Ученый-садовод: наша коллекция сортов плодовых деревьев — одна из крупнейших в Восточной Европе

Вучоны-садавод доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Валерый Мацвееў: «Наша калекцыя пладовых сартоў — адна з найбольш буйных ва Усходняй Еўропе»

Уласны вопыт у вывядзенні новых сартоў алычы і слівы стаў сапраўдным унутраным навігатарам для галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Валерыя МАЦВЕЕВА. Любімай справай ён займаецца больш як паўвека. Кожны працоўны дзень селекцыянера поўніць новымі здабыткамі яго навуковую скарбонку. Валерый Аксёнавіч на аснове крымскай алычы, завезенай да нас амаль два стагоддзі таму, вывеў і раяніраваў буйнаплодныя сарты «прамень», «мара», «найдзена», «віцьба», «лодва», «асалода», «ветразь», «лама», «ветразь-2», «сонейка», а таксама слівы «вянгерка беларуская», «чарадзейка», «нарач», «венера», «далікатная», «кромань», «віцебская позняя». Амаль усе яны ўключаны не толькі ў наш дзяржрэестр, але і суседніх краін.

Таленавіты вучоны і арганізатар узмацніў створаную на базе Інстытута пладаводства навуковую школу селекцыянераў-пладаводаў Аляксея і Эмы Сюбаравых. Выхаваў ён і не адно пакаленне даследчыкаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш дзесяці кандыдацкіх і некалькі доктарскіх дысертацый. Вучонаму належаць чатыры манаграфіі, больш за 250 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў.

Плённая дзейнасць Валерыя Аксёнавіча адзначана медалямі «За працоўную доблесць» і ВДНГ, граматамі Мінсельгасхарча, Савета Міністраў, Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскага аблвыканкама, ганаровым званнем «Заслужаны дзеяч навукі».


Значную частку саду РУП «Інстытут пладаводства» займаюць плантацыі костачкавых. Пасадкі алычы, слівы, за якімі гадамі пільна сачыў доктар сельгаснавук, прафесар Валерый Мацвееў, звычайна вясною першымі абуджаюцца. Асаблівую ўвагу селекцыянер надае доследнаму гадавальніку. Амаль паўтара дзясятка гадоў патрабуецца на вывядзенне новага сорту. Справу беларускага вучонага на доследных дзялянках працягваюць маладыя спецыялісты. Валерыя Аксёнавіча апошнім часам захапіла праблема біялагічнага паходжання сусвету. За падрыхтоўкай чарговага навуковага артыкула пра светапогляд застаў яго ва ўтульным працоўным кабінеце. На стале ляжаў напалову спісаны аркуш паперы.

— Свае думкі запісваю выключна на паперы, — пераняўшы мой здзіўлены позірк, адзначыў галоўны навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Валерый Мацвееў. — Камп'ютар не дае прасторы думкам. Вось толькі прачытаць напісанае маёй рукою не ўсім ўдаецца: почырк надта неразборлівы.

— З-за таго, што шмат даводзіцца пісаць?

— Ды не, ляўшою нарадзіўся. Сёння якою хочаш рукою пішы, а ў пасляваенныя гады ў школе нас прымушалі трымаць ручку толькі ў правай. Мне было надзвычай складана гэта засвоіць. Хапала ў сшытку і кляксаў — не ладзілася пісьмо ў мяне. Аднойчы не вытрымаў і шпурнуў сшытак. Да чацвёртага класа вышэй тройкі настаўніца мне не ставіла. Чытаў, пісаў граматна, але каракулямі. І ўсё ж левая рука ў мяне галоўная, а пісаць прывучылі праваю. Бацькі на гэта не звярталі ўвагі. Да вайны сям'я жыла ў цэнтры Мінска. Лета праводзілі ў дзеда Дзяніса на хутары Мураўчая, што непадалёку ад Гомеля. Яблыневы сад акружаў прасторны драўляны дом. Рана аўдавелы дзядуля пасватаўся да сіраты Марфы, што была служкай у мясцовага пана. Замяніла яна маці шасцярым дзецям-сіротам. Было гэта ў пачатку мінулага стагоддзя, калі краіну ахапілі рэвалюцыйныя падзеі, а потым Грамадзянская вайна. Старэйшы з дзедавых дзяцей, мой бацька Аксён Дзянісавіч, падаўся вучыцца на эканаміста ў Маскву. Студэнтам уступіў у партыю бальшавікоў. Пасля завяршэння вучобы вярнуўся ў Беларусь, ажаніўся на зямлячцы Таццяне Гузавай. У перадваенныя гады працаваў у дзяржаўным апараце ў Мінску, а маці — поварам. Акрамя мяне, у сям'і падрасталі старэйшыя сёстры Ніна і Туся.

У ваенны час нас уратаваў дзедаў хутар. У першы дзень, як фашысцкія самалёты бамбілі Мінск, бацька адправіўся суправа­джаць у Маскву Дзяржаўны архіў. Нас з маці пасадзілі на грузавік. Даехалі на ім да Барысава. Там на мосце праз Бярэзіну стаялі нямецкія аўтаматчыкі. Далей нас не пусцілі. Пакрочылі пешшу ў бок Гомеля. Начавалі дзе давядзецца. Бывала, нас падвозілі нямецкія ваенныя. Сястра Туся картавіла, і немцы палічылі, што яна з яўрэйскай сям'і. Гестапавец агледзеў сястрычку і выдаў аўсвайс, што яна дачка маёй маці. З гэтым дакументам і дабраліся да дзедавага хутара.

— Пра бацьку што-небудзь ведалі?

— Ніякіх звестак пра яго не было. Толькі пасля вызвалення Гомеля даведаліся, што змагаўся з ворагам у час абароны Масквы. Быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а пасля шпіталя працаваў у штабе партызанскага руху пад кіраўніцтвам Панцеляймона Панамарэнкі. Восенню 1942 года на нашу сям'ю завялі справу, але нас своечасова папярэдзілі. Не адкладваючы, дзед закапаў на агародзе сабраную летам збажыну, у той жа дзень забіў парсючка і тушу паклаў на павозку. Як толькі звечарэла, усёй сям'ёю па патайнай дарозе адправіліся ў лес да партызан, што стаялі непадалёку ад Дняпра. За намі следам крочыла прывязаная да павозкі карова.

— Што больш запомнілася з жыцця ў атрадзе?

— Партызанская кухня, дзе гатавала маці. Памятаю і бахілы, што дзед зладзіў мне з нямецкіх трафейных шын. Аднойчы з ім пайшлі збіраць грыбы. Зайшлі ў лес і патрапілі пад аблаву. Карнікі крочылі ланцугом без сабак. Дзед умомант падмяў мяне пад сябе, і так ляжалі. Кулямётнымі чэргамі яны страчылі па хмызе, але нас не заўважылі. Калі трапілі ў атрад, родныя галасілі: «Згубіў дзед унука і сам загінуў».

А ці можна забыць пераправу праз шырокі Днепр восенню 1943 года, калі Чырвоная армія гнала ворага на захад? Перапраўляліся ноччу на лодках і плытах. Старэйшыя затыкалі дзецям рот, каб не падавалі голас. Фашысты з самалётаў запускалі ракеты і няспынна бамбілі па рацэ. Мяне маці схавала пад спадніцу. Карцела выглянуць, каб ведаць, што творыцца навокал. Пасля той пераправы доўга не мог прыйсці ў сябе. Бабуля Марфа сваім метадам вызваляла ад спуду.

Летам 1944 года ў вызвалены Мінск вярнуўся бацька. Да яго з хутара паехалі маці і сястра Ніна. Мы з Тусяй засталіся пад апекай дзеда і бабулі Марфы. Адкапалі схаванае зерне. Прыехаў да нас бацька. Дзядуля распытваў яго пра перажытае за вайну, цікавіўся планамі. У наступным годзе дзеда не стала. Незвычайна ён развітаўся з намі. Загадаў бабулі насмажыць блінцоў. Пад'еў, лёг на палаці і сказаў, што будзе паміраць. Папрасіў паклікаць святара. Усхваляваная бабуля Марфа паведаміла пра гэта сусе­дзям. Людзі сабраліся ў хату і вырашылі, што нешта не так з галавою ў гаспадара. А дзядуля сваё: завіце святара, каб перад адыходам паспавядаў. Канём прывезлі бацюшку з Целяшоў, дзядуля выспаведаўся перад ім і вымавіў: «Бывайце». Заплюшчыў вочы і памёр. Бацька прадаў дом на хутары і купіў пустуючую хачу каля Івянца. Перавезлі ў Мінск, пасадзілі сад.

— Якія планы былі ў вас пасля атрымання сярэдняй адукацыі?

— У старэйшых класах нам ладзілі экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы Мінска. Глядзеў на зборачныя канвееры трактарнага, аўтазавода і думаў, што гэта не маё. Вырашыў паступаць у сельгасакадэмію. Прывабліваў мяне факультэт плодаагародніцтва. На нашым прысядзібным участку самастойна вырошчваў гародніну. Дапамагаў бацькам даглядаць сад.

У Горках уразіў небывалай прыгажосці прасторны батанічны сад. Адчуў у ім штосьці роднае і блізкае сэрцу. Падкупілі непаўторнасцю цяністыя алеі. Здаў дакументы ў прыёмную камісію. У пасляваенныя гады конкурс сярод абітурыентаў акадэміі быў высокі. На ўступных экзаменах атрымаў пяцёркі па фізіцы і хіміі, а сачыненне напісаў на тройку і не паступіў. Вярнуўся ў Мінск. Стаў працаваць рабочым НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства, што адкрыўся ў прыгараднай з Мінскам Лошыцы. Здзейсніў сваю мару: стаў вучыцца ў сельгасакадэміі, дзе закахаўся ў аднакурсніцу Раісу Палякову. Пажаніліся і больш як 60 гадоў крочым разам. Наша дачка Наталля абараніла док­тарскую дысертацыю і атрымала званне прафесара. У Інстытуце пладаводства займаецца распрацоўкай біятэхналогій. На геа­факу БДУ выкладае яе муж Юрый Кухарчык. Двое ўнукаў і пяць праўнукаў працягваюць сямейны радавод. Праўнукаў больш вабяць камп'ютары, гаджэты. Ім выбіраць сваё будучае. Спадзяюся, ім пашчасціць у жыцці на цудоўных людзей, як мне выпала пачынаць сваю працоўную дзейнасць пад кіраўніцтвам вядомых далёка за межамі нашай рэспублікі вучоных-селекцыянераў мужа і жонкі Аляксея і Эмы Сюбаравых.

— Іх можна назваць вашымі хроснымі бацькамі ў селекцыйнай навуцы?

— Доктар сельгаснавук, прафесар Эма Сюбарава займалася стварэннем гібрыднага фонду костачкавых і перадала навуковую эстафету мне. Гэта і стала пачаткам маёй навуковай дзейнасці. Кандыдацкую і док­тарскую дысертацыі прысвяціў вывучэнню сартоў сліў. Праца селекцыянера карпатлівая і вельмі адказная. Ганаруся, што апраўдаў у навуковай дзейнасці давер Эмы Пятроўны. Створаныя ў інстытуце сарты сліў і буйнаплоднай алычы абагацілі сады не толькі Беларусі, але і суседніх краін. Беларусь — мая Радзіма, тут мае карані і будучае маіх нашчадкаў.
Чакаю вясновага цяпла і чарговай сустрэчы з квітнеючым садам. Першымі заўжды зацвітаюць костачкавыя, і кожны раз гэта прыгажосць ускалыхвае мае пачуцці. Вялікае шчасце — дачакацца вынікаў навуковых даследаванняў. Эстафету ў інстытуце годна нясуць маладыя вучоныя. Актыўна вядуцца доследы, абараняюцца навуковыя дысертацыі. Дзяржаўны рэестр папаўняецца новымі сартамі садовых культур.
— Ці паўплывалі ўведзеныя калектыў-ным Захадам санкцыі на навуковую дзейнасць інстытута?

— Нашы галоўныя партнёры ў доследнай справе — расійскія селекцыянеры, упэўнена працуем з імі. А што тычыцца раяніравання выведзеных сартоў слівы і буйнаплоднай алычы, то некаторыя з іх, акрамя Расіі, трывала прапісаліся ў Прыбалтыцы, Украіне, Польшчы і іншых краінах. Агульная калекцыя слівы і алычы, у якіх высокая зімаўстойлівасць, хуткаплоднасць і выдатныя спажывецкія якасці, перавышае 350 сартоў, форм і гібрыдаў. Большасць з іх аб'яўлены нацыянальным набыткам і ўключаны ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб'ектаў. Увогуле калекцыя новых пладовых сартоў інстытута — адна з найбольш буйных ва Усходняй Еўропе. Па саставе культур і іх відаў нашаму фонду няма роўных у Беларусі. У навукова-доследным садзе растуць па некалькі дрэўцаў выведзеных сартоў кожнага ўзору. Калекцыі пастаянна абнаўляюцца. Дзякуючы такой базе ёсць магчымасць весці сур'ёзныя навуковыя даследаванні. Дзейнічаюць дамовы па навуковым супрацоўніцтве па слівах і алычы з калегамі з Венгрыі і Румыніі. Ездзім да іх, і яны да нас прыязджаюць абменьвацца вопытам. Нягледзячы на складанасці, узаемадзейнічаем з польскімі калегамі.

— У чым значнасць старадаўніх сартоў і перавага новых?

— З майго навуковага вопыту звычайна палова поспеху — сорт, а ўсё астатняе — агратэхніка. Перавага новых сартоў, што мне ўдалося вывесці, — хуткаплоднасць, якая дазваляе аператыўна акупаць затраты на закладку доследных плантацый. Нярэдкія выпадкі былі, калі кветкавыя пупышкі закладваліся на аднагадовых саджанцах алычы. У плоданашэнне такія гадаванцы ўступаюць праз год-два пасля пасадкі. Да 40 кілаграмаў буйных пладоў дае такое трохгадовае дрэўца. Хуткаплоднасць ва многім вызначаецца генатыпам, а таксама выкарыстаннем слабарослых прышчэп.

— Выведзены багаты асартымент сартоў слівы і буйнаплоднай алычы. Але чаму ў нас няма прамысловых слівавых ці алычовых садоў?
— На жаль, так атрымліваецца, што гандлёвай сетцы і перапрацоўчым прадпрыемствам больш выгадна закупляць садавіну ў замежжы. Гэта заганная палітыка. Нашы кансервавыя заводы, як і ў былыя гады, выпускаюць трохлітровымі слоікамі салёныя агуркі, памідоры ці іншую гародніну. Мала клапоцяцца пра выпуск новых відаў прадукцыі. З сорту слівы «кромань» можна прамыслова атрымліваць ідэальны чарнасліў. Але ні на адным перапрацоўчым прадпрыемстве няма такой лініі. Завозім з-за мяжы па высокіх цэнах гэты каштоўны прадукт.
Летась у Беларусі нарыхтавана 250 тысяч тон яблыкаў. Яны паспяхова рэалізуюцца ў магазінах, 70 тысяч тон пастаўлена ў Расію. Важна не толькі вырасціць прадукцыю, але і знайсці ёй прымяненне. Мой сябра фермер пасадзіў 10 гектараў сартавой алычы, атрымаў багаты ўраджай і толькі 5 тон рэалізаваў для перапрацоўкі на кансервавы завод, а паўсотні тон закапаў, бо не было куды збыць. Мару дачакацца такога часу, калі зашумяць слівавыя і алычовыя сады ў Беларусі і ўвесь ураджай іх будзе запатрабаваны. Гэта лепшая ўзнагарода нам, вучоным-селекцыянерам. Неабходны інвестыцыі ў гэту справу. Спадзяюся, дачакаюся. Наспеў час на дзяржаўным узроўні заняцца садоўніцтвам і перапрацоўкай прадукцыі, каб вырашыць праблему імпартазамяшчэння.

— Валерый Аксёнавіч, як вучоны вы сябе лічыце ўдачнікам?

— Без сумнення, усё цудоўна атрымлі­ваецца. Дапамагае мне ў гэтым анёл-ахоўнік. Колькі разоў выручаў мяне ў складаных сітуацыях. Як у той прымаўцы: адзін дзівак паскардзіўся на анёла-ахоўніка, што той у цяжкія хвіліны не крочыў побач. Анёл мудра адказаў: «Не крочыў, а на руках цябе нёс». Так і я адчуваю падтрымку анёла ў складаны момант.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter