Ведаць, шанаваць і любіць

У Віцебску, на будынку па вуліцы Крылова, 4, адкрытая мемарыяльная дошка ў гонар Мікалая Каспяровіча — там жыў гэты краязнаўца, лексікограф, мастацтвазнаўца і літаратуразнаўца
У Віцебску, на будынку па вуліцы Крылова, 4, адкрытая мемарыяльная дошка ў гонар Мікалая Каспяровіча — там жыў гэты краязнаўца, лексікограф, мастацтвазнаўца і літаратуразнаўца

На ўрачыстасці былі сваякі дзеяча з Віцебска і Вялікага Ноўгарада, вучоныя, краязнаўцы, тыя, каму дарагая яго духоўная спадчына. Згадвалася, што Мікалай Іванавіч родам з вёсцы Ізабалёва Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён. Закончыў Мінскі інстытут народнай асветы і з 1921 года працаваў інспектарам Слуцкага, далей з 1924-га — Віцебскага аддзелаў народнай асветы. 3 1926 года ён працаваў як навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага часопіса “Наш край”. Па яго ініцыятыве ўтварылася Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства, якое аб’яднала больш за 100 сяброў. У 1925 годзе спадар Мікалай выдаў “Беларуска-расійскі слоўнічак”, у 1927-м — “Віцебскі краёвы слоўнік”.
Краязнаўцы, даследчыкі Беларусі і замежжа і сёння плённа выкарыстоўваюць факты, метадычныя парады, выкладзеныя ў працах Каспяровіча: “Арганізацыя краязнаўчага руху”, “Вывучэнне культурнага стану краю”, “Вывучэнне гісторыі сялянскіх сем’яў”, “Вывучэнне побыту рабочых”, “Асноўныя моманты ў гісторыі беларускага дойлідства”, “Віцебская архітэктура ў гістарычнай перспектыве”. “Мінск у графіцы А. М. Тычыны”, “Віцебск як мастацкі асяродак”, “Беларускі тэатр у Горадні”.
Мікалай Каспяровіч цікавіўся гісторыяй навукі, укладаў першы беларускі дапаможнік па тэорыі літаратуры “Узоры для літаратурных гурткоў пры “Маладняку” і гурткоў селькораў”. І, бадай, галоўнае: Мікалай Каспяровіч — таленавіты, самаадданы арганізатар масавага краязнаўчага руху Беларусі. Гэтай справе ён прысвяціў кароткае, але яркае жыццё.

Канстанцін Карнялюк, краязнаўца
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter