У гонар такой значнай даты майстрыхі народнага клуба аматараў абрэзкавага шыцця «Рошва» Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Святлана Сверж і Ніна Ярмух вырашылі пашыць сваю Чырвоную кнігу. Аднак перед тым як пачаць практычную частку, трэба было грунтоўна падрыхтавацца тэарэтычна.
— Супрацоўнікі Полацкага прыродна-экалагічнага музея правялі серыю майстар-класаў, на якіх аўтары клуба слухалі лекцыі аб роднай прыродзе, глядзелі каляровыя прэзентацыі, гарталі старонкі друкаванай Чырвонай кнігі Беларусі, — распавядае Ніна Ярмух.
Майстрыхі са студзеня карпатліва ствараюць кнігу. Перад імі стаіць няпростая задача: трэба адлюстраваць усю прыгажосць раслін і зрабіць іх максімальна падобнымі да сапраўдных. Венерын чаравічак, гарлачык белы, касач сібірскі, прастрэл лугавы — гэтыя і многія іншыя кветкі «растуць» у кнізе беларускіх майстрых. Жаданне далучыцца да праекта таксама выказалі аўтары з Пастаў, Магілёва, Мінска і Наваполацка. Работа над ім амаль завершана. Хутка старонкі з рэдкімі раслінамі збяруцца пад тэкстыльнай вокладкай, і 15 кастрычніка адбудзецца ўрачыстая перадача незвычайнай версіі Чырвонай кнігі ў калекцыю Полацкага прыродна-экалагічнага музея.
infong@sb.by
Фотаздымкі прадстаўлены Полацкім раённым Цэнтрам рамёстваў і нацыянальных культур