Письмо писателю и выставки редких экспонатов – чем в юбилей удивит литературно-мемориальный музей Коласа

Заходзьце ў госцi

Дзiцячая прастора, лiст да пiсьменнiка, выставы рэдкiх рэчаў — чым у юбiлей здзiўляе лiтаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Дзяржаўнаму лiтаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа — 65. Тут жыў i працаваў знакамiты пiсьменнiк, грамадскi дзеяч. Тут клапатлiва захоўваюцца яго рабочы кабiнет, спальня, гасцёўня, сталовая, асабiстыя рэчы, бiблiятэка. У кожным куточку дух жыццялюбства i творчасцi, парадку i адмысловага густу. Даведалiся — што новага i цiкавага чакае наведвальнiкаў.


— Распачалi юбiлейны год конкурсам на стварэнне фiрменнага стылю ўстановы, — дзелiцца падрабязнасцямi дырэктар музея Ірына Мацяс— Гэты лагатып плануем выкарыстоўваць на афiшах, сайце, сувенiрах. Прыемна, што сярод удзельнiкаў шмат студэнтаў Мiнскага мастацкага каледжа iмя Глебава.
Яшчэ адна навiнка — сёлетнiм юбiлярам, каму спаўняецца 65, уваход у музей з прад’яўленнем пашпарта бясплатны.
Каманда ўстановы знайшла юбiляра, якому таксама нядаўна споўнiлася 65. Гэта заслужаны артыст нашай краiны Аляксандр Саладуха. Ён паўдзельнiчае ў музейным праекце «Простыя словы» i раскажа гасцям пра свой жыццёвы шлях.

Запланаваны шэраг выстаў. Прыйшла iдэя экспанаваць рэдкiя прадметы, што ёсць у фондах, але iх не заўсёды паказваюць у мемарыяльнай зале.

— Напрыклад, рукапiсы, якiя пры пастаянным захоўваннi ў адкрытай прасторы могуць пашкодзiцца, — удакладняе Ірына Мацяс. — Зараз знаёмiм наведвальнiкаў з першым прадметам у кнiзе паступленняў. Гэта iлюстрацыя да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — «Смерць Мiхала», 1959 года. Аўтар — Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовiч.

На экспазiцыях таксама прапануюць да ўвагi рэчы, у iнвентарным нумары якiх ёсць лiчба 65, 6 або 5. Да таго ж у музеi праходзiць акцыя «Лiст да Коласа», каб удзельнiкi ўзгадалi, як пiсаць ад рукi, а моладзь зразумела, што значыць перапiсвацца. Рэальнае лiставанне застаецца на доўгае жыццё.

— Плануем надрукаваць буклет-каталог, якi пазнаёмiць з гiсторыяй музея, раскажа пра кожнага дырэктара i многiх асоб, хто прыклаў руку да папулярызацыi ўстановы, — падкрэслiвае Ірына Мацяс.

— Да таго ж задумалi змайстраваць побач з музеем дзiцячую прастору, каб праводзiць там майстар-класы, цiкавыя праекты, выступаць з лялечным тэатрам. Колькасць наведвальнiкаў пашыраецца, таму разрастаемся плошчай.
Да 140‑годдзя з дня нараджэння класiка выдзелены значныя сродкi для добраўпарадкавання фiлiяла «Мiкалаеўшчына», якi складаецца з чатырох сядзiб — «Акiнчыцы», «Альбуць», «Смольня» i «Ласток». Сёлета таксама задумана абнаўленне. Напрыклад, у Акiнчыцах адрамантуюць сувенiрную краму, а ў Смольнi — гумно. І духоўнымi, i матэрыяльнымi справамi ўвекавечваецца памяць пра славутага земляка.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

У музеi засведчана, як Якуб Колас рэдагаваў свае творы. Бачым, як у 1956 годзе ён у сваiм дэпутацкiм блакноце зрабiў занатоўкi да «Новай зямлi». Тут жа — рукапiсы «Рыбаковай хаты». А паэма «Сымон-музыка» перажыла тры рэдакцыi. Першая, напрыклад, была забаронена, бо там часта ўпамiналася слова «Бог», да таго ж яна заканчвалася смерцю галоўнай гераiнi.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter