Поскитавшись по миру, семья Крол нашла приют в заповедном крае на малой родине

Вяртанне да падножжа курганоў

Мінулае і сучаснасць

У Забор’і існуе традыцыя даваць хатам імёны гаспадароў. Ёсць Іваненкава, Рыбакова, нават Вакулава хата… Аляксандр Крол вырашыў не адступаць ад завядзёнкі і даў назву сядзібе «Кролава хата».


Гаспадар сядзібы пачынае распавядаць пра новую гісторыю свайго старога Забор’я. Мой суразмоўца любіць і ведае мінулае края, куды нечакана закінуў яго лёс. Хоць любая нечаканасць, лічыць Аляксандр, свайго роду заканамернасць, запланаваная жыццём. Трапіў жа нейкім чынам гарадскі жыхар, адзін з першых навасёлаў маладога Наваполацка, у спакойную, адноўленую пераменамі вёску, якую лічаць каларытнай глыбінкай Расоншчыны. Каларытнай таму, што яна арганічная частка вядомага ў краіне заказніка «Сіньша», унікальнага лесаазёрнага комплексу. Тут і вытокі рэчкі Дрысы, і каля дваццаці азёраў, аб’яднаных у адзіную водную сістэму. Ці варта гаварыць, што мясцовыя курганы і ўзвышшы, сплеценыя ў бесперапынны ланцуг пагоркаў рознай вышыні, — гэта ўсё штукарствы колішняга ледавіка. Знаўцы сведчаць, што менавіта ў гэтых мясцінах зачапіліся мегатонныя глыбы сваім авангардным выступам за ствалы соснаў-маналітаў і спакваля растапіліся пад сонечнымі промнямі, падарыўшы краю вечную прахалоду вадзяных люстраў.

Сучаснае Забор’е адбудоўвалася на ўскрайку Опціна-возера. Ужо ў пасляваенны час, калі зносілі хутары, усе дробныя вёсачкі, што рудымі блошкамі скакалі паміж пагоркаў, размясцілі на так званым высокім беразе. Старажылы памятаюць, як руйнавалі старыя паселішчы, валілі лес, засыпалі балоты. Рос новы пасёлак з двухпавярховымі домікамі, кацельняй, школай-дзесяцігодкай. Асноўнымі насельнікамі Забор’я і адначасова працаўнікамі зноў створанага саўгаса імя Азіна, героя Грамадзянскай вайны, ураджэнца тутэйшых мясцін, і сталі жыхары акаляючых хутароў і вёсак. А некаторым, накшталт сям’і Кролаў, у пошуках ціхага прытулку нямала давялося паблукаць па людным свеце.

Савецкая Гавань

Выпала пажыць і на Далёкім Усходзе. Туды Аляксандр з жонкай і адзінаццацігадовым сынам паехаў, дакладней, паляцеў, знайшоўшы месца трэнера па плаванні ў новым басейне Савецкай Гавані. Захацелася, кажа, новых уражанняў. Там ад іх, усміхаецца суразмоўца, «мазгі клініла». У Гавані дыслацыравалася буйнейшая ў Саюзе база атамных падводных лодак, набіралі на працу два буйныя суднарамонтныя заводы. А ландшафты!.. Сопкі, тайга, усурыйскія тыгры. Мядзведзі навыперадкі са збіральнікамі маліны фарсіравалі круцізну горных схілаў. І ўсё ж праз колькі часу пацягнула Кролаў на Радзіму. Так цягне многіх аматараў кантрастаў, калі жывая душа з настальгічным сумам імкнецца ў празрыстыя прасторы бярозавага гаю. Быў і ў гэтага вяртання, акрамя лірычнага, і самы што ні ёсць празаічны матыў. Пачалася так званая перабудова. Што станецца з вялікай краінай, на што спадзявацца, чаго чакаць? У гэтых сумненнях раўнадушныя сцены чужыны не самы лепшы памагаты. Але ў Кролаў была Радзіма. А праз колькі часу з’явілася і тая самая «Кролава хата».

Для Аляксандра, выкладчыка фізкультуры, у мясцовай школе знайшлася вакансія:

— Тымі часамі тут навучалася да 150 вучняў. Шыкоўная была школа. Вясковыя дзеткі дапытлівыя, нават некалькі апантаныя. Да любога даручэння з высокай адказнасцю ставіліся. Ад сваіх сем’яў, хат яны прыносілі мне кавалачкі гісторыі свайго краю. З цягам часу сабраўся цэлы архіў фотаздымкаў, жывых успамінаў. Вось як вам падаецца этымалогія назвы вёскі Забор’е?

— Пэўна, ад слова «бор». Лясоў-бароў тут, як бачна, шмат.

— Гэта самы просты падыход. А ведаеце, што ў пачатку мінулага стагоддзя тут па водных шляхах вёўся сплаў таго самага лесу. Бярвенні баграмі штурхалі да самай глыбокай вады, а там ужо вязалі плыты. І гналі іх па Дрысе, Заходняй Дзвіне да самай Балтыкі. Такія ваяжы былі працяглымі па часе. Праца плытагонаў — адказная і небяспечная. Яны набіраліся (забіраліся) з мясцовых жыхароў. Адсюль і назва вёскі — Забор’е.

Аляксандр захоплена і даходліва дзеліцца мясцовымі легендамі з гасцямі «Кролавай хаты», ужо гадоў дваццаць таму аформленай як аграсядзіба. А да гэтага была кватэра на другім паверсе ў шматкватэрным доме, без выгод, з плітой і грубкай. Вада — на вуліцы ў калонцы. Гаспадарскае вока ўсё часцей спынялася на закінутым будынку мясцовай бальніцы. Будынак медустановы без прамога гаспадара нікога асабліва не хваляваў. Так ён трапіў у рукі сям’і Кролаў. Не адразу Аляксандр стаў уласнікам. Заканадаўства наконт аграсядзіб у поўным яго сэнсе яшчэ не існавала. Быў доўгі шлях блукання па пакутах, які ўрэшце завяршыўся канчатковай перамогай патэнцыяльнага ўласніка.

Членскі білет № 7

Менавіта ў лістападзе два дзесяцігоддзі таму аформілася былое грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». Аляксандр Крол стаў яго ўдзельнікам, атрымаўшы членскі білет № 7. Сёння дакумент захоўваецца ў сямейным архіве як доказ датычнасці да пачатку руху аматараў вясковага турызму.

Мой суразмоўца нагадвае знаёмства з Валерыяй Клецуновай, прафесарам Белдзяржуніверсітэта, якая дэталёва вывучала практыку міжнароднага сельскага турызму і арганізавала першую канферэнцыю для айчынных носьбітаў і прыхільнікаў ідэі. Тады многае было ўпершыню.

Ідэя агратурызму ў той час абмяркоўвалася у двух аспектах, сцвярджае Аляксандр. З аднаго боку, даць вяскоўцу магчымасць дадатковага заработку. З другога — пазнаёміць гасцей сядзібы са славутасцямі, каларытнымі мясцінамі роднага краю. А для гэтага забяспечыць іх жыллём, харчаваннем, карыснай і рознабаковай інфармацыяй. У «Кролавай хаце» сёння тры ўтульныя гасцявыя пакоі. Вядома, з усімі бытавымі выгодамі. Ежу па заказе пастаяльцаў гатуе Вера, жонка Аляксандра, хлебасольная гаспадыня сядзібы. На стале звычайна стравы, якія звыкла, на працягу дзесяцігоддзяў, прапануюць у сялянскіх дварах. А пасля традыцыйных калдуноў і дранікаў гасцей чакае незвычайны экскурс у мінулае. Яго пачынае гаспадар у каміннай зале і спакваля выводзіць за сцены сялібы. Такія экскурсіі ўпісваюцца ў тэматыку Года гістарычнай памяці.

Каўпак-гара

Пешы паход прыводзіць на так званую Каўпак-гару. Яна сівым вартаўніком узвышаецца над наваколлем, адначасова аберагаючы спакой сваіх нетраў, асвечаных даўнім паганскім капішчам. Аляксандр, пакратаўшы верхні слой зямлі металічным прутам, намацаў плоскі камень метры два дыяметрам, на якім, пэўна, і здзяйсняліся рытуальныя забавы продкаў. Традыцыйна тут да гэтага часу вяскоўцы запальваюць купальскія вогнішчы, ігнаруючы пляцоўку на беразе спакойнай у гэтым месцы рачулкі Дрысы. У Аляксандра свая версія «прыкладнога» прымянення кургана. Ён адзін у цэлым каскадзе падобных, але ніжэйшых за яго суродзічаў. Падчас варожых набегаў дазорцамі запальвалася вогнішча на Каўпак-гары. Гэта было сігналам для іншых. І палалі вогнішчы на курганах, вымушалі сейбітаў апранаць кальчугі і станавіцца ў шэрагі воінаў. Бо гэта была іх зямля, якую яны палівалі сваім потам і гатовыя былі паліць крывёй.

Каўпак-курган — правобраз вядомага малюнка самабытнага беларускага мастака, этнографа, фалькларыста Язэпа Драздовіча, які мае назву «Рагнедзін курган». Такой версіі прытрымліваецца мой суразмоўца. Магчыма, небеспадстаўна. Мастак, ураджэнец Глыбоччыны, неаднойчы бываў у гэтых мясцінах.

Уладальнікі сядзібы арганізуюць не толькі пешыя, але і водныя паходы, карыстаючыся неацэннай спадчынай сівога ледавіка.

— Карпаратывы, шумны адпачынак «з падагрэвам» не ў нашым стылі, — не прызнае пустых гулянак Аляксандр. — У нас свая ніша, не столькі прыбытковая, колькі пазнавальна арыентаваная. У асноўным нашымі гасцямі становяцца сем’і з дзецьмі.

Асаблівае месца ў арганізацыі адпачынку, лічыць Аляксандр, зай­мае правільнае харчаванне. Важныя нават не столькі экзатычныя і старадаўнія мясцовыя рэцэпты страў, а меню з натуральных прадуктаў. Для гэтага сям’я ўтрымлівае падсобную гаспадарку: сад, агарод, цяпліцу, міні-ферму. Паколькі працы многа, гасцям тут прапаноўваюць аказаць пасільную дапамогу па гаспадарцы, свайго роду аграфітнес. У планах — стварэнне спецыяльнай праграмы аздараўлення (дыеты, рацыёны, гутаркі і практычныя заняткі). Цяперашні напружаны, насычаны стрэсамі час патрабуе наяўнасці такіх камфортных бытавых аазісаў у чалавечым жыцці, разважае гаспадар аграсядзібы. Толькі ў гэтай справе яму спатрэбяцца памагатыя і аднадумцы з ліку такіх жа, як і ён, нераўнадушных, захопленых людзей. А яны ёсць. На базе «Кролавай хаты» некалькі год запар праводзіўся фэст, першы ў краіне падобнага кірунку. Ён і рабіў акцэнт на дасягненнях у арганізацыі адпачынку ў беларускай вёсцы і патэнцыяльных магчымасцях агратурыстычных сядзіб.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter