Обязательная проверка качества и надежности системы климат-контроля: посмотрели, как идет закладка фруктов и овощей в стабфонд

«Залаты» запас краіны

Бульба ды іншая гародніна, вырашчаныя на асабістых сотках, могуць урадзіць, а могуць і падвесці. Аднак смачнага баршчу, дранікаў і пірагоў з яблыкамі нам хочацца круглы год. Для гарантаванага забеспячэння насельніцтва гародніннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд прадугледжаны стабілізацыйны фонд. Што б ні здарылася, але зімой і вясной мы абавязкова знойдзем у магазінах бульбу і цыбулю, моркву і буракі з палёў. Са стабфонду ж гародніна паступіць на кухні дзіцячых садкой, школ, бальніц і іншых сацыяльных устаноў. На прыкладзе Капыльскага раённага спажывецкага таварыства «Р» паглядзела, як праходзіць закладка прадуктаў у стабілізацыйны фонд.

Ад перападаў тэмпературы гародніну абараняюць магутныя дзверы — амаль як у сейфе.

Адборная прадукцыя

Магчыма, нехта ўяўляе сабе стабілізацыйны фонд у выглядзе велізарнага склада, дзе захоўваецца гародніна на зіму для ўсёй краіны. На самай справе гэта, зразумела, не так. Уласныя сховішчы для гародніны маюцца амаль у кожным раёне, што дазваляе пазбегнуць лішніх транспартных затрат, а таксама больш дасканала скласці план нарыхтовак на зіму зыходзячы з патрэб рэгіёна і попыту насельніцтва. Сёння для стварэння запасаў бульбы і іншай гародніннай прадукцыі арганізацыі спажывецкай каапера­цыі маюць 98 сховішчаў (318 камер) ёмістасцю адначасовага захоўвання 22 тысячы тон. Адно з іх знаходзіцца паблізу Капыля.

— Гэтай восенню мы павінны нарыхтаваць для стабілізацыйнага фонду 20 тон цыбулі, 60 — бульбы, 30 — капусты, па 8 тон морквы і сталовых буракоў, а таксама 6 — яблыкаў, — расказвае Анастасія Быль, начальнік аддзела нарыхтовак Капыльскага райспажыўтаварыства. — Але звычайна закладваем крыху больш прадукцыі, таму што перавагі спажыў­цоў могуць змяняцца і трэба, каб меўся запас. Напрыклад, у мінулым годзе мы нарыхтавалі не 20, а 30 тон цыбулі, і ведаеце, уся яна спатрэбілася. Зімой і вясной мы забяспечваем гароднінай не толькі сваю гандлёвую сетку, у якой, дарэчы, 87 магазінаў, але і бальніцы, дзіцячыя садкі, школы. 

Анастасія БЫЛЬ: «План па моркве, бураках і цыбулі мы ўжо выканалі».

Маштабы сховішча дазваляюць рабіць значныя запасы. У ім некалькі вялізных камер, у кожнай з якіх з дапамогай сістэмы клімат-кантролю аўтаматычна падтрымліваюцца належная тэмпература паветра, як правіла +2… +6 градусаў, і вільготнасць 80—90 працэнтаў. Акрамя аўтаматыкі, сочаць за мікракліматам і людзі: кожную раніцу кладаўшчык праходзіць па камерах з гігрометрам, каб упэўніцца, што лішняй вільгаці або празмернай сухасці ў памяшканнях няма, а побач за кожнымі дзвярыма вісіць датчык тэмпературы паветра. Ад магчымага асенняга цяпла і зімовага марозу гародніну ў камерах абараняюць тоўстыя цагляныя сцены і магутныя цяжкія дзверы вагой не менш за 200 кілаграмаў, што ад’язджаюць па рэйках. Пры кожным памяшканні ёсць пашпарт захоўвання, дзе ўказваецца від прадукцыі, гатунак, неабходны тэмпературны рэжым. У такіх умовах гародніна, нават капрызная капуста, можа выдатна захоўвацца аж да наступнага лета. Але для гэтага яна першапачаткова павінна быць якаснай. 

Апетытнай морквы павінна хапіць да наступнага ўраджаю.

— Уся прадукцыя, якая закладаецца на доўгае захоўванне, абавязкова праходзіць праверку якасці, — запэўнівае Анастасія Быль. — Звычайна гародніну прывозяць ужо расфасаванай у сеткі. Па-першае, цераз яе відаць, што ўнутры. Па-другое, выбіраем некалькі сетак з партыі, рассыпаем іх і правяраем, каб не было клубняў з гніллю, пашкоджаннямі, прыкметамі хваробы і шкоднікамі. Акрамя таго, праводзіцца праверка на прысутнасць нітратаў і радыёнуклідаў, цяжкіх металаў. 

Бульбы для беларусаў шмат не бывае. 

Планы выконваюцца

Раённае спажывецкае таварыства працуе з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, фермерамі, а таксама з насельніцтвам, якое здае лішкі свайго ўраджаю, — менавіта ад такіх гаспадароў і паступае ў сховішча большая частка гародніны. Прывозіць на склад яе можна самастойна, папярэдне даведаўшыся аб часе, калі вас будуць чакаць, і кошце. Дарэчы, сёлета за цыбулю давалі 60 капеек за кілаграм, за сталовыя буракі і моркву — 37 капеек. Бульбу ў залежнасці ад гатунку ацэньвалі ў 45—60 капеек, капуста будзе каштаваць прыкладна 50—60 капеек за кілаграм. Журавіны ў пералік прадукцыі, якая абавязкова павінна закладвацца ў стабфонд, не ўваходзяць, але ў Капылі іх нарыхтоўваюць: надзвычай карысныя ягады спатрэбяцца і на сезонных кірмашах, і на кухнях сацыяльных устаноў. 

Яблыкаў для Капыльскага раёна патрэбна 6 тон. 

— План па моркве, бураках і цыбулі мы ўжо выканалі, — падлічвае начальнік аддзела нарыхтовак. — Бульбы заклалі 80 тон, і спадзяюся, працягнем папаўняць яе запасы. Што тычыцца капусты і яблыкаў, масавая іх закладка ў стабфонд пачнецца недзе праз тыдзень-паўтара, калі прыступяць да ўборкі позніх гатункаў. 

Капусты ў сховішчы пакуль нямнога, яе пара наступіць праз тыдзень-другі.

Усяго ў краіне збіраюцца закласці прадукцыі на міжсезонны перыяд 2021/22 на ўзроўні мінулага года: 4100 тон бульбы, 2200 — капусты, 1600 — цыбулі, 1400 — яблыкаў, а таксама 800 тон буракоў і 900 — морквы.

nevmer@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter