Убирают газоны и надевают «шапочки» на хвойные растения: узнали, как «Минскзеленстрой» наводит порядок в столице после зимы

Вясна на сталічнай вуліцы

Вясна прыйшла. Справа за малым — засталося прывесці гарады ў парадак, змяніўшы суровыя зімовыя дэкарацыі на больш лёгкія і далікатныя. Дарэчы, у сталіцы за гэта адказныя ў тым ліку супрацоўнікі «Мінскзелянбуда». На міну­лым тыдні яны распачалі сезонныя работы.

Хутка горад будуць упрыгожваць рознакаляровыя клумбы.

Цёплы сонечны дзень. Мы сядзім на лаўцы каля гарадской ратушы. Тут жа працуюць работнікі прадпрыемства «Мінскзелянбуд», зухавата арудуючы рыдлёўкамі і спецыяльным транспартам.

Рабочы зялёнага будаўніцтва Ірына Бегер тут за галоўную, у якасці брыгадзіра яна кантралюе і каардынуе працу калег і сама ўдзельнічае ва ўборцы тэрыторый. Поплеч «мяняюць дэкарацыі» на вясновыя некалькі грузчыкаў з рыдлёўкамі і вадзіцелі МАЗа і міні-пагрузчыка.

— Наша першачарговая праца — прыбіраць снег і лёд з тратуараў, — расказвае Ірына Бегер. — Гэта ўжо апошнія гурбы, заканчваем вывозіць рэшткі. Не забываем аб вялікай колькасці снегу на газонах і ў зялёных зонах, куды звычайна яго возяць падчас уборкі. Мы павінны ўтылізаваць яго, асабліва калі надыходзіць вясна і снежныя «дэкарацыі» ў горадзе страчваюць актуальнасць.

З зялёных зон снег вывозяць толькі тады, калі яго сапраўды шмат. У астатніх выпадках яго раўнамерна раскідваюць па газоне, каб раставаў хутчэй. Ад гэтага яшчэ і карысць: адталая вада выдатна ўвільгатняе глебу.

Рабочыя загружаюць снег з газона на міні-пагрузчык.

Планы каманды ў бліжэйшыя тыдні залежаць ад надвор’я. Калі выпадзе снег, будуць яго прыбіраць. А калі сезон сняжынак усё ж такі скончыўся, будуць вымятаць пясок, галінкі, смецце і недакуркі з газонаў і тратуараў.

Па краях клумбаў, дзе снег растаў, з’яўляюцца першыя парасткі цюльпанаў. Іх Ірына падкормлівае ўгнаеннем. Астатнія кветкі высадзяць бліжэй да лета. Зараз ідуць тэндары на іх закупку.

Рабочыя дзеляцца цікавым назіраннем: прахожыя часта казалі ім дзякуй у зімовы перыяд, калі першыя чысцілі наледзь з тратуараў і сыпалі на іх супрацьгалалёдныя рэагенты. Зараз прыемных слоў у іх адрас стала менш.

— Ды мы і не чакаем падзякі, — прызнаюцца зелянбудаўцы. — Галоўная ўдзячнасць для нас — гэта ўменне гараджан данесці сваё смецце да скрыні.

Па словах кіраўніка службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Анжалікі Пузанковай, дзялення на вясновыя, зімовыя, восеньскія і летнія працы ў іх арганізацыі няма. Усё залежыць ад умоў надвор’я. Зараз пачалася адліга і, адпаведна, актыўнае раставанне снегу.

— З надыходам вясны з’явілася неабходнасць паскорыць і прадухіліць утварэнне наледзей на газоне, — дзеліцца планамі Анжаліка Пузанкова. — Трэба расштыкаваць снег уздоўж дарог, які назапасіўся ў выніку ўборкі на зялёных зонах. А ў некаторых месцах, дзе на снег трапіла шмат солевых рэагентаў, — згрузіць яго і вывезці.

Парк «Мінскзелянбуда» папоўніўся малагабарытнай тэхнікай, якая дапамагае рабочым і памяншае долю ручной працы.

Калі снег растане, вострым стане пытанне ўборкі газонаў: за зіму гараджане выкідваюць міма урнаў шмат недакуркаў і смецця.

— Аб’ём работ вялікі, трэба паспець усё своечасова зрабіць, — акцэнтуе ўвагу Анжаліка Пу­зан­кова. — Самая вялікая цяжкасць — недастатковая культура нашага насельніцтва. Не ўсе карыстаюцца урнамі. Скрыняў дастаткова, але недакуркі чамусьці валяюцца ўсюды. Пакуль ляжыць снег, гэта не так заўважна, але калі ён растане, адразу становіцца прыкметна, як усё абсыпана смеццем.

Асаблівая ўвага — стану дрэў і кустоў. Сёлета зіма была снежнай, рэагенты прымяняліся актыўна, таму трэба змыць соль, якая назапасілася на газоне і саміх раслінах. Як толькі цяпло стане пастаянным і кругласутачная тэмпература будзе каля +8 °С, дрэвы і хмызнякі пачнуць абмываць, каб мінімізаваць наступствы супрацьгалалёдных рэагентаў. Наступным этапам стане прамыванне газона.

Паралельна з уборкай ідуць працы, звязаныя з хвойнымі дрэвамі. Іх трэба зберагчы ад апёкаў ў вясновы перыяд. Справа ў тым, што вярхушка раслін атрымлівае яркае сонечнае святло і награваецца, а карані знаходзяцца ў холадзе ў зямлі, і харчаванне ад іх яшчэ не паступае. З-за перагрэву можа адбыцца адміранне хвоі. Прыкметна гэта будзе толькі бліжэй да мая. Таму, каб расліны не пабурэлі, не пажоўклі, ранняй вясной на іх на­дзяваюць чахлы з спанбонда.

Вясна — спрыяльны перыяд для пасадкі дрэў і хмызнякоў. Зараз высаджваюць дрэвы, а бліжэй да сярэдзіны сакавіка возьмуцца за хмызнякі. Паколькі хутка пачнецца вясновае красаванне цыбульных раслін, іх трэба падкормліваць. Першая падкормка ідзе па снезе. Ён растае і адначасова з угнаеннем трапляе ў зону харчавання раслін.

У параўнанні з папярэднімі гадамі гэтай зімой вялікая частка работ стала механізаванай: парк «Мінскзелянбуда» папоўніўся малагабарытнай тэхнікай, якая дапамагае рабочым і памяншае долю ручной працы.

У цэлым спецыяліст ацэньвае перажытую зіму станоўча:

— Летась зімы практычна не было, а гэтая парадавала нас шчодрым снегам. Значыць, будзе дастатковая колькасць вільгаці на газонах і для дрэў і кустоў. Да таго ж зіма была марознай. Дзякуючы гэтаму колькасць шкоднікаў, якія актыўна размнажаліся ў папярэднія гады за кошт мяккага клімату, паменшыцца, — заключае Анжаліка Пузанкова.

ЛІЧБА

Комплекснымі работамі па акультурванні сталіцы займаюцца каля 800 рабочых зялёнага будаўніцтва.

grudnitskiy@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter