У Саюзе пісьменнікаў Беларусі адбыўся пленум па пытаннях сучаснай дзіцячай літаратуры. Сёлета ён прайшоў не зусім традыцыйна. Акрамя праўлення СПБ у Доме літаратара сабраліся настаўнікі-філолагі, бібліятэкары, кіраўнікі выдавецтваў і кнігарняў, пісьменнікі, якія не ўваходзяць у кіруючыя органы саюза, але настойліва праз усё жыццё працуюць над дзіцячай літаратурай. Сваімі досведамі падзяліліся многія зацікаўленыя ў гэтым пытанні.
- Як толькі збавім тэмп ці станем менш увагі надзяляць дзіцячым кнігам, гэты сегмент запоўняць нашы ворагі. Яны тонка і акуратна рэалізуюць свае мэты рознымі шляхамі. Узяць бы выданне “Книжка про зубы” з бел-чырвона-белымі матывамі. Або “Беларускія нячысцікі”, якія аўтар прысвяціў сваім дзецям. Пад выглядам міфалогіі падаюцца жудасныя пачвары, пасля прагляду якіх тыдзень не будзеш спаць. Вось такое выхаванне маральных каштоўнасцей у бчб-прыхільнікаў! Таму наша агульная задача – нарошчваць спіс канкурэнтнай літаратуры, якая б вучыла дабрыні, веры і праўдзе.
Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык падкрэсліў, што кніга – магутны сродак выхавання:
- Прачытаная ў дзяцінстве, яна застаецца ў памяці надоўга. Без кнігі няма прафесійнага станаўлення, эмацыйнага і інтэлектуальнага развіцця. З часам дзіцячая літаратура імкліва змяняецца, перастае быць проста займальнай ці асветніцкай – яна паказвае мадэлі паводзін, дапамагае разабрацца ў жыцці. Таму нам, дарослым, важна сачыць за тым, што чытаюць нашы дзеці. Ад гэтага залежыць іх асабісты поспех і лёс краіны. Трэба дапамагаць ім адрозніваць сапраўдныя шэдэўры мастацкага слова ад твораў-аднадзёнак.
Пленум прайшоў пад кіраўніцтвам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара – галоўнага рэдактара выдавецкага дома “Звязда” Алеся Карлюкевіча. Дарэчы, менавіта ў гэтым выдавецкім доме выпускаецца значная частка айчыннай дзіцячай літаратуры. На пленуме разгледжаны многія прапановы. Напрыклад, стварыць у СПБ самастойнае выдавецтва “Дзіцячая літаратура”, прадаставіць ільготы і прэферэнцыі для выдавецтваў і арганізацый кнігагандлю, правесці традыцыйны фестываль дзіцячай кнігі, рэспубліканскую акцыю ў падтрымку сямейнага чытання. Усё для таго, каб нацыянальная кніга стала брэндам.