З якімі небяспечнымі трэндамі сутыкнулася сусветная супольнасць

Выклікі

Недавер паміж асобнымі ўрадамі, ваенна-палітычнае супрацьстаянне, лакальныя канфлікты ў розных частках свету і росквіт міжнароднага тэрарызму, жорсткія эканамічныя санкцыі і гандлёвыя перапоны, міграцыйны і харчовы крызіс — вось толькі некалькі небяспечных трэндаў, з якімі сёння сутыкнулася сусветная супольнасць.

Выклік першы. Тыдзень таму пачалі дзейнічаць пратэкцыянісцкія пошліны, уведзеныя прэзідэнтам ЗША на імпарт у гэтую краіну сталі і алюмінію адпаведна на 25 і 10 працэнтаў. Праўда, да 1 мая абмежаванні не будуць датычыцца паставак металаў з Аўстраліі, Аргенціны, Бразіліі, Канады, Мексікі, Рэспублікі Карэя і Еўрасаюза.

Тым часам расійскія эксперты падлічылі: у выніку захадаў Вашынгтона металургічная галіна Расіі страціць каля трох мільярдаў долараў. З верагоднымі праблемамі можа сутыкнуцца і профільная прадукцыя нашай краіны.

Дональд Трамп таксама падпісаў мемарандум “Аб барацьбе з эканамічнай агрэсіяй Кітая”, што дазваляе ствараць чарговыя бар’еры адносна кітайскай прадукцыі. Сітуацыя нагадвае гандлёвую вайну і гэта  можа каштаваць эканоміцы КНР як мінімум 60 мільярдаў долараў. Наогул,  амерыканцы мусяць зменшыць гандлёвы дэфіцыт з Кітаем на 100 мільярдаў. Згодна палажэнням дакумента згаданыя меры будуць распаўсюджвацца прыкладна на 60 працэнтаў кітайскага экспарту ў Амерыку.

У сваю чаргу ЗША агучылі ўмовы, пры якіх магчыма і адмена ўвазных пошлін на кітайскія тавары.

У адказ кітайскія ўлады прадставілі партнёрам спіс 128 амерыканскіх тавараў, на якія могуць быць уведзены абмежаванні ў памеры ад 15 да 25 працэнтаў, калі не атрымаецца дамагчыся дамоўленасцей са Злучанымі Штатамі. 

Нобелеўскі лаўрэат Роберт Шылер упэўнены: свет чакае новы эканамічны крызіс, калі існуючае гандлёва-эканамічнае напружанне паміж ЗША і КНР не знікне. 

Ад аднабаковага дзяржаўнага пратэкцыянізму найперш страціць амерыканскі бізнес, прамысловыя прадпрыемствы — зруйнуюцца схемы паставак сыравіны і тавараў, рэзка знізяцца агульныя аб’ёмы інвестыцый. Буйныя цэнтрабанкі свету на фоне рашэнняў ЗША маюць намер скарачаць рэзервы ў доларах і нарошчваць у еўра.

Выклік другі. Значнае змяненне кліматычных умоў да 2050 года, паступовая дэградацыя сельскагаспадарчых зямель могуць у міжнародным маштабе паўплываць на міграцыю вялікай колькасці насельніцтва з Афрыкі, Паўднёвай Азіі і Лацінскай Амерыкі. Паводле прагнозаў экспертаў Сусветнага банка, да 140 мільёнаў чалавек пакінуць у гэтым выпадку сваю радзіму ў пошуках лепшай долі і больш прадказальнай будучыні, спрабуючы інтэгравацца ў абсалютна новае для іх грамадства. 

Гэты глабальны працэс абавязкова выклікае шэраг прыкметных сацыяльна-эканамічных канфліктаў у развітых дзяржавах свету, прынясе ў іх соцыум мноства праблем. Як прыклад, цяперашні негатыўны вынік масавага наплыву бежанцаў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу ў Еўрасаюз.

Выклік трэці. Ён вынікае з пытанняў сацыялізацыі і асіміляцыі ўсё тых жа вымушаных перасяленцаў. Згодна дакладу аналітыкаў Сусветнай харчовай праграмы ААН (FAO) менавіта голад і востры недахоп харчавання для людзей — складаючыя шырокамаштабнай міграцыі ў свеце. Да таго ж пачынаючы з 2018 года назіраецца паступовы рост міжнародных індэксаў кошту харчавання.

Сёлета FAO звярнулася па дапамогу да донараў арганізацыі: для ліквідацыі голаду і дэфіцыту ежы ў свеце неабходна сабраць 1,06 мільярда долараў. Сродкі накіруюць у найбольш пацярпелыя ад самых розных крызісаў 26 краін.

Па інфармацыі ААН, колькасць галадаючых на працягу апошніх гадоў пакрысе змяншалася, але цяпер гэты паказчык зноў узрастае. Зараз на планеце недастаткова харчуецца 815 мільёнаў чалавек, з іх 489 мільёнаў жывуць у рэгіёнах, дзе існуюць вострыя ваенныя канфлікты.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter