Лёс завуць Аксанай. Яна з Віцебска. Магчыма, француз і беларуска ніколі і не сустрэліся б і не даведаліся б пра існаванне адзін аднаго, калі б не выпадак. Сяброўка віцяблянкі выйшла замуж за сябра Барыса. Дзякуючы гэтай сям’і і адбылося знаёмства.
Тры гады таму ў дзень нараджэння Барыса, 15 жніўня, згулялі вяселле. Цырымонію шлюбу ў нашых нацыянальных традыцыях правялі ў беларускай вёсцы. Вось толькі кухня на свяце была з французскай вытанчанасцю. Жаніх — прафесійны повар. Па ўзаемнай згодзе краінай пражывання пара выбрала Беларусь.
Знайсці сельскі дом у Стражэвічах, дакладней, два, размешчаныя адзін насупраць другога, якія з’яўляюцца ўласнасцю сям’і Буаняр, няцяжка. У якасці арыенціра — слуп з гняздом бусла, бачны здалёк. Гасцінныя гаспадары запрашаюць у дом, дзе ўжо гатовыя гарачы чай і кава.
Наша гутарка пачынаецца за круглым сталом. На пытанне, што прымусіла ўраджэнца Францыі, які мае прыбытковы бізнес на радзіме, пакінуць яе і акунуцца ў рэаліі сучаснай Беларусі, Барыс Поль Жорж Буаняр паказвае на Аксану: “Вядома, яна!”
Па адукацыі Аксана энергетык. Але працу па спецыяльнасці на Чашніччыне знайсці пакуль не ўдалося. Пяць дзён праводзіць у Віцебску. У Стражэвічы прыязджае ў пятніцу вечарам і ад’язджае ў панядзелак раніцай. Зразумела, тут праводзіць адпачынак і бярэ на сябе шматлікія клопаты па гаспадарцы. А яна ў іх немаленькая. Трымаюць 30 качак (летам было 60), ёсць дзве казы, сабакі. У месье цікавасць да такога роду дзейнасці ў генах. Бацька валодаў мясной крамай. Барыс меў у Францыі два рэстараны. Сам працаваў поварам і самелье, разводзіў трусоў. Менавіта блізкасць да прыроды, экалагічна чыстая прадукцыя, на думку замежніка, — адна з галоўных пераваг жыцця ў Беларусі. У сямейным складзе гатовай прадукцыі — качыныя каўбаскі, свіныя кумпякі, паштэты і тушонка, салаты і ўзвары, скрыні з сушанымі смаржкамі і страчкамі.
Вясной француз адпраўляецца ў падарожжа па найбліжэйшых лясах, шукаючы першыя грыбы: “Бо гэта ж такое багацце”.
Пакаштаваць і ацаніць французскую кухню дзякуючы намаганням Барыса мелі магчымасць усе суседзі. Дзень 15 жніўня ў Стражэвічах ужо два гады называюць святам вёскі. Падвоеная ўрачыстасць у сям’і Буаняр прадугледжвае застолле для ўсёй вёскі. Даведаўшыся, што французскі кухар любіць гатаваць слімакоў, мясцовыя жыхары сабралі для яго цэлы мех гэтых далікатэсаў. Праўда, пакаштаваць і ацаніць іх адважыліся не ўсе вяскоўцы. Старэйшае пакаленне ўгаворам на гэтую тэму паддаецца цяжка.
Вось і суседка Любоў Апанасаўна Кукса, якую ў доме Буаняр завуць проста “баба Люба”, зазірнуўшы на агеньчык, заяўляе з парога: “Толькі слімакамі мяне не частуй!” А наогул сялянка ў французе душы не чуе: “Гэтага чалавека мне Бог паслаў. І накорміць, і вады наносіць, і дровы пасячэ, і двор прыбраць дапаможа, і ўсё паправіць. Ні адзін мужык у нас так не працуе. З раніцы і да позняга вечара на нагах”.
Рукі ў Барыса залатыя, нават скуры тхароў, якія час ад часу прыносяць мясцовыя жыхары, умее апрацоўваць. А як змяніўся яго стараннямі стары вясковы дом! Але навамоднымі тэндэнцыямі ў ходзе рамонту не захапляецца. Не імкнецца ўсё, як у нас прынята, апрануць у пластык. Перакананы, што “дом павінен дыхаць”. Таму і не стаў зашываць старадаўнія бэлькі: “Дрэва тут выдатнай якасці”. Кажа, што раней будавалі вельмі добра, і хоча па магчымасці захаваць памяць пра тую школу.
На прысядзібным участку — новая цяпліца і разная альтанка, лавачкі і столік, алея з лістоўніц, якія толькі прыжыліся.
Палюбілася французу мясцовае азярцо, купіў лодку і летам з задавальненнем здзяйсняе круізы. Для падарожжаў па сушы ў яго ёсць аўтамабіль “УАЗ Патрыёт”, які замяніў “Таёту”. Не патрэбна, на думку Барыса, “японка” ў Беларусі. Значна больш практычны пазадарожнік.
Пра дасягненні стражэвічскага француза ў спорце і фатаграфіі ведаюць не толькі ў раёне. Нядаўна Барыс Буаняр заняў першае месца ў рэспубліканскіх велагонках на 80 кіламетраў. Вызначыўся і ў фотаконкурсе “Беларусь вачыма замежнікаў”, тут у яго трэцяе месца. З фотаапаратам, дарэчы, не расстаецца. Яго здымкі даходзяць і да Францыі. Яны паказваюць замежнікам, якая цудоўная краіна Беларусь. Адзін з яркіх прыкладаў, наколькі Барысу гэта ўдаецца: яго сябар з жонкай таксама нагледзелі сельскі дом у Сенненскім раёне і збіраюцца ў хуткім часе ўсталявацца на Віцебшчыне. Адкрыццём для мяне стала і тое, што ў Стражэвічах праводзіць лета сям’я са Швейцарыі. Можа быць, усе гэтыя факты — нагода задумацца: ці ведаем мы сваю краіну і ці ўмеем як след ацаніць тое, што вакол нас?
Ірына Торбіна