У наступны аўторак, 10 кастрычніка, у дэманстрацыйнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбудзецца адкрыццё выстаўкі майстроў народнай творчасці і мастакоў Шчучынскага раёна «Таленты Шчучынскай зямлі», паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
– У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены такія накірункі творчай дзейнасці, як ткацтва, кераміка, лозапляценне, выраб музычных інструментаў, вязанне шыдэлкам, вышыўка і іншае, – адзначыла спецыяліст. – Работы створаны супрацоўнікамі аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва ДУК «Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», а таксама майстрамі Шчучынскага раёна. На выстаўцы таксама можна ўбачыць тэкстыльныя вырабы: посцілкі, дываны, ручнікі, паясы – багаты рэгіянальны этнаграфічны матэрыял.
Асаблівае месца ў экспазіцыі займае элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення» (мастацкія практыкі саломапляцення Гродзенскай вобласці). У Шчучынскім раёне гэтым старадаўнім рамяством займаюцца чатыры майстра, у тым ліку народны майстар Беларусі Валянціна Краўчук.
Падчас святочнага адкрыцця выстаўкі «Таленты Шчучынскай зямлі» носьбіты беларускай спадчыны – майстры Вольга Роліч і Таццяна Лебядзевіч – з усімі жадаючымі падзеляцца сакрэтамі рамяства саломапляцення і ткацтва паясоў на дошчачках, а Міхаіл Чарнадзедаў прадэманструе выраб драўляных музычных інструментаў.
Фото из архива Натальи Романович.