роднага краю. Нават той факт, што ў гісторыю яна ўвайшла не проста жонкай Ягайлы, а менавіта пад гучным іменем князёўны з роду Гальшанскіх, гаворыць пра многае. 

У ХVІ стагоддзі мястэчка перайшло ў якасці пасагу Алене Гальшанскай, якая выйшла замуж за Паўла Сапегу. Ён заснаваў замест старой драўлянай рэзідэнцыі мураваную. Вялікую, раскошную, не падобную ні на адну іншую. Уявіць яе былую веліч можна ў нядаўна адкрытай музейнай экспазіцыі. 

— Як выглядаў замак першапачаткова, дакладна невядома. Мы можам толькі меркаваць. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ён увогуле не быў дабудаваны. За некалькі стагоддзяў змянілася шмат уладальнікаў, быў нават час, калі ў ім жылі адначасова некалькі сямей. Да таго ж не абмінулі Гальшаны і войны. Моцныя разбурэнні прынесла Паўночная: замак, неглядзячы на знешнюю веліч, не меў абарончай функцыі, — падкрэслівае Таццяна Завадская. 

Усе тры паверхі вежы ўяўляюць сабой не традыцыйныя экспазіцыйныя залы, а гістарычна-мастацкую спробу дакрануцца да рэальнай гісторыі.

— Столь, падлога, сцены і камін выкананыя ў тэхніцы зандажу, якая не заганяе наведвальніка ў рамкі фантазій рэстаўратара-сучасніка. Такі падыход раскрывае ўсе магчымыя варыянты афармлення замка ўнутры, — тлумачыць метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. — Арыгінальныя археалагічныя знаходкі ўдала пераплятаюцца з адноўленымі элементамі інтэр’ера, а партрэты ўладальнікаў мястэчка і выявы самога замка ў перспектыве стагоддзяў дапаўняюць аповеды экскурсаводаў. Наведвальнікі ходзяць па сучасных металічных лесвіцах, якія знаходзяцца на тым жа месцы, дзе калісьці былі драўляныя. Яны могуць зверху разглядзець не толькі рэшткі велічнага палаца, але і краявіды сучнасных Гальшан.


Інвестыцыі ў мінулае 

Безумоўна, Гальшанскі замак — гэта добры кейс развіцця турызму ў рэгіёнах. Знакавы гістарычны аб’ект дзесяцігоддзямі чакаў фінансавання, як і многія іншыя славутасці па ўсёй краіне. 

Работы фінансаваліся з трох крыніц — Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, Дзяржпраграма «Культура Беларусі» і сродкі з мясцовага бюджэту. 

— Фактычна Гальшанскі замак — турыстычная дамінанта, да якой сцякаюцца госці раёна. Але Ашмянская зямля багатая і на іншыя славутасці — архітэктурныя, мемарыяльныя, культурныя. У які бок ад замка ні ад’едзь — убачыш нешта новае, нязведанае, містычнае. Для гэтага і з’явіўся візіт-цэнтр, які дае кірункі турыстам, — расказвае Сяргей Жылік. 

Дарэчы, спыняцца на дасягнутым у Гальшанах не збіраюцца. Ужо ідзе падрыхтоўчы этап па працягу рэстаўрацыі і кансервацыі замка. 

— Мэта — максімальна захаваць тое, што ёсць, — дзеліцца канцэпцыяй Сяргей Жылік і падводзіць да паўночна-ўсходняга корпуса замка. — Толькі зірніце на сцяну: як добра чытаецца архітэктура розных эпох! Кладка, вокны, пераходы паміж пакоямі. Мы не проста ведаем, што замак перабудоўвалі не адзін раз, мы бачым гэта і хочам паказаць усім. Таму, калі паўстаў выбар паміж «зрабіць прыгожую карцінку» ці «захаваць аўтэнтычны выгляд», без разваг абралі другі варыянт.

САЛОДКІ СУВЕНІР 

Да фестываляў і святочных вечароў у Гальшанскім замку кандытары Ашмянскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства традыцыйна выпякаюць фірменныя ласункі — пернікі. Сапегі любілі здзіўляць гасцей, у тым ліку гастранамічнымі сюрпрызамі. Гэта ў наш час пернік — дэсерт, даступны кожнаму, а ў XVII стагоддзі дазволіць сабе духмяную глазураваную выпечку маглі толькі сапраўды багатыя людзі. 

Cёння набыць салодкі сувенір ручной работы па старадаўнім рэцэпце могуць усе. Гальшанскі пернік ні з якім іншым не пераблытаеш: на пярэднім баку выява галоўнай славутасці мястэчка — замка. 

ДАРЭЧЫ 

— Перш чым шукаць грошы на захаванне замка, мы паказалі, што ён сапраўды патрэбны Гальшанам, раёну, краіне. Паспяховыя фестывалі культуры Сярэдневякоўя, якія пачалі тут праводзіць у 2009 го­дзе, даказалі рэальную зацікаўленасць людзей, — успамінае Сяргей Жылік. — З 2011-га мы вялі падрыхтоўчыя работы ў архівах, распрацоўвалі канцэпцыю, займаліся археалагічнымі даследаваннямі, праектаваннем. Да працэсу падключыліся сотні людзей, дзясяткі арганізацый. Толькі ў 2015-м стартавала кансервацыя, рэстаўрацыя і будоўля. Што важна, атрымалася не толькі захаваць гісторыка-культурную каштоўнасць, але і з яе дапамогай адкрыць перспектывы для будучыні. З’явілася праца на самім аб’екце для музейшчыкаў, пайшлі новыя патокі кліентаў да мясцовага бізнесу — кафэ, гасцініцы, крамы. 

kurak@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter