Юбілейная вечарына Навума Гальпяровіча «Сэлфі з часам» адбудзецца сёння, 9 лютага, ў Доме літаратара ў Мінску.
Фото из архива «СБ»
Творчая вечарына «Сэлфі з часам» паэта, журналіста, публіцыста, тэле- і радыёвядучага, намесніка дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё Навума Гальпяровіча, прысвечана 75-годдзю творцы.
– Літаратурны талент і прафесійны вопыт Навума Якаўлевіча высока цэняць не толькі ў калектыве «Культуры», але і нашы слухачы, – зазначыў дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок. – Таму для прыхільнікаў культурнай хвалі мы падрыхтуем радыёверсію вечарыны, якая прагучыць у межах перадачы «Канцэртная зала».
Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, у творчым вечары возьмуць удзел землякі з Полацка і Наваполацка, артысты, спевакі, удзельнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У прыватнасці, вершы паэта будуць чытаць артысты Беларускага радыё Алег Вінярскі і Маргарыта Захарыя, песні на словы Навума Гальпяровіча выканаюць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Алег Сямёнаў, акцёр тэатра і кіно Сяргей Кравец.
Свае віншаванні юбіляру таксама падрыхтавалі вядомая фалькларыстка з Гомеля Ірына Глушэц, майстар батлейкі з Наваполацка Андрэй Рэцікаў, супрацоўнікі Полацкага музея беларускага кнігадрукавання. У наведвальнікаў будзе магчымасць набыць новыя кнігі юбіляра з яго аўтографам.
Арганізатары вечарыны – Белтэлерадыёкампанія, Саюз пісьменнікаў Беларусі і народны літаратурны тэатр «Жывое слова».
Навум Гальпяровіч працуе ў Белтэлерадыёкампаніі з 1981 года. Быў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё ў Віцебскай вобласці, галоўным дырэктарам міжнароднага радыё «Беларусь». Аўтар і вядучы шматлікіх радыёперадач, праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3».
Сустрэча адбудзецца ў вялікай зале сталічнага Дома літаратара (вул. Фрунзе, 5) у 17:00.
Юбилейный вечер Наума Гальперовича «Сэлфі з часам» пройдет 9 февраля в столичном Доме литератора
Фото:
Алексей МАТЮШ