1939 год. Народнае гулянне ў Маладзечне ў гонар ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР.
— 17 верасня 1939 года — важная падзея не толькі ў гісторыі краіны, але і ў летапісе кожнай сям'і, што пражывала на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920—1940-я гады. Наколькі важна ведаць і памятаць пра гэта сёння?
В. Даніловіч: Падзеі восені 1939 года маюць велізарнае значэнне для нашай дзяржаўнасці і ўвогуле для беларускага народа. Сёння, як ніколі, мы выразна бачым, як нам усім неабходна быць адзінымі. Бо спробы ажыццявіць новы геапалітычны перадзел у сусветным маштабе не спыняюцца. Выкарыстоўваюцца розныя спосабы, каб раскалоць наша грамадства. Мы былі сведкамі гэтага ў 2020-м. Сёння польскія эліты лічаць неабходным кантраляваць ужо ўсю тэрыторыю Беларусі, а не толькі заходнюю, якая калісьці была ў скла-дзе польскай міжваеннай дзяржавы. Але калі мы будзем згуртаваны, то здолеем супрацьстаяць негатыўным знешнім выклікам.
Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ.
Важны момант: Дзень народнага адзінства мае грунтоўную гістарычную аснову, прысвечаны рэальнаму ўз'яднанню беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Таму асабіста я з задавальненнем буду адзначаць свята. Бо гэта дата мае адносіны да старонак мінулага і маёй сям'і. Продкі маці паходзяць з Заходняй Беларусі, а бацькі — з Усходняй. Калі б не адбыўся працэс уз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, то, магчыма, не было б і мяне самога.
С. Траццяк: Такая ж сітуцыя і ў мяне: маці родам з Заходняй Беларусі, з вёскі Жарабковічы Ляхавіцкага раёна, бацька — з Усходняй, з вёскі Запроссе Мазырскага раёна. Дарэчы, шмат для каго ў Беларусі гэта яшчэ і сямейнае свята. Шкада, што ў савецкі час пра гэты дзень не ўзгадвалі.
Сяргей ТРАЦЦЯК.
П. Трубчык: Відавочна, што ў нацыянальным аспекце 17 верасня 1939 года — вельмі важная падзея ў гісторыі Беларусі. Здзіўляе, чаму раней мы не адзначалі гэту дату. Калі мы гаворым аб яе значнасці сёння, маем на ўвазе не толькі пытанне палітычнае — наступствы Рыжскага мірнага дагавора 1921 года. Гаворка ідзе па сутнасці пра лёс паловы тэрыторыі Беларусі, дзе беларускае насельніцтва складала абсалютную большасць.
— І вось пытанне: чаму адбылося так, што лёс беларускага народа ў 1921 годзе вырашылі без беларусаў?
П. Трубчык: Справа ў тым, што ў той час не было тых магчымасцей, той сілы, якая б магла абараніць інтарэсы беларусаў. Так, палова тэрыторыі Беларусі — мяжа праходзіла ў 30 кіламетрах ад Мінска — апынулася ў складзе польскай дзяржавы.
Павел ТРУБЧЫК.
Дзень, калі беларускія землі ўз'ядналіся з БССР і справядлівасць перамагла, вызначыў будучае развіццё краіны. Сёння мы павінны памятаць пра гэта, праводзіць даследаванні таго часу і ўсяляк спрыяць захаванню гістарычнай праўды. Дарэчы, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі падрыхтаваны зборнік навуковых артыкулаў «Рыжскі мір 1921 года і Беларусь (да 100-годдзя заключэння)», які хутка будзе апублікаваны.
В. Мазец: У кантэксце гэтага пытання хочацца згадаць пра артыкул Янкі Купалы, які ён напісаў у верасні 1918 года. Ён быў прысвечаны падпісанню дадатковай дамовы да Брэсцкага мірнага дагавора. У ім вызначалася: «Нас рэжуць зноў і зноў. Па ранейшай дамове, па дадатковай, па мяркуемай новай. Чаму ж так адбываецца? І чаго беларусам не хапае?» Купала дае такі адказ: «Беларусам не хапае ўнутранай еднасці. Пакуль раз'яднаныя, нас могуць дзяліць і з захаду, і з усходу, і з поўдня, і з поўначы, забіраць сабе і зямлю, і людзей. І калі будзе еднасць, то тады гэта адбывацца не будзе». І яшчэ адзін важны момант — у артыкуле, напісаным у 1919 годзе, з нагоды перапетый, якія папярэднічалі падпісанню Рыжскага міра ў 1921-м, Купала пісаў: «Дзіўны мы народ, беларусы. Увесь час спадзяваемся, што нехта прыйдзе і зробіць за нас нашу справу нам на карысць. Але заўсёды, хто прыходзіць, робіць справу на сваю карысць».
Валянцін МАЗЕЦ.
Сёння многіх цікавіць пытанне: чаму будучыню цэлага краю вырашылі без беларусаў і за беларусаў? Справа ў тым, што ў адрозненне ад суседніх народаў, якія былі раней у складзе Расійскай імперыі, суб'ектывізацыя ў беларусаў адбывалася даволі запознена. Таму пры заключэнні Рыжскага мірнага дагавора лёс беларускага народа быў вырашаны без беларусаў. З другога боку, сыграў сваю ролю і геапалітычны фактар. Тыя ж краіны Антанты, якія стаялі за спіною ў Польшчы, не былі зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была самастойнай дзяржавай, а беларусы — самастойным суб'ектам. Таму на Захадзе вырашылі, што гэта — ўнутраная справа Польшчы і савецкай Расіі.
— 17 верасня немагчыма аца-ніць, не прыняўшы пад увагу рэаліі, якія склаліся ў заходнебеларускіх рэгіёнах у 1920-х. Якія фактары далі штуршок да развіцця ідэі Юзафа Пілсудскага аб аднаўленні Польшчы ў межах 1772 года — «ад можа да можа»?
В. Даніловіч: Трэба памятаць аб тым, што Першая сусветная вайна ўвогуле абвастрыла нацыянальнае пытанне ў Еўропе. Польшча, польскія эліты заўсёды марылі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай, якую лічылі сваёй дзяржавай, хаця ў ёй пражываў цэлы шэраг нацыянальнасцей, а не толькі палякі. Тым не менш тамтэйшыя эліты пачынаючы з канца XVII — XVIII стагоддзя ўспрымалі сваю дзяржаву як чыста польскую. Можна ўзгадаць тое, што той жа Юзаф Пілсудскі яшчэ ў час вайны ўзначальваў польскі легіён. Былі створаны ўзброеныя фарміраванні ў складзе Аўстра-Венгерскай імперыі. А потым, калі было зразумела, што паражэнне непазбежна, заключаны Брэсцкі мірны дагавор (3 сакавіка 1918 года). Расія з вайны паступова выходзіла. Тыя землі, якія цікавілі Польшчу, адыходзілі пад уплыў Германіі, але ў выніку рэвалюцыйных падзей у лістападзе 1918 года фактычна яна сама пацярпела паражэнне. Польскія ж эліты заручыліся падтрымкай краін Антанты, якія адобрылі ідэю Пілсудскага аб тым, што неабходна аднавіць польскую дзяржаву ў межах Рэчы Паспалітай 1772 года.
Тут неабходна памятаць: Пілсудскі разумеў, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі жывуць не толькі палякі, таму спрабаваў прасоўваць ідэю прадстаўлення на Крэсах Усходніх нейкіх аўтаномій, аб чым ён гаварыў, калі прыязджаў у Мінск. Абяцаў, што новая ўлада будзе ўлічваць інтарэсы іншых народаў. Але па факце гэта былі проста словы, якія не пацвердзіліся.
Дарэчы, ужо ў час польска-савецкай вайны, калі польскія войскі займалі тэрыторыю Беларусі, акупацыйныя органы кіравання пачалі працаваць на польскай мове. Калі чалавек не лічыў сябе палякам, не размаўляў па-польску, яго ніхто не слухаў.
Акрамя федэралісцкай канцэпцыі Пілсудскага, у польскіх элітах існавала пытанне аб тым, што неабходна стварыць унітарную Польшчу, а ўсе народы на акупіраванай тэрыторыі асіміляваць і тым самым умацаваць польскую дзяржаву. Гэту канцэпцыю распрацоўваў лідар польскіх нацыянал-дэмакратаў Раман Дмоўскі. Ён не лічыў беларусаў гістарычным народам, сцвярджаў, што яны не маюць права на ніякую дзяржаўнасць і павінны быць проста асіміляваны. У асяроддзі правячай эліты Польшчы падтрымку атрымала якраз гэтая канцэпцыя.
Пачала разгортвацца палітыка мэтанакіраванай паланізацыі, якая ажыццяўлялася і культурнымі, і палітычнымі, і эканамічнымі сродкамі. Гэта нягледзячы на тое, што па Версальскім мірным дагаворы, які завяршыў Першую сусветную вайну, Польшча брала на сябе абавязкі захоўваць правы нацыянальных меншасцей на сваёй тэрыторыі. Але, як потым аказалася, гэта ўсё было не больш чым шырма. А рэчаіснасць была іншай: калі спачатку на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвалася да 400 школ, то ў 1938-м фактычна не засталося ніводнай.
— Аднак насельніцтва не змірылася, не прыняло польскую ўладу. На тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаў зараджацца партызанскі рух…
В. Даніловіч: Так, вызваленчая барацьба знаходзіла водгук сярод мясцовага насельніцтва. Жорсткімі метадамі тэрору ўлады яе імкнуліся падавіць, але яна не спынялася. Беларускія дзеячы, нацыянальныя арганізацыі паступова перайшлі да легальных форм барацьбы за адстойванне правоў беларускага народа, удзельнічалі ў парламенцкіх выбарах. У 1922-м быў створаны Беларускі пасольскі клуб, які дзейнічаў у польскім сейме, і велізарная, самая масавая ў нашай гісторыі нацыянальна-вызваленчая грамадская арганізацыя Беларуская сялянска-работніцкая грамада, якая ў сваіх шэрагах налічвала больш за 100 тысяч чалавек. Але напалоханыя польскія ўлады забаранілі яе дзейнасць.
— Сёння сярод старажылаў заходніх рэгіёнаў нашай краіны існуе трохі прыземлены міф пра тое, што нібыта «за польскім часам нядрэнна жылося». Чаму ў некаторых магло скласціся такое ўражанне? Наколькі яно адпавядала рэчаіснасці?
С. Траццяк: Памяць вусная, і памяць гісторыі — рэчы, якія працуюць у розных вымярэннях. У прынцыпе, для чалавечай памяці характэрна выбіральнасць. Чалавек не помніць усё, праз што ён прайшоў. Ён помніць пэўныя моманты, можа іх ідэалізаваць, альбо яны становяцца чорнымі вехамі жыцця. Тое ж датычыцца пэўных сацыяльных груп і грамадстваў.
Сентэнцыя аб тым, як добра жылося «за польскім часам», магла з'явіцца толькі пасля таго, як заходнебеларускае грамадства прайшло Вялікую Айчынную вайну, германскую акупацыю. Сапраўды, вопыт 1940-х — пачатку 1950-х прычыніўся да таго, што жыццё «за польскім часам» пачалі ўспамінаць неяк ідэалізавана.
В. Мазец: Тут трэба адрозніваць палітычна актыўную частку насельніцтва, якая мела пэўны ўзровень адукацыі, і простых сялян. Калі пачалася вайна, беларусы нацярпеліся жахаў. Таму на кантрасце і казалі, што быццам пры Польшчы жылося лепш.
В. Даніловіч: У польскай дзяржаве добра жылося толькі невялікай частцы грамадства. Астатнім патрэбна было выжываць. Таму, калі адбылося ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, большасць насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці.
— Якія рысы гаспадароў Крэсаў Усходніх навукоўцам удалося раскрыць падчас даследчыцкай дзейнасці?
В. Мазец: Зусім нядаўна вярнуўся з горада Бярозы, дзе ў 1930-х гадах існаваў канцлагер Бяроза-Картузская. Удалося ўдакладніць некаторыя дэталі. Канцлагер быў створаны паводле дэкрэта прэзідэнта польскай дзяржавы, Савета міністраў для таго, каб утрымліваць там палітычных апанентаў польскай улады. Ён быў разлічаны на 300 чалавек, аднак з мэтай перавыхавання ў ім змяшчалі да 900 вязняў. Напрыклад, у «бетонных мяшках», як іх называлі, магло размяшчацца замест двух чалавек — дзесяць. Польская Канстытуцыя забараняла пакаранні, звязаныя з фізічнымі здзекамі, аднак менавіта яны надзвычай шырока тут прымяняліся.
В. Даніловіч: Больш таго, самі стваральнікі канцлагера казалі: з яго ёсць толькі два шляхі — або на могілкі, або ў бальніцу. Чаму такія жорсткія парадкі? Кіраўніцтва лагера спецыяльна накіроўвала сваіх супрацоўнікаў на стажыроўку ў нацысцкую Германію, у канцлагеры, якія ў той час там ствараліся. Бесчалавечныя парадкі выкарыстоўваліся і тут, у Бярозе-Картузскай.
За амаль пяць гадоў існавання (з 1934-га па 1939-ы) праз яго прайшлі больш як 10 тысяч чалавек. Сярод іх былі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, а таксама палякі, якія чымсьці не падабаліся кіруючаму рэжыму. Дастаткова было рашэння мясцовых улад: маўляў, гэты чалавек нам не падабаецца, і яго можна было накіраваць у канцлагер для таго, каб яго там «перавыхавалі», а на самай справе спрабавалі зламаць духоўна і фізічна.
Жыхарам горада забаранялася весці пра лагер размовы, падыходзіць да яго. Жорсткі рэжым адпавядаў духу, які існаваў у канцлагерах, створаных у нацысцкай Германіі. І гэта было заканамерна. Польшча была першай краінай Еўропы, якая заключыла дагавор аб ненападзенні з нацысцкай Германіяй у 1934 годзе. Сёння палякі любяць папракаць: маўляў, Савецкі Саюз заключыў з Германіяй дагавор аб ненападзенні. Аднак, яны зрабілі гэта на пяць гадоў раней і ўвесь час супрацоўнічалі з нацысцкімі ўладамі, якія былі блізкія ім па духу. Польшча ў 1934-м на ўзроўні Лігі Нацый заявіла аб тым, што адмаўляецца ад усялякіх гарантый правоў нацыянальных меншасцей і будзе ствараць унітарную краіну любымі сродкамі. Такім чынам, усё вылілася ў гэтыя жудасныя рэчы.
— І беларусам ад такіх улад нічога добрага чакаць не даводзілася...
В. Даніловіч: Заходняя Беларусь і ўладамі разглядалася як аграрна-сыравінны прыдатак да карэннай Польшчы. Адносна развіты прамысловы цэнтр знаходзіўся толькі ў Беластоку, астатнія прадпрыемствы былі дробныя, перапрацоўвалі мясцовую сыравіну. Пры гэтым асаднікам зямля прапаноўвалася на льготных умовах або ўвогуле бясплатна. Яны былі так званай сацыяльнай апорай для ўлад у правядзенні палітыкі паланізацыі. Самім беларусам зямлі не хапала, бо ў польскай дзяржаве было захавана памешчыцкае землеўладанне. Таму назіраўся масавы выезд сялян за межы Польшчы.
Тыя спробы рэформ, якія хацелі правесці ўлады, каб «вырашыць» зямельнае пытанне — парцэляцыя, камасацыя, ліквідацыя сервітутаў, — фактычна не адпавядалі інтарэсам сялян. Чаму? Таму што парцэляцыя — падзел часткі дзяржаўнай і памешчыцкай зямлі на дробныя кавалкі, якія маглі набыць усе жадаючыя, — патрабавала грошай. Камасацыя — перасяленне на хутары, калі селянін хацеў атрымаць не некалькі кавалкаў у розных месцах, а ў адным, таксама аплачвалася ім самім. Ліквідацыя сервітутаў увогуле наносіла цяжкі ўдар па сялянскім землекарыстанні, бо фактычна пазбаўляла права карыстацца лугамі і лясамі.
С. Траццяк: Звернемся да такой акалічнасці, як сацыяльныя ліфты. Ці мог чалавек, што пражываў на тэрыторыі Крэсаў, з ніжэйшых пластоў грамадства падняцца наверх, заняць высокую пасаду, стаць слынным? Нягледзячы на розныя выпрабаванні, якія выпалі на долю савецкай Беларусі ў 1920—1930-я гады, быў час, калі сацыяльныя ліфты працавалі, як ніколі раней. Сялянскія дзеці станавіліся і інжынерамі, і вучонымі, і арганізатарамі сельскагаспадарчай вытворчасці, і афіцэрамі, і нават дзяржаўнымі дзеячамі.
На тое, каб гэтыя сацыяльныя ліфты працавалі, была скіравана і сістэма адукацыі, якая, дарэчы, была бясплатнай, працавала сістэма пазашкольнай адукацыі. Людзі спявалі «как хорошо в стране советской жить» не таму, што іх прымушалі, а таму, што сапраўды бачылі: жыць становіцца з кожным днём лепш. Так, быў страшэнны правал у 1930-х гадах. Аднак у Заходняй Беларусі насельніцтва жыло надгаладзь.
Па афіцыйных польскіх звестках, у 1930-х ва ўсходніх ваяводствах галадала амаль 800 тысяч чалавек, і без усялякай калектывізацыі, дарэчы. Па-другое, сацыяльныя ліфты не працавалі. Улады ўзялі курс на згортванне беларускай сістэмы адукацыі. Гэта было зроблена свядома. Тым больш беларускаму насельніцтву не было дадзена права ўдзелу ў дзяржаўным жыцці. Мовай зносін мясцовага насельніцтва з дзяржавай была толькі польская.
У Віленскім універсітэце беларусы складалі каля 10 працэнтаў студэнцкай грамады, і гэта колькасць мела тэндэнцыю да паніжэння. Урэшце рэшт, сістэма адукацыі Польшчы не спрыяла таму, каб выхадзец з ніжэйшых сацыяльных пластоў мог прайсці ўсе ступенькі і атрымаць вышэйшую адукацыю.
Толькі пачатковая школа была бяс-платнай. Навучанне ў сямікласнай патрабавала аплаты. Што тычыцца гімназій, для таго, каб год правучыцца, трэба было заплаціць 200 злотых. Акрамя таго, у Заходнюю Беларусь адпраўлялі настаўнікаў, якіх звальнялі за непедагагічныя адносіны да навучэнцаў. І вось гэтыя людзі ехалі сюды як носьбіты цывілізацыі. Якія будуць прышчапляць яе дзікунам. Дарэчы, у 1930-я гады ў Польшчы пачаў развівацца ўнутраны турызм. Ён быў накіраваны з карэнных тэрыторый у Заходнюю Беларусь, каб паказаць, як жывуць сярод некранутай, дзікай прыроды абарыгены.
В. Даніловіч: Яшчэ адзін момант, на які трэба звярнуць увагу, — канфесійная палітыка ўлад. Яны і пазіцыянавалі такі тэзіс: калі ты католік — значыць, паляк. Ксяндзы, якія ажыццяўлялі службу на беларускай мове, высылаліся ў карэнную Польшчу або за мяжу, а сюды прыязджалі польскія. У праваслаўнай царквы адбіраліся храмы, якія калісьці былі каталіцкімі. Пры гэтым часта яны проста зачыняліся, бо большасць насельніцтва наваколля належала да праваслаўя. З 1930-х гадоў польскія ўлады ўвогуле пачалі паланізаваць праваслаўную царкву.
— Якія факты пацвярджаюць тое, што мясцовае насельніцтва, сустракаючы Чырвоную армію з хлебам-соллю ў руках, у той час зрабіла правільны выбар? Якія істотныя змены ў іх жыцці адбыліся пасля ўз'яднання заходнебеларускіх рэгіёнаў з БССР?
В. Даніловіч: Змены да лепшага адчуліся адразу. Гэта пацвярджаюць лічбы: калі ў 1938 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі было 80 бальніц і каля тысячы ўрачоў і медработнікаў, то ў 1940-м — 243 бальніцы, 207 паліклінік і амбулаторый, звыш 1750 урачоў, больш 5,5 тысячы медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна. Прычым медыцынскае абслугоўванне стала бясплатным. Змены да лепшага назіраліся ў сістэме адукацыі. У 1938 годзе ў заходнебеларускіх рэгіёнах не засталося ніводнай школы з беларускай мовай навучання. Пры тым, што звыш 4670 школ былі на польскай мове. Больш 100 тысяч дзяцей пры польскай уладзе не наведвалі нават пачатковую школу, а ў савецкай Беларусі пры ўсіх хібах і недахопах у 1939-м пачатковая школа была абавязковай для ўсяго насельніцтва.
Дык вось, у 1940/1941 навучальным годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала больш за 5 тысяч школ, з іх 4,5 тысячы вялі навучанне на беларускай мове. Астатнія ажыццяўлялі дзейнасць на ідыш, польскай, рускай і літоўскай мовах. Як бачым, быў улік асаблівасцей мясцовага складу насельніцтва.
Больш 170 тысяч чалавек у Заходняй Беларусі ў 1940 годзе наведвалі школы ліквідацыі непісьменнасці.
Мы казалі, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі пры польскай уладзе існавала толькі адна вышэйшая навучальная ўстанова — Віленскі ўніверсітэт. З далучэннем заходнебеларускіх рэгіёнаў да БССР там было створана пяць ВНУ, 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пяць тэатраў, 220 бібліятэк. У культуры таксама адбыліся значныя змены.
За адзін год пры БССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, дзе працавала каля 40 тысяч рабочых. Аб'ём прадукцыі ўдвая перавышаў той, што выпускаўся «за польскім часам».
Прамысловасць вырасла ў два разы і складала амаль 28 працэнтаў ад агульнага валавога прамысловага прадукту савецкай Беларусі. Беспрацоўе ў 1940 годзе фактычна было ліквідавана.
Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР было аформлена самым дэмакратычным шляхам. Былі праведзены выбары дэлегатаў. Фактычна гэта было ўсеагульнае выбарчае права. Многія людзі ўпершыню прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і змаглі прагаласаваць. Гэта таксама велізарны кантраст з польскім часам. У Народным Сходзе былі прадстаўлены ўсе нацыянальнасці краю. І гэты Сход аднагалосна прагаласаваў за ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
П. Трубчык: У 1939 годзе ўз'яднаўся адзіны народ — тэрытарыяльна, культурна, нацыянальна. І гэта стала важнай падзеяй на шляху кансалідацыі беларускага грамадства, далейшага нацыянальнага самавызначэння і дзяржаўнага будаўніцтва на беларускіх землях.
kuzmich@sb.by
Ад «СГ». Выказваем шчырую па-дзяку ўдзельнікам размовы, а таксама дырэктару Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзіму Лакізу за дапамогу ў арганізацыі круглага стала.