Раніцу чацвярга самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы запрашае правесці ў кампаніі мелодый, якія даўно сталі музычным брэндам нашай краіны, і ўспомніць чалавека, без якога ўявіць беларускую песенную культуру проста немагчыма. Дакументальны фільм рэжысёра Уладзіміра Арлова — пра кампазітара, народнага артыста СССР Ігара Лучанка.
Хіт за хітом
Ёсць людзі, чые імёны вызначаюць твар нацыянальнай культуры. Ігар Лучанок — адзін з іх. Артыст-легенда, наш гонар і прафесіянал, якіх пашукаць. Але чым жыў мэтр, акрамя музыкі? Як нараджаліся новыя мелодыі? І ў чым сакрэт іх папулярнасці? Адказы на многія пытанні дасць сам Ігар Міхайлавіч — фільм быў зняты спецыяльна да 80-годдзя артыста, якое ён яшчэ паспеў адсвяткаваць.
Аўтарам-сцэнарыстам і рэжысёрам карціны «Ігар Лучанок. Аб песнях, радзіме, сябрах» стаў вядомы пісьменнік, публіцыст Уладзімір Арлоў. Прадзюсарам выступіў Уладзімір Бакун:
— Праца над фільмам пачалася ў 2017 годзе. Планавалася, што ён стане падарункам юбіляру — і мы рады, што Ігар Міхайлавіч паспеў ацаніць нашу працу. У яе аснове — інтэрв’ю з кампазітарам і яго жонкай Аляксандрай Рыгораўнай. Яны раскажуць, як пазнаёміліся, якія падзеі адбываліся ў іх сям’і ў перыяд напісання самых вядомых мелодый Лучанка. І, вядома, мы не маглі не ўспомніць аб творчым Саюзе кампазітара з ансамблем «Песняры» і Уладзімірам Мулявіным.
Прыемным сюрпрызам для гледачоў стане кінахроніка 1982 года. Гэта запіс сустрэчы Ігара Лучанка з бацькамі, якую тэлевізіёншчыкам удалося адшукаць у Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. Уладзімір Бакун працягвае:
— Што цікава, аб гэтай здымцы забыўся нават сам Ігар Міхайлавіч, раней яна нідзе і ніколі не выкарыстоўвалася. Гэты матэрыял мы эпізодамі паказваем на працягу ўсіх сарака хвілін, што доўжыцца фільм.
Стужка складаецца з некалькіх навел, кожная з якіх прысвечана асобнай песні. А іх за доўгае і плённае жыццё ў музыцы Ігарам Лучанком напісана было нямала. «Спадчына», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Ліст з 45-га», «Зачарованая», «Майскі вальс», «Полька беларуская», «Вераніка», «Алеся» — і гэта толькі малая частка вялізнай музычнай спадчыны Лучанка.
Класіка на ўсе часы
Дарэчы, з кампазітарам і яго «Алесяй» («Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая...») на вершы Аркадзя Куляшова звязана адна цікавая гісторыя. У 1972 годзе песня ўпершыню прагучала ў выкананні «Песняроў». А крыху пазней яна з’явілася і ў рэпертуары іншага знакамітага калектыву — ансамбля «Сябры». Яго мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка ўспамінае:
— Да песні Алега Іванова «Дзяўчына з Палесся», якая пазней стала вядомая як «Алеся» («Живет в белорусском Полесье кудесница леса Алеся…»), Ігар ніколі мяне не раўнаваў. І я ганаруся тым, што ў рэпертуары «Сяброў» ёсць цэлых дзве «Алесі»: аўтарства Іванова і Лучанка. Ігар нават, бывала, садзіўся за раяль і пачынаў наігрываць спачатку сваю «Алесю» , а ў прыпеве пераходзіў на версію Іванова.
З кампазітарам Анатоль Ярамоленка ўпершыню пазнаёміўся ў пачатку 1970-х:
— Ён, ужо вядомы да таго часу кампазітар, прыехаў на праслухоўванне ў Гомельскую абласную філармонію, дзе я працаваў у калектыве «Сувенір». Тут трэба патлумачыць, што ўсе музыкі ў тыя гады праходзілі праслухоўванне на права працаваць на эстрадзе. Гэта сёння сцэна адкрытая для ўсіх, а тады творчы патэнцыял калектываў і сольных артыстаў ацэньвала спецыяльная камісія. Дык вось Лучанок быў у складзе той камісіі. А я малады, дваццацігадовы... разгубіўся, праспяваў не вельмі. Але Лучанок мяне абнадзеіў: «Ну што, — кажа, — добра. Саладзенька так, пранікнёна». З гэтых слоў і пачалося наша знаёмства, якое перарасло з часам у творчае супрацоўніцтва і сяброўства.
Вялікую ролю Ігар Лучанок адыграў і ў творчым лёсе заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Правалінскага:
— У пачатку 1980-х нас пазнаёміў Леў Лешчанка. Ён неяк пачуў у Сочы, як я спяваю, і сказаў: «Табе трэба сур’ёзна займацца». А калі прыехаў у Мінск з канцэртам, звёў з Ігарам Лучанком. «Звярні, — кажа, — на Валодзю ўвагу. Добры спявак можа атрымацца». Той, паслухаўшы мяне, адправіў у кансерваторыю да дацэнта Ксеніі Драздовай. Яна пагадзілася займацца са мной прафесійна. Хоць дылетантам я не быў, да таго часу ўжо спяваў у ансамблі «Юнацтва» пры кансерваторыі.
ФАКТ
Ужо шмат гадоў мелодыю «Песні пра Мінск» Ігара Лучанка адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы.
leonovich@sb.by
На «Беларусь 3» покажут документальный фильм Владимира Орлова, посвященный Игорю Лученку
З першай ноты
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.