Хата прастаяла з 1926 па 1941 год, а Вялікай Айчыннай вайной цалкам знішчана падчас танкавага абстрэлу. На гэтым месцы ўзвялі дакладную копію лецішча. Тут паэт разам з жонкай бавіў час з вясны да восені і напісаў знакаміты «Ляўкоўскі цыкл» вершаў. У адноўленай хаце з мэблі, якой насамрэч карыстаўся пясняр, захаваўся толькі пісьмовы стол. Яго перавезлі з Копыскага лясніцтва, дзе прыпыняўся Купала, пакуль будавалі дачу.
Мемарыяльнаму запаведніку «Ляўкі», які размясціўся побач з аднайменнай вёскай, сёлета 45 гадоў, а з дня нараджэння песняра – 141-я ўгодкі. Памяць у сэрцах беларусаў жывая, яго творы ў залатым фондзе беларускай літаратуры. І яны бессмяротныя. Верш «Хлопчык і лётчык» таксама родам з Ляўкоў.
Класік, прагульваючыся па лесе, заўважыў хлапчука, які бег, раскінуўшы рукі, і гудзеў, як самалёт.
– Кім ты хочаш стаць, як вырасцеш? – запытаўся Купала.
– Лётчыкам, – адказаў летуценнік.
Пра гэта неадкладна напісаўся і верш, які стаў прарочым. Той хлопчык сапраўды стаў пілотам, гэта адлюстроўваюць фотаздымкі ў музеі. А яшчэ гэтым творам у перакладзе на рускую мову натхняўся Юрый Гагарын. Тое дакументальна засведчыла мама першага касманаўта.
Свайго суседа ляўкоўцы любілі, ганарыліся ім. Успаміналі, што Купала вандраваў па наваколлі, хадзіў пешшу ў Копысь, а заходзячы на калгаснае поле, скідваў пінжак, закасваў штаны і разам з усімі працаваў. У ляўкоўскім музеі карціна: Купала каля калгаснага поля побач з вяскоўцамі. Іх вобразы таксама спісаны з рэальных жыхароў. Так, Жэню Новікаву паэт спаткаў у лесе, яна вельмі засаромелася, убачыўшы вядомага паэта. Жэня марыла стаць настаўніцай, пра гэта даведаўся Купала і дапамог. З жонкай Уладзіславай Францаўнай яны не мелі ўласных дзяцей, таму аднесліся да Жэні, нібыта да дачкі. Узялі на вучобу ў Мінск, прынялі да сябе на кватэру. Дзяўчынка паступіла ў педагагічны тэхнікум і потым усё жыццё працавала настаўніцай на Палессі. Некалькі год назад у Ляўкі завітвалі яе дзеці – дачка і сын, яны ўжо сталыя. Цікавая сустрэча.
У Ляўках сёння было горача, сабраліся тутэйшыя жыхары і госці. Галасіста спявалі і залівіста гралі аршанскія народныя ансамблі – «Гагаранскія музыкі» і «Выцінанка». Многа знакамітых песень на словы Янкі Купалы выканаў Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М.І. Фінберга.
Чаравалі словам пісьменнікі – старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка, якую на Аршаншчыне прымаюць за сваю, цытуюць творы і чытаюць кнігі. А таксама Таццяна Каленік, Мікалай Намеснікаў, Канстанцін Нілаў, Іна Саламаха, Ірына Радзіхоўская і многія іншыя творцы ўшанавалі памяць пра песняра, які, безумоўна, сёння быў з намі – у Ляўках.