Мікіта Грыгор'еў, камандзір аддзялення ПАСП № 11 Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях, памятае здарэнне вельмі выразна:
— Гэта быў мой выхадны, я адпачываў на гарадскім пляжы. Людзей было шмат: хтосьці плаваў, некалькі кампаній сядзелі на беразе. Раптам я пачуў крыкі — дзве дзяўчынкі махалі рукамі і па чарзе знікалі пад вадой. Я адразу ж кінуўся да іх: хутка падплыў, схапіў абедзвюх і пацягнуў на бераг. Школьніцу трымаў пад рукі, а яе сястра ўмела плаваць, таму толькі трымалася за маё плячо.
Выратаваныя — стрыечныя сёстры: 12-гадовая Паліна, вучаніца 6-га класа Бігосаўскай сярэдняй школы Верхня-дзвінскага раёна, і 17-гадовая Маргарыта, студэнтка 1-га курса Полацкага педагагічнага коледжа. Алена Дзмітрыеўна, мама Маргарыты, да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе:
— Я была ў гэты час на працы, дзяўчынкі скарысталіся сітуацыяй і пайшлі на рэчку: мы жывём побач. Як яны мне пасля распавялі, Паліну знесла цячэннем, а Марго паплыла яе ратаваць, але сіл не хапіла. Дадому яны вярнуліся напалоханыя, бледныя. Даведаўшыся пра ўсё, я моцна лаялася, ледзь інфаркт не здарыўся. Мы вельмі ўдзячныя гэтаму хлопцу за такі ўчынак. Няхай Бог дасць яму здароўя!
Зараз дзяўчынкі адпачываюць на дачы, з імі ўсё добра. Сёстры ўпэўненыя, што гэты ўрок яны запомняць назаўсёды:
— Паліна не ўмее плаваць, — успамінае той дзень Маргарыта, — таму яна сядзела каля берага. А я купалася далёка. У нейкі момант ёй стала сумна, і яна паплыла за мной. Я адразу папярэджвала: «Поля, не плыві сюды, тут глыбока». Але яна не паслухала і стала тануць. Спачатку я спрабавала яе выцягнуць, але калі зразумела, што сіл ужо няма, стала клікаць на дапамогу.
А вось мама Мікіты, Марына Міхайлаўна, не сумнявалася, што сын паступіць менавіта так: «Ён быў адважным з дзяцінства, заўсёды абараняў слабых. Мікіта выратаваў дзяўчынак па закліку сэрца, а не для славы. Безумоўна, я ім ганаруся!»
Мікіта Грыгор'еў: «Я адразу ж кінуўся да іх: хутка падплыў, схапіў абедзвюх і пацягнуў на бераг».
У выхадныя захаваецца спякотнае надвор'е, і, зразумела, многія накіруюцца да вадаёмаў. Адпачынак на вадзе — гэта цудоўна, але, на жаль, не ўсе памятаюць аб небяспецы, якая падсцерагае купальшчыкаў. Адсюль і сумная статыстыка: сёлета з пачатку адкрыцця купальнага сезона ўжо патанула 179 чалавек, з іх 17 непаўналетніх. Па словах спецыялістаў Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах», назіраецца рост няшчасных выпадкаў у параўнанні з мінулым годам. Таму будзьце асцярожныя, беражыце сябе і ні ў якім разе не пакідайце дзяцей без нагляду.
Хрысціна ГЛУШКО.
glushko@sb.by
Фото МЧС