Для слесара Аляксандра Самадзелкіна з Наваполацка сталь, што пластылін

Як загартоўваецца характар

У 45-гадовага жыхара Наваполацка Аляксандра Самадзелкіна — гаваркое прозвішча і залатыя рукі. Толькі такімі можна ператвараць вялікія сталёвыя бэлькі ў “пластылін”. У сэнсе, рабіць так, каб няпросты сплаў слухаўся, а на выхадзе быў тым, што пажадаеш: ад арыгінальных дэкаратыўных кампазіцый да складанага “шкілета” металаканструкцый прамысловага гіганта “Нафтан”


У паслужным спісе слесара ААТ “Нафтазаводмантаж” нямала заслужаных узнагарод. Адна з самых свежых — Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яе Аляксандру Міхайлавічу ўручылі падчас святкавання

60-годдзя беларускага нафтаграда. Да месца, у якім нарадзіўся і спатрэбіўся, у нашага героя стаўленне асаблівае. Добра памятае кожны аб’ект, які стварылі для горада ў іх цэху па вырабе металаканструкцый і трубавых вузлоў. Можна ўзгадаць надзейную агароджу для моста праз Заходнюю Дзвіну і асвятляльныя калоны ў форме кольцаў для цэнтральнай плошчы Наваполацка... А яшчэ — многія тысячы дэталяў, якія прайшлі праз рукі слесараў, зваршчыкаў і іншых профі “Нафтазаводмантажу”, каб пазней стаць чарговым гонарам “Нафтана”. Брыгада, якую ўзначальвае прафесіянал, мае непасрэднае дачыненне да самага блізкага да аблокаў тэхналагічнага аб’екта Беларусі — нафтанаўскай устаноўкі запаволенага каксавання. Коксавы востраў вышынёй 130 метраў складаецца з некалькіх тысяч тон металаканструкцый. Амаль усе яны першапачаткова ўбачылі свет намаганнямі Аляксандра Міхайлавіча і яго калег. Ужо на месцы спецыялісты манціравалі сталёвыя дэталі, як гіганцкі канструктар лега, апісвае працэс майстар:

— Ці адчуваю гонар, што маю дачыненне да чагосьці настолькі значнага? Безумоўна!

Майму візаві не прывыкаць да адказных, складаных заданняў. За плячыма — адзіны запіс у працоўнай кніжцы і 24 гады, аддадзеныя роднаму прадпрыемству. З іх больш за 20 Аляксандр Міхайлавіч ходзіць у брыгадзірах. Да таго ж працягвае справу бацькі, які таксама быў слесарам на “Нафтазаводмантажы”:

У самы высокі тэхналагічны аб’ект Беларусі — устаноўку запаволенага каксавання прадпрыемства “Нафтан” — ёсць 
і значны ўклад брыгады Аляксандра Самадзелкіна

— Толькі на першы погляд тое, што мы робім, можа здацца простым і лёгкім. Аднойчы да нас у цэх прыйшоў пачатковец і ўсё дзіву даваўся, як у вопытных руках трывалы метал становіцца падатлівым і зручным. Адна з паказальных у гэтым сэнсе работ — стэла, што ўпрыгожыла ўезд на “Полацк-шкловалакно”. Зробленая ў выглядзе асноўнай прадукцыі прадпрыемства, яна — яркі прыклад, што пры ўменні і жаданні можна дамагчыся ад метала многага.

Асноўны інструмент, з якім маюць справу слесары металаканструкцый, просты: шматлікія рулеткі, кутнікі, спецыяльныя шліфавальныя машынкі... Асабняком ідуць вострыя гільяцінныя нажніцы. Такія, што адным хуткім дакладным ударам перасякуць усё, што заўгодна. Разам з тым самае складанае, лічыць брыгадзір, гэта не пакарыць метал, а працаваць з людзьмі, знаходзіць да кожнага падыход і патрэбныя словы. Вось для чаго сапраўды спатрэбяцца сталёвыя нервы і характар. І з тым і з іншым у нашага героя поўны парадак. Як вынік — некалькі гадоў запар яго прызнаюць лепшым брыгадзірам прад-прыемства. На пытанне, ці хоча ён, каб яго дзеці аднойчы працягнулі дынастыю, навапалачанін толькі ўсміхаецца:

— Падрастуць — няхай самі вырашаюць. Адгаворваць не буду.

Класічную праграму Аляксандр і яго жонка Святлана выканалі. Дваіх сыноў нарадзілі, дом пабудавалі, а не так даўно разбілі на ўчастку міні-садок з чатырох яблынь, кожнаму члену сям’і — сваю ўласную. Добры прыклад таго, што сямейныя повязі больш каштоўныя, чым любы, нават самы рэдкі, метал, а трываласць іх, на шчасце, вызначае не сплаў — самі людзі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter