Народные промыслы, архитектура, национальные обряды и блюда — из чего еще складывается общая картина Беларуси

Вышываем Радзiму

Народныя промыслы, архiтэктура, нацыянальныя абрады i стравы — з чаго яшчэ складаецца агульная карцiна Беларусi

Прафсаюз работнiкаў культуры, iнфармацыi, спорту i турызму распачаў унiкальны праект «Культурная спадчына Беларусi». У вынiку атрымаецца вялiзнае пано памерам тры метры шырынёй i два з паловай даўжынёй, на якiм майстры кожнай вобласцi пры дапамозе ручной вышыўкi адлюструюць адметныя славутасцi свайго краю. Да iнiцыятывы далучацца ўсе раёны, каб паказаць, чым iх мясцовасць найбольш знакамiтая. Гэта i архiтэктурныя будынкi, народныя промыслы, рамёствы, гербы, нацыянальнае адзенне, абрады, стравы — што беражлiва перадавалася з пакалення ў пакаленне, занесена ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей i перадае самабытнасць нашага народа. Вялiзная карцiна — падарунак беларусам, якi будзе гатовы да Дня Незалежнасцi.


— Праект задумалi ў Год гiстарычнай памяцi, а завершым у Год мiру i стваральнай працы, што вельмi сiмвалiчна, — удакладняе старшыня Прафсаюза работнiкаў культуры, iнфармацыi, спорту i турызму Таццяна Фiлiмонава. — Такiм чынам убачым нашу краiну праз старажытны вiд мастацтва. Ручная вышыўка iснавала на нашай зямлi з сiвых стагоддзяў i была даволi шырока распаўсюджана. Кожны рэгiён вырашыў самастойна, што адлюструе на пано, а ствараюць яго лепшыя мясцовыя ўмельцы.

З аднаго боку, карцiна атрымаецца вялiкай, а з iншага — нават на такiм аб’ёмным памеры даволi складана змясцiць усе адметнасцi нашай спадчыны, бо яна бязмежная. Праца па стварэннi ўнiкальнага падарунка стартавала ва ўсiх рэгiёнах, канкрэтызуе галоўны спецыялiст галiновага прафсаюза Валерыя Валковiч-Грэчанкова:

— Вялiзную вышываную карту ў форме нашых геаграфiчных абрысаў аздобiць самабытная драўляная рамка ручной работы. А на карце безлiч славутасцей — Мiрскi замак, Брэсцкая крэпасць, абрад «Купалле», размаляваныя лялькi, хлеб, разнастайныя вырабы майстроў…  


Ідэя сапраўды ўнiкальная, яна паказвае, як мы, беларусы, захоўваем, шануем i любiм сваю краiну i спадчыну. Вельмi хочацца, каб гэты слаўны падарунак упрыгожыў сцены сiмвала беларускай дзяржаўнасцi — Палаца Незалежнасцi. Хай дэлегацыi замежных гасцей праз вышываную карту знаёмяцца з нашай культурай i самабытнасцю.

Кожны рэгiён старанна прыняўся за працу, а збяруць пазлы ў адзiнае цэлае спецыялiсты Магiлёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасцi i культурна-асветнай работы. Па тэхнiцы выканання — выключна ручная вышыўка традыцыйнымi швамi, характэрнымi для рэгiёна. Галоўнае патрабаванне — каб адлюстраваныя аб’екты былi распазнавальнымi. Адпаведна з гэтым выбiраюцца i колеры, найбольш традыцыйныя з якiх пры выявах арнаменту — белы, чырвоны, чорны.


— На нашай карце Блакiтная i Трафiмава крынiцы, архiтэктурныя будынкi, мемарыяльныя комплексы — тут выбар колеру максiмальна наблiжаны да арыгiналу, — засяроджвае ўвагу начальнiк аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Магiлёўскага абласнога метадычнага цэнтра Наталля Анiковiч. — Паказана многа народных промыслаў i рамёстваў. З найбольш характэрных на Магiлёўшчыне, напрыклад, пляценне лапцей, выраб валёнкаў, ганчарства, вытворчасць музычных драўляных iнструментаў.

Мiншчына пахвалiлася саломапляценнем, керамiкай, выцiнанкай, Вiцебшчына ўразiла рознымi вiдамi ткацтва, Гродзеншчына — выбiванкай, калi пэўны малюнак выбiваўся на паперы з дапамогай спецыяльных iнструментаў. Брэстчына паказала ў тым лiку абарончую архiтэктуру — гэта Брэсцкая крэпасць-герой, Белая вежа, прадставiла традыцыйныя народныя касцюмы. Гомельшчына, апрача iншых здабыткаў, вылучылася абрадамi.  


Пано стане сапраўдным упрыгажэннем, народнай вiзiтоўкай Беларусi. Цалкам верагодна, што дзецi па iм будуць вывучаць гiсторыю роднага краю, каб вiдарыс пэўнага раёна на геаграфiчнай карце атаясамлiваўся з культурным сiмвалам гэтай мясцовасцi.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter