На фестивале «Ракуцёўскае лета-2024» почтили память классика белорусской литературы Максима Богдановича

Воблік «той дзяўчынкі мілай...»

«Ракуцёўскае лета‑2024» па традыцыi ўшанавала памяць класiка беларускай паэзіі Максiма Багдановiча

Па старой добрай традыцыi 41‑ы раз паэтычны фестываль «Ракуцёўскае лета‑2024» пад Маладзечна сабраў аматараў прыгожага пiсьменства, роднай культуры i творчасцi Багдановiча. Больш за стагоддзе таму, у 1911 годзе, класiк нашай лiтаратуры Максiм Багдановiч гасцяваў на Ракуцёўшчыне два летнiя месяцы. За гэты непрацяглы час пясняр чыстай прыгажосцi (як яго называюць крытыкi) напiсаў свае лепшыя творы — цыклы вершаў «Старая Беларусь» i «Места», паэмы «Веранiка» i «У вёсцы», якiя сталi падмуркам для знакамiтага зборнiка «Вянок».


Прыезд 19‑гадовага паэта ў гэтыя мясцiны стаў першым дарослым знаёмствам з Беларуссю. У Ракуцёўшчыну яго запрасiлi сябры — браты Луцкевiчы, дзе жыў iх дзядзька шляхцiч Лычкоўскi. Багдановiча пасялiлi ў невялiчкi дамок арандатара. Паэт шмат гутарыў з мясцовымi жыхарамi, знаёмiўся з iх укладам жыцця, слухаў беларускую мову. Ён адчуваў сябе ў Ракуцёўшчыне па‑сапраўднаму шчаслiвым. Сваю ўсмешку дарыла маладая пляменнiца гаспадынi. Свежае паветра, прагулкi, добразычлiвасць гаспадароў iшлi на карысць. Тут хвораму на сухоты Максiму дыхалася лёгка i глыбока.

Маёнтак, акружаны з усiх бакоў глухiмi барамi, стаў для Багдановiча сiмвалам роднага краю. Ужо 30 гадоў як тут працуе музей «Фальварак Ракуцёўшчына», дзе можна ўбачыць дом гаспадара, што ласкава прымаў госця з берагоў Волгi, наведаць гумно з усiмi тагачаснымi прыстасаваннямi, адчуць смак «жывой вады» з Максiмавай крынiцы. Яна дагэтуль поiць лiтаратараў натхненнем. Паэт пiсаў: «У родным краi ёсць крынiца жывой вады. Там толькi я змагу пазбыцца сваёй нуды…»

Арганiзатарам першага свята на Ракуцёўшчыне, пачынальнiкам фестывальнай традыцыi ў далёкiм 1981 годзе стаў першы дырэктар Лiтаратурнага музея Максiма Багдановiча, а цяпер старшыня Мiнскага гарадскога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Мiхась Пазнякоў:

— Ракуцёўшчына — незвычайная, пацалаваная Богам мясцiна, дзе Максiм Багдановiч упершыню пачуў жывую родную мову, спазнаў сапраўднае народнае жыццё, гаiў свае хворыя грудзi, адчуў сябе беларускiм паэтам i пераканаўся, што яму трэба хутчэй прыязджаць на радзiму, каб служыць сваёй зямлi i народу.
У чым разгадка загадкi Багдановiча? Ён рана страцiў мацi, а затым радзiму, таму ўсёй душой iрваўся да самага дарагога, чаго быў пазбаўлены. Лёс падараваў паэту мала гадоў, але ён паспеў зрабiць столькi, што на ўсе новыя стагоддзi застанецца нашым гонарам i багаццем.
Мiхась Пазнякоў падкрэслiў, што паэзiя Максiма Багдановiча надзённая i цяпер. Дастаткова прывесцi такiя радкi: «Нашто на зямлi сваркi i звадкi, боль i горыч, калi ўсе мы разам ляцiм да зор?» Сапраўды, у свеце шмат войнаў, гвалту, а трэба, як рабiў Багдановiч, служыць радзiме, роднай культуры, гiсторыi, сваёй зямлi i народу спакойна, без шуму сваiмi ўчынкамi, працай рук i розуму.

Арганiзаваў паэтычнае свята, як заўсёды, Дзяржаўны музей гiсторыi беларускай лiтаратуры. Праграма насычаная: аглядавыя экскурсii па экспазiцыi, аўтограф‑сесii ад беларускiх лiтаратараў, пленэры, прэзентацыi, дэгустацыi, творчыя конкурсы, выставы, майстар‑класы, выступленнi таленавiтых артыстаў. У свяце паўдзельнiчала вялiкая дэлегацыя Саюза пiсьменнiкаў Беларусi — Мiхась Пазнякоў, Леанiд Крыванос, Iна Фралова, Рагнед Малахоўскi, Кацярына Хадасевiч‑Лiсавая i многiя iншыя. Стала добрай традыцыяй на фестывалi прымаць у шэраг СПБ новых сяброў, якiмi сталi Палiна Корнева, Максiм Хацкевiч, Лiдзiя Гардынец.

У нашай краiне шырока ўшаноўваецца памяць пра Багдановiча: ладзяцца фестывалi, працуюць музеi, яго iмя носяць бiблiятэкi i вулiцы, узведзены помнiкi, але самы высокi i сапраўдны помнiк паэту — наша ўдзячная i вялiкая памяць.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter