Андрэй ВАРАБ’ЁЎ: «Праца ў майстэрні не прыпыняецца і ў святы».
Андрэй адзначае: час пампезных манументальных выяў застаўся ў мінулым. А папулярнасць камерных скульптур растлумачыць можна тым, што ў іх крыецца душа горада. Паліцы з бюстамі, маскамі, загадкавымі формамі. Эйфелева вежа з пластыліну. Якім чынам копія парыжскай славутасці трапіла ў студыю Вараб’ёва? Майстар тлумачыць: на стварэнне кампазіцыі яго натхніла творчасць Марка Шагала. Фантазія на тэму кахання, вечнасці і таленту — адразу ў двух памерах. Дарэчы, тэхналогіі стварэння скульптур менавіта так і працуюць.
Фантазіі на тэму работ ШАГАЛА існуюць у розных памерах.
– З гэтых выяў (пасля абавязковага малюнка, зразумела) пачыналася скульптура Яго і Яе, што ўстаноўлена ў снежні на месцы спаткання магіляўчан — ля фантана, — маленькая фігурка пластылінавай пары змяшчаецца на далоні майстра. — Тут падобны варыянт, але большага памеру. А вось хлопец і дзяўчына «падраслі» яшчэ больш і стаяць ужо паасобку. «Двайнікоў» пры гэтым няма — з кожным разам скульптар удасканальвае сваё тварэнне. Бо калі на змену пластыліну прыйдзе гіпс, унесці новыя штрыхі ўжо будзе немагчыма. А ў якасці асноўнага матэрыялу для сваіх статуй ён аддае перавагу бронзе:
У работ майстра свая філасофія.
— Яна жывая, эфектная. Перадае ўсе асаблівасці чалавечага цела і, адпаведна, настрою. Да таго ж з бронзай можна эксперыментаваць — да прыкладу, наконт адзення герояў, як у той жа пары закаханых ля фантана, — прыадчыніў заслону мастацкіх таямніц Андрэй Вараб’ёў.Хто ведае, магчыма, і строі Машэкі, які адваяваў сваю адзіную ў самога князя, калі-небудзь набудуць колер. Пакуль гэтыя легендарныя героі — на стадыі пластылінавай выявы. Аднак іх яскравыя характары, процілегласць натур, ураган пачуццяў ацаніць можна ўжо зараз. У тым, што яны стануць яшчэ адным магнітам, які будзе прыцягваць увагу магіляўчан, сумнявацца не прыходзіцца. Тым больш што прапісацца статуя павінна на вале, дзе калісьці стаяў замак, вакол яго, кажуць, разгортваліся асноўныя падзеі драмы.
Адначасова Вараб’ёў працуе яшчэ над адной статуяй — пажарнага ў форме XIX стагоддзя. Месца ёй вызначана на завулку, што носіць назву Пажарны. І гэта далёка не ўсе задумкі майстра, якія пакуль існуюць у малюнках, малых формах альбо ў ідэях. Праца ў майстэрні не прыпыняецца ні ў будні, ні ў святы. Час ад часу сюды заходзяць калегі і знакамітасці. Магілёўскі скульптар прымаў тут нават паэта Ігара Губермана і дрэсіроўшчыка Эдгарда Запашнага! А землякі не так даўно атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Андрэя ў яго асабістай галерэі, якая была адкрыта ў Магілёве. Калі вулічныя вобразы майстра больш зразумелыя для шырокай публікі, то выставачныя варыянты маюць глыбокую філасофію і шматгранны сэнс. Цікава, што ў многіх работах угадваецца аблічча самога майстра. Хаця кожная мае назву, па якой можна здагадацца, што менавіта хацеў сказаць аўтар. Надаць сваё гучанне скульптурам мае права і сам глядач. Зазірнуць у замочную шчыліну, задумацца аб імклівасці і шматграннасці жыцця. А яшчэ аб тым, што ў кожным з нас да веку хаваецца дзіця. Магчыма, таму і многія з падзей мы ўспрымаем душой, а не толькі прагматычным розумам?..
За работай над ільвамі сачыў сам ЗАПАШНЫ.
Са скульптурамі можна і сфатаграфавацца.
markova@sb.byФота аўтара і Галіны ХІТРЫКАВАЙ.