Гэты подых становіцца нашым духоўным сэрцам, у якім прымаюцца рашэнні, робіцца выбар. Аднак часам мы выбіраем зло і тады губляем Бога, Яго шляхі перастаюць быць нашымі, Яго думкі — нашымі думкамі. Ён ужо не блізкі да нас. Так адбываецца ў момант няправільнага выбару, які мы называем грахом. Першымі гэты выбар зрабілі Адам і Ева. Чалавек тады захацеў «стаць, як Бог». Не магутнасцю з Богам памерыцца. Не даведацца, што такое дабро і зло. Людзі самі захацелі вырашаць, што ёсць дабро, а што — зло. У гэты момант воля чалавека і Бога стала разыходзіцца.
Аднак Бог не забраў у нас свой подых, не пазбавіў нас духоўнага сэрца. Пазнаць Яго волю чалавек можа заўсёды, калі перастае жыць у сваім замкнёным свеце, жыць воляй і сваімі шляхамі. Воля Бога адносна чалавека ў тым, каб мы падпарадкоўваліся Яго дарам, а не сваім жаданням.
Чалавек задаецца пытаннямі: «Навошта мне гэта?», «Што я буду з гэтага мець?». Такім чынам праяўляецца нейкае падсумоўванне, падвядзенне рахункаў, якое абапіраецца на чалавечыя крытэрыі. Гэта пытанне пра справядлівую адплату.
Многім людзям прасцей згадзіцца на суровага Бога, чым на Яго бескарыслівую і нічым не абмежаваную дабрыню. Такой самай была пазіцыя старэйшага брата з прыпавесці пра марнатраўнага (блуднага) сына. Такі чалавек дае штосьці, каб атрымаць нешта ўзамен. Богу ён дае сваю пабожнасць і паслухмянасць запаведзям, але часта Бога пры гэтым не любіць.
Бог не прымушае нас быць добрымі. Ён цярпліва чакае нашага адказу на Яго любоў. Вера — гэта адказ на запрашэнне Бога прыняць Хрыста як свайго Сябра і Збаўцу, чытаць Яго слова ў Святым Пісанні і разважаць над ім у малітве.
Ксёндз Кірыл Бардонаў.