Станции обезжелезивания, перевооружение систем водоснабжения — как регионы решают проблему качественной питьевой воды

Як піць даць

У апошнія гады мала хто не сутыкаўся з прадаўцамі «цуда-фільтраў» для ачысткі вады. Прайдзісветы маляўніча распісваюць, што вада, якая цячэ з кранаў у нашых кватэрах і дамах, нібыта непрыдатная для ўжывання. Безгрунтоўнасць гэтага сцвярджэння відавочная любому разумнаму чалавеку. Дастаткова сказаць, што ў Беларусі з 1999 года ў некалькі этапаў рэалізуецца дзяржаўная праграма «Чыстая вада». Толькі за мінулую пяцігодку ў краіне было ўведзена ў эксплуатацыю звыш 500 станцый абезжалезвання вады і перападключана да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння каля 30 населеных пунктаў. За 2021–2025 гады па праграме плануецца пабудаваць яшчэ каля 800 такіх станцый (большасць у сельскай мясцовасці), 300 водазаборных свідравін і 11,5 тысячы кіламетраў новых водаправодных сетак. Канчатковая мэта ўсіх мерапрыемстваў — стапрацэнтная забяспечанасць насельніцтва якаснай пітной вадой. Наколькі яна блізкая? На прыкладзе Брэсцкай вобласці вывучыў праблему наш уласны карэспандэнт.

Слесар Сяргей ЖУРАЎСКІ праводзіць настройку абсталявання станцыі абезжалезвання.

Задача павышанай складанасці

Многім раёнам краіны ўжо ўдалося наблізіцца да стапрацэнтнага забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой. У Брэсцкай вобласці лідарам з’яўляецца Лунінецкі раён, дзе сёння 99,9 працэнта спажыўцоў маюць водазабеспячэнне пітной якасці. І гэты паказчык дасягнуты не з-за асаблівай чысціні тутэйшых крыніц, а хутчэй наадварот. Блізкае размяшчэнне прыгажуні Прыпяці не лепшым чынам адбіваецца на якасці вады ў гэтых мясцінах — утрыманне жалеза ў ёй адно з самых высокіх у Беларусі.

Сёння цяжка паверыць, але яшчэ 20 гадоў таму ў Лунінецкім раёне былі населеныя пункты, дзе колькасць жалеза ў пітной вадзе даходзіла да 15 мг/ куб. дм пры існуючай норме 0,3 мг/ куб. дм. Прасцей кажучы, гэта азначала, што электрачайнік або пральная машына замест умоўных 5–10 гадоў служылі толькі год-два. Зразумела, што і для здароўя чалавека лішняе жалеза таксама непажадана. Таму пытанне забеспячэння жыхароў раёна якаснай вадой тут было адным з самых вострых.

Вырашыць яго даручылі Лунінецкаму КУП водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі «Водаканал». Праўда, на той момант для прадпрыемства гэтая задача здавалася амаль невыканальнай. Да канца 1990-х гадоў «Водаканал» меў стапрацэнтны знос помпавага абсталявання, на ім цалкам адсутнічала аўтаматызаванае кіраванне тэхналагічнымі працэсамі і функцыянаваў мінімальны парк тэхнікі. У такіх умовах гаварыць пра маштабную рэканструкцыю дзеючай сістэмы водазабеспячэння раёна, вядома ж, не даводзілася.

Карэнныя змены ў дзейнасці «Водаканала» пачаліся ў 2001 годзе. На працягу кароткага тэрміну прадпрыемства выйшла на рэнтабельную працу, а стабільнае фінансава-эканамічнае становішча дазво­ліла правесці сур’ёзнае тэхнічнае пера­ўзбраенне. Маючы добрую матэрыяльную базу, Лунінецкі «Водаканал» здолеў эфек­тыўна ўключыцца ў рэалізацыю дзяржпраграмы «Чыстая вада».

— Першым нашым буйным праектам стала рэканструкцыя станцый абезжалезвання на водазаборах у Лунінцы і Мікашэвічах, далей быў створаны новы водазабор «Случ-2», а затым мы звярнулі ўвагу на сельскія населеныя пункты, — расказвае Аляксандр Радзіяновіч, дырэктар Лунінецкага КУП водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі «Водаканал». — Пачынаючы з 2005 года, у рамках рэалізацыі дзяржпраграмы адра­джэння і развіцця вёскі былі пабудаваны станцыі абезжалезвання вады ва ўсіх 18 аграгарадках раёна. З завяршэннем гэтай праграмы будаўніцтва станцый у сельскай мясцовасці не спынілася — толькі за 2019–2020 гады дадалося яшчэ пяць. У выніку цяпер у нас налічваецца 26 такіх станцый, дзякуючы якім колькасць жалеза ў пітной вадзе па раёне ўдалося знізіць да 0,15–0,3 мг/ куб. дм. 

Дарэчы, пры ўзвядзенні станцый абезжалезвання на прадпрыемстве выкарысталі некалькі ўласных тэхнічных ноу-хау, якія дазволілі істотна знізіць кошт будаўніцтва і ўтрымання гэтых аб’ектаў. Пасля пераймаць перадавы вопыт сюды прыязджалі работнікі водаканалаў з усёй краіны.

Будаўніцтва новага водаправода.

Дасканаласці няма мяжы

Праца, праведзеная прадпрыемствам па мадэрнізацыі сетак водазабеспячэння, была ацэнена не толькі мясцовымі жыхарамі, але і спецыялістамі сферы ЖКГ. Сёлета Лунінецкі «Водаканал» заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе «Лепшае прадпрыемства ў сферы водазабеспячэння».

Спыняцца на дасягнутым работнікі прадпрыемства не збіраюцца — у 2022 годзе разлічваюць выйсці на стапрацэнтную забяс­печанасць спажыўцоў раёна якаснай пітной вадой. Таму і абнаўленне тут праводзіцца пастаянна. Толькі за гэты год на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю аб’ектаў «Водаканала» было выдаткавана амаль 255 тысяч рублёў.

— З усёй адказнасцю магу заявіць, што пітная вада ў нас у раёне адпавядае ўсім нормам і вы можаце яе спакойна піць проста з-пад крана, — кажа Аляксандр Радзіяновіч. — Што ж тычыцца набыцця розных фільтраў, то гэта асабістая справа чалавека. Але як спецыяліст хачу сказаць, што пасля ўстаноўкі некаторых сістэм з вашага крана можа ісці празмерна вычышчаная вада. А гэта дрэнна для здароўя, бо з вадой мы атрымліваем неабходныя мікраэлементы. Другая крайнасць — фільтры з мінералізацыяй. Тут, па сутнасці, у ваду дадаецца звычайная соль, якая ў залішняй колькасці таксама шкодзіць арганізму. Пра такія простыя рэчы варта ведаць і памятаць. Нездарма ж кажуць, што вада — гэта жыццё. А чыстая вада — гэта яшчэ і добрае здароўе. І мы працуем для таго, каб нашы людзі кожны дзень пілі менавіта такую ваду.

Станцыя абезжалезвання вады.

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Андрэй КРУГЛЕЙ, начальнік аддзела водаправода і каналізацыі Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі»:

— Сёння ў Брэсцкай вобласці забяспечанасць спажыўцоў якаснай пітной вадой складае 95,9 працэнта і да канца года павінна дасягнуць 96 працэнтаў. Для фінансавання мерапрыемстваў у рамках падпраграмы «Чыстая вада», якая з’яўляецца часткай дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў на 2021 год выдзелена 6,8 мільёна рублёў. Адным з асноўных мерапрыемстваў, якія плануецца выканаць за гэтыя сродкі, з’яўляецца будаўніцтва ў галіне 29 новых станцый абезжалезвання вады. 15 з іх ужо здадзены ў эксплуатацыю, астатнія будуць уведзены ў строй да канца бягучага года.

paplauski@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter