В преддверии Нового года с семьей Игоря Лученка лепили пельмени с сюрпризом – Алена Свиридова

Педагог Мар'iнагорскага дзяржагратэхкаледжа iмя Уладзiмiра Лабанка Алена Свiрыдава: «Напярэдаднi новага года з сям'ёй Iгара Лучанка ляпiлi пельменi з сюрпрызам…»

Лясная прыгажуня ззяе рознакаляровымi агеньчыкамi ў галоўным корпусе Мар'iнагорскага аграрна-тэхнiчнага кале­джа iмя Уладзiмiра Лабанка. Гэта сярэдняя спецыяльная ўстанова адукацыi краiны праз два гады адзначыць юбiлей — 150 гадоў з дня заснавання. Выпускнiкоў у альма-матэр больш за трыццаць тысяч. У Кнiгу славы каледжа занесены iмёны многiх слынных выхаванцаў, сярод якiх два героi Савецкага Саюза, шэсць герояў Сацыялiстычнай Працы, поўны кавалер ордэна Славы, амаль сорак кандыдатаў i дактароў сельгаснавук, грамадскiя дзеячы, перадавыя хлебаробы краiны. 

Аграрныя прафесii на трох аддзяленнях атрымлiваюць звыш шасцiсот навучэнцаў. Гiсторыя каледжа адлюстравана ў краязнаўчым музеi, створаным паўвека таму. На грамадскiх пачатках кiруе iм выкладчыца роднай мовы i лiтаратуры Алена СВIРЫДАВА. Знаёмая ёй кожная сцяжына на тэрыторыi вучэбнага гарадка: тут нарадзiлася, вырасла i больш як дваццаць гадоў таму пасля заканчэння фiлалагiчнага факультэта Беларускага дзяржпедунiверсiтэта iмя Максіма Танка пачала педагагiчную дзейнасць. Пад кiраўнiцтвам Алены Валянцiнаўны будучыя аграрныя спецыялiсты ў вольны ад вучобы час займаюцца краязнаўствам. Актыўна ўдзельнiчаюць у абласных i рэспублiканскiх конкурсах па гiсторыi роднага краю i пастаянна перамагаюць. Навагодняя мара краязнаўцаў — падрыхтаваць матэрыял для выдання, пры­свечаны юбiлею гэтай аграрнай сярэдняй навучальнай установы Беларусi.


Упершыню ў Мар'iнагор­скiм саўгасе-тэхнiкуме мне давялося пабываць амаль паўвека таму. Напярэдаднi Новага года тут ладзiўся рэспублiканскi конкурс мастацкай самадзейнасцi сярод сярэднiх сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Уразiў тады маштабны студэнцкi гарадок, размешчаны побач з райцэнтрам, у пасёлку Мар'iна. Так сталася, што праз дзесяцiгоддзi зноў выпала пабываць тут. Не па-зiмоваму зялёныя газоны памiж навучальнымi кар­пусамi быццам расчэрчаны геаметрычнымi фiгурамi заасфальтаваных пераходаў. Сярод шматпавярховых будынкаў, аздоб­леных святочнай iлюмi­на­цыяй, узвышаюцца аголеныя кроны векавых дрэў. Праз светлы калiдор-галерею крочым з педагогам Аленай Валянцiнаўнай Свiрыдавай у краязнаўчы музей. На сценах — партрэты выпускнiкоў. Сярод iх пазнаю пухавiцкага хлебароба Героя Сацыялiстычнай Працы Мiхаiла Раманавiча Змачынскага (з iм даводзiлася сустракацца), а таксама Героя Савецкага Саюза Уладзiмiра Елiсеевiча Лабанка, iмя якога амаль сорак гадоў таму прысвоена гэтай установе адукацыi. 

— Замыкае галерэю партрэт Героя Савецкага Саюза Аляксандра Iванавiча Чарныша, — прыпыняе крок Алена Свiрыдава. — Перад вайною атрымаў у нашым тэхнiкуме дыплом агранома. Змагаўся з ворагам на Савецка-фiнляндскай вайне, камандаваў ротай у Вялiкую Айчынную. Летам 1944 года ў адным з баёў з гiтлераўцамi загiнуў непадалёку ад Кiраўска. На радзiме ў Барысаўскiм раёне яго iмя прысвоена калгасу. У нашым музеi герою адведзены спецыяльны стэнд. 

Алена Валянцiнаўна адзначыла, што iнiцыятарам стварэння музея гiсторыi ўстановы адукацыi быў былы дырэктар тэхнiкума Рыгор Iльiч Грабчыкаў. Пра яго неаднойчы чуў у студэнцкiя гады ад выкладчыка факультэта журналiстыкi былога фран­тавiка Сцяпана Мiтрафанавiча Грабчыкава. Былi яны стрыеч­нымi братамi. 

Пераступаем парог прасторнага пакоя i трапляем ў царства ўнiкальных дакументаў, цiкавых эксклюзiўных экспанатаў. Перахапiўшы мой позiрк на белым гiпсавым бюсце, усталяваным на пастаменце, Алена Валянцiнаўна называе прозвiшча аднаго з шаснаццацi дукорскiх партызанаў, што загiнулi ў час Польска-савецкай вайны, — Мiхаiла Рудовiча. У гонар яго названа галоўная вулiца пасёлка Мар'iна, дзе размешчаны агратэхнiчны каледж, а таксама чытальная зала бiблiятэкi гэтай установы.

— Асаблiвую ўвагу ў вы­хаваўчай рабоце надаём тэме малой радзiмы, — адзначае захавальнiца краязнаўчага музея Алена Свiрыдава. — Навучэнцы пiшуць сачыненнi пра сваiх родных, землякоў, ладзiм прэзен­тацыi iх твораў. Праводзiм экскурсii па гiстарычных мясцi­нах нашай краiны. Летам з групай навучэнцаў наведвалi мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкiм раёне, дзе партызанiў былы выпускнiк тэхнiкума Уладзiмiр Лабанок. Званнем Героя Савецкага Саюза адзначаны яго баявыя заслугi. Кожны год адпраўляемся ў Хатынь. Нядаўна былi ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец». Усё гэта садзейнiчае патрыятычнаму выхаванню. 

У каледжа багатая паўтара­векавая гiсторыя. На занятках па роднай мове i лiтаратуры знаёмлю выхаванцаў з цiкавымi фактамi жыцця навучальнай установы, распавядаю пра слынных выпускнiкоў розных часоў. У нашым музеi, якi ў гэтым го­дзе пацвердзiў статус «народны», ладзiм сустрэчы з цiкавымi асобамi. Нядаўна завiтаў да нас старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Аляксандр Карлюкевiч, наш слынны зямляк. Гаварылi пра любоў да роднага краю, пра адданасць прафесii земляроба. Пераканаўча творца разважаў пра патрыятызм, узгадваў пра сваiх школьных педагогаў. Дарэчы, першымi настаўнiкамi ў Алеся Мiкалаевiча былi мае бабуля Вольга Лявонцьеўна i дзядуля Андрэй Парфёнавiч Свiрыдавы. Да вайны яны скончылi Мiнскi педтэхнiкум, яшчэ ў студэнцкія гады пажанiлiся i прыехалi настаўнiчаць у пухавiцкую вёску Зацiтава Слабада. На пачатку Вялiкай Айчыннай дзядуля пайшоў на фронт, падчас абароны Севастопаля быў паранены. Перамогу сустрэў у званнi старшага лейтэнанта ў краiнах Балтыi. У сямейным архiве захоўваецца фотаздымак, на якiм ён з баявымi сябрамi. У пасляваенныя гады i да выхаду на заслужаны адпачынак бабуля i дзядуля настаўнiчалi ў пачатковых класах, рана навучылi мяне чытаць. 

— А бацькi вашы хто па прафесii?

— Адукацыю аграномаў мацi Галiна Дзмiтрыеўна i бацька Валянцiн Андрэевiч атрымалi ў гэтым тэхнiкуме. Навучэнцамi актыўна ўдзельнiчалi ў мастацкай самадзейнасцi, выконвалi галоўныя ролi ў пастаноўцы «Чырвоныя кветкi Беларусi». Аўтар твора Васiль Гарбацэвiч да вайны выкладаў у тэхнiкуме родную мову i лiтаратуру, прысвяцiў п'есу мужнаму выпускнiку Мiхаiлу Рудовiчу i яго таварышам. Мой бацька быў на сцэне галоўным героем, а мацi — яго нявестай. Так i ў жыццi сталася, што яны пажанiлiся. Працавалi спецыялiстамi ў калгасе «Зорка» Пухавiцкага раёна, завочна скончылi Беларускую сельгасакадэмiю. Потым тата займаўся грамадскiмi справамi ў Пухавiцкiм райкаме камсамола, быў намеснiкам начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi Пухавiцкага райвыканкама, кiра­ваў райсельгасхiмiяй i трынаццаць гадоў узначальваў наш тэхнiкум, якi для мяне стаў родным. Тут ведаю ўсiх, знаёмая кожная сцяжынка. Пасля заканчэння фiлалагiчнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя Максiма Танка выкладаю ў каледжы родную мову i лiтаратуру. Iншага занятку не ўяўляю, бо з дзяцiнства марыла стаць педагогам. Запомнiлася, як наша першая настаўнiца брала стос сшыткаў, нахiляла iх i пальцамi спрытна пералiчвала. У старэйшых класах адкрыла для сябе свет беларускай лiтаратуры, зачытвалася раманам Iвана Мележа «Людзi на балоце». А за сачыненне пра герояў рамана Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне» бацькоў выклiкалi ў школу: занадта катэгарычна выказвала свае думкi. Вялiкай радасцю для мяне стала, калi вытрымала высокi конкурс пры паступленнi на фiлалагiчны факультэт Беларускага дзяржпедунiверсiтэта iмя Максiма Танка. 

— Што неабходна, каб папулярнымi сярод моладзi сталi аграрныя прафесii?

— Трэба тэхнiку актыўна ўводзiць у жыццё дзяцей, бо апрацоўваць зямлю рыдлёўкай i мотаблокам — розныя рэчы. Падчас экскурсii па музеi беларускай дзяржаўнасцi, дзе выстаўлены макеты сучасных сельгасмашын, экскурсавод пацiкавiўся, хто ведае iх прызначэнне, i быў уражаны, што юнакi сталi расказваць пра асаблiвасцi кожнай машыны. На маiх вачах з'явiлiся слёзы радасцi за выхаванцаў. 

— Прэзiдэнт вялiкую ўвагу звяртае на практычныя за­няткi будучых аграрыяў. Як у вас гэта пастаўлена?

— Такiя заняткi праводзяцца ў майстэрнях. Там пераважна сучасныя машыны i агрэгаты, трактары з праграмным кiраваннем. З найноўшай тэхнiкай навучэнцы знаёмяцца ў перадавых гаспадарках на вытворчай практыцы. У нас цудоўныя спецыяльнасцi для юнакоў: без працы яны нiколi не будуць. Моцныя стасункi трымаем з суседнiмi Капыльскiм дзяр­жтэхкаледжам i Смiлавiцкiм дзяржагракале­джам. Прапаноўвалi кiраўнiцтву Беларускай нацыянальнай бiятэхналагiчнай карпарацыi на базе кале­джа наладзiць падрыхтоўку спецыялiстаў i спадзяёмся, што гэта справа будучага. Многiя нашы выпускнiкi паспяхова праявiлi сябе на гэтай сучаснай вытворчасцi.

— Жаданне працаваць на зямлi, напэўна, павiнна закладвацца з малых гадоў?

— Гэта так. Пры залiчэннi абiтурыентаў звяртаем ўвагу на тых, хто мэтанакiравана вызначыў сваё будучае. Пераважна да нас паступаюць выпускнiкi вясковых школ. На працягу навучальнага года запрашаем старшакласнiкаў для азнаямлення з каледжам. Прыязджаюць з розных раёнаў Мiншчыны, цiкавяцца ўмовамi пражывання i вучобы. Напярэдаднi навагоднiх свят наведвалiся вучнi Пярэжырскай СШ Пухавiцкага раёна. Расказалi iм пра прафесii тэхнiкаў-механiкаў, электрыкаў i тэхнолагаў агранамiчнага накiрунку, якiя можна ў нас атрымаць. Цiкавасць звычайна выклiкае наведванне музея. Старшакурснiкi дэманструюць майстар-класы. Паступаюць да нас вучыцца пасля заканчэння дзевяцi класаў, а таксама выпускнiкi сярэдняй школы. Сёлета навучэнцамi сталi 210 юнакоў i дзяўчат з розных рэгiёнаў рэспублiкi. 

— Цi ўсе даходзяць да фiнiшу вучобы?

— Гэта залежыць ад жадання кожнага. Са свайго боку стараемся зрабiць усё магчымае, каб навучэнцы сталi дыпламаванымi выпускнiкамi. Першакурснiкi за год прахо­дзяць праграму сярэдняй школы, а потым засвойваюць спецыяльныя дысцыплiны.
 Нашы выпускнiкi запатрабаваныя ў аграрным сектары, усе стопрацэнтна атрымлiваюць на­кi­раваннi на працу. Жадаючыя працягваюць вучобу ў аграрных вышэйшых навучальных установах. Нашы хлопцы i дзяўчаты ўдзельнiчаюць у конкурсах прафесiйнага майстэрства. Неаднаразова выходзiлi пераможцамi «Залатога коласа», якi пастаянна ладзiцца ў Беларускай дзяржсельгасакадэмii, i атрымлiвалi льготы пры залiчэннi ў студэнты. Сёлета выдатнiкi вучобы агракаледжаў мелi магчымасць не здаваць уступныя экзамены пры паступленнi ў аграрныя ВНУ. 
— У 2024-м будзем святкаваць 80-годдзе вызвалення Беларусi ад нямецка-фа­шысцкiх захопнiкаў. Як плануеце ў каледжы адзначаць гэту важную падзею?

— У нашым пасёлку жыве стогадовы ўдзельнiк абароны Ленiнграда, былы разведчык Уладзiслаў Мiкалаевiч Васiльеў. Родам ён з Цюменскай вобласцi. У пасляваенныя гады да выхаду на заслужаны адпачынак выкладаў у каледжы геадэзiю, быў класным кiраўнiком у маiх бацькоў, а потым стаў сябрам нашай сям'i. З жонкай пражыў у шлюбе 75 гадоў. Летась аўдавеў, але духам не падае. Часта Уладзiслава Мiкалаевiча можна ўбачыць на прагулцы па пасёлку. Запрашаем яго на сустрэчы з навучэнцамi. Да дробязей захавалiся ў яго памяцi падзеi ваеннага часу. Дзецi з вялiкай цiкавасцю слухаюць жывога ўдзельнiка Вялiкай Айчыннай. У ветэрана многаму можна павучыцца. 

— А што для вас значыць прыгажосць?

— Гэта нейкая ўнутраная сiла, якая дапамагае атрымаць прадукт, напоўнены дабрынёю. Iмкнуся абудзiць у сваiх вы­хаванцаў уменне заўважаць i цанiць прыгожае. Казачныя цуды да нас прыходзяць не толькi ў навагоднюю ноч — iх можна ўбачыць нават у самым будзённым.

— Алена Валянцiнаўна, вы выкладаеце родную мову i лiтаратуру. Цi запатрабаваныя яны ў навучэнцаў агратэхкаледжа?

— Ды яшчэ як! Гэта ж неад'емная частка свядомасцi, успрымання навакольнага свету. Мо не ўсё дасканала вывучаць, але будуць рэагаваць на гучанне мовы i гаварыць правiльна. Калi на занятках абмяркоўваем жаргонныя словы, то адзначаю, што моўныя непрыстойнасцi не маюць да жаргонаў нiякага дачынення. На спецкурсе «Беларуская мова: прафесiйная лексiка» звяртаю ўвагу на трапнае ўжыванне народных выказванняў i слоў. Калi ад выхаванцаў штодня чую «добрай ранiцы» цi «да пабачэння», радуюся гэтаму. У адукацыйным працэсе агракаледжа павялiчылася колькасць гадзiн на вывучэнне мовы. Складаней з чытаннем лiтаратурных твораў. На аб'ёмныя раманы стаўку не робiм. Змест iх пераказваю на ўроках, iмкнуся, каб навучэнцы запомнiлi асноўныя сюжэтныя лiнii. На такiх занятках засяроджваю ўвагу на важных чалавечых каштоўнасцях. Так, героi рамана Кузьмы Чорнага «Пошукi будучынi» па ўзросце амаль равеснiкi хлопцаў i дзяўчат, што сядзяць за партамi. Мае падапечныя з цiкавасцю чытаюць гэты твор, абмяркоўваюць учынкi герояў, разважаюць над iх лёсамi i прыходзяць да высновы, што ў любой жыццёвай сiтуацыi варта заставацца чалавекам. 

— Якiм для вас i выхаванцаў выдаўся Год мiру i стварэння?

— Насычаным. Наш вы­пускнiк Максiм Канаш пры­знаны лепшым навучэнцам аграрных каледжаў сталiчнай вобласцi. Вясною з адзнакаю скончыў вучобу i служыць у ар­мii. Без уступных экзаменаў залi­чаны на першы курс завочнага аддзялення Беларускага дзярж­агратэхунiверсiтэта. Сваёй пра­фесiяй авалодаў на выдатна, вучобу сумяшчаў з навуковай працай гуманiтарнага накiрунку. У намiнацыi «Лiтаратуразнаўства i гуманiтарныя навукi» заняў першае месца на абласным конкурсе. 

Займалiся праектам па захаваннi памяцi ахвяр генацыду «Памяць i боль роднай зямлi». Занялi другое месца ў рэспублiканскiм конкурсе аграрных каледжаў на лепшы вiртуальны музей. У розных выставах, конкурсах нашы выхаванцы добра сябе праяўляюць. Гэта трымае iх у тонусе i стымулюе. Абмяркоўваем падзеi палiтычнага характару, што адбываюцца ў свеце. Нас бянтэжыць, што два славянскiя народы не могуць знайсцi паразуменне, а знiшчаюць адзiн аднаго. Тэма далiкатная i неадназначная. З удзячнасцю адзначаем пра стабiльнасць i спакой у нашым грамадстве. Мой сын Ягор пасля заканчэння Беларускага дзяржунiверсiтэта культуры служыў у армii. Прыемнай нечаканасцю для мяне стала, калi на Дзень мацi ў 2021 годзе мiнiстр абароны Беларусi Вiктар Хрэнiн асабiста ўручыў мне ганаровае пiсьмо i падзякаваў за выхаванне сына. Гэтай падзеяй не магла не падзялiцца з падапечнымi. Адно з маiх навагоднiх пажаданняў iм — годна праз усё жыццё несцi iмя хлебароба.

— Ваш каледж за амаль паўтара века дзейнасцi, безумоўна, назапасiў шмат традыцый. Як звычайна ў вас сустракаюць Новы год?

— Па-рознаму адзначалi гэта свята. Замест старых вучэбных памяшканняў узвышаюцца тры шматпавярховыя карпусы, а чатыры гады таму на тэрыторыi каледжа паўстала каплiца-храм святой мучанiцы Тацiяны. Стала традыцыяй у навагодняе свята ўпрыгожваць яе каляднай ялiнкай. Ладзiцца ўрачыстае набажэнства. Прыняць удзел у iм маюць магчымасць навучэнцы i выкладчыкi каледжа. Прыгожая ёлка ўсталявана ў актавай зале, усе тры навучальныя карпусы i iнтэрнаты аздоблены святочнай iлюмiнацыяй. Напярэдаднi Новага года правялi вечар адпачынку з канцэртнай праграмай i дыскатэкай. Дзетак працаўнiкоў кале­джа вiталi на свяце «Навагоднiя прыгоды Дракошы» Дзед Мароз i Снягурка, кожнаму юнаму наведвальнiку ўручалi падарункi.

— З вашага дзяцiнства якi навагоднi падарунак больш запомнiўся?
— Калi мне споўнiлася тры гады i наша сям'я пераехала ў новую кватэру. Тады я, канечне, не ўсведамляла, што такое Новы год, але памятаю, што ранiцай бацькi папрасiлi зазiрнуць пад ялiнку, што красавалася ў зале. Здзiўленню майму не было меж, калi побач з мяшэчкам цукерак убачыла каляровы парасон. Верыла, што прынёс яго мне Дзядуля Мароз. Прыгадваецца, як цудоўна сустракалi чарговы Новы год з сям'ёю народнага артыста СССР кампазiтара Iгара Лучанка. Мае бацькi i Iгар Мiхайлавiч з жонкаю Аляксандрай сябравалi. Напярэдаднi святкавання на кухнi ўсе дружна ляпiлi пельменi, сярод якiх былi i з навагоднiм сюрпрызам. 
— Ужо можна раскрыць таямнiцу тых сюрпрызаў?

— З суседзямi жылi дружна, разам збiралiся на навагодняе свята. Каб не было крыўды нiкому, ляпiлi па некалькi сюрпрызных пельменяў: да мяса дадавалi шмат горкага перцу. Атрымлiваўся вогненны прадукт. Адзiн з iх i мне трапiўся. Кожнага, хто знайшоў у сваёй талерцы такi пельмень, вiншавалi апладысментамi i ўзнагароджвалi падарункам. Рыхтавалi iх загадзя.

— Цi ўсе навагоднiя жаданнi здзяйснялiся?

— Усё залежала ад жыццёвага этапа, але большасць з мар здзяйснялася. Так, у 11-м класе хацела стаць студэнткай фiлфака, таму ўзмоцнена рыхтавалася да ўступных экзаменаў. Вынiкам стала атрыманне выклiку на вучобу. У кожны чарговы Новы год усплываюць новыя жаданнi. Спадзяюся, што задуманае мною на год Дракона абавязкова спраўдзiцца.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter