Пасха c давних времен была главным весенним праздником белорусов

Урачыстасць з урачыстасцей

Вялікдзень з даўніх часоў быў галоўным вясновым святам беларусаў. Светлае Хрыстова Уваскрэсенне ў праваслаўнай традыцыі доўжыцца 40 дзён, да Ушэсця. Увесь гэты час прынята вітаць адзін аднаго словамі «Хрыстос уваскрэс!».

Фото из архива «СБ»

Вялікдзень, або Вялікадне, Вяліканне, Пасха, надыходзіць праз тыдзень пасля Вербнай нядзелі (Вербніцы), калі ў храмах асвячаецца вярба. Апошні чацвер перад святам называецца Чыстым. У гэты дзень абавязкова патрэбна было памыцца ў лазні. Лічылася, што гэта надасць здароўя на ўвесь год.

Засцерагалі ад усяго нядобрага і свойскую жывёлу, асабліва кароў, якім аблівалі вымя вадой, узятай у месцы зліцця двух ручаёў. Людзі хадзілі да крыніц да ўзыходу сонца. Па павер’ях, менавіта ў гэты час вада валодае асаблівай лекавай сілай ад хвароб вачэй. На Палессі ў чацвер перад Вялікаднем ладзілі памінальную вячэру.

Як нашы продкі сустракалі свята свят? З вечара ішлі ў царкву на літургію. На Велікодным набажэнстве стараліся пабываць усе, за выключэннем самых нямоглых і хворых. Адно з галоўных правіл — усе члены сям’і збіраліся разам за адным сталом. Ідэя цэласнасці ўсёй сям’і дамінавала таксама ў звычаі пры разгавенні, калі адно яйка дзялілася паміж усімі членамі сям’і. Велікодную трапезу пачыналі менавіта са свянцонага яйка.

Святочны дзень пачынаўся з магічных дзеянняў. Яны былі скіраваны на здароўе, дабрабыт, прыгажосць. Напрыклад, раніцай мыліся вадой, што засталася пасля варкі чырвоных яек. Лічыцца, што яйка як атрыбут пераломнага незвычайнага часу мае цудадзейныя ўласцівасці.

Перад тым як сесці за стол, гаспадар апырскваў свянцонай вадой усе гаспадарчыя пабудовы. Існавала традыцыя запрашаць да велікоднай трапезы больш бедных вяскоўцаў ці нават жабракоў. За святочны стол садзіліся заўсёды пасля набажэнства. Ва ўяўленнях продкаў свята ў гэты час з вышынь апускалася на зямлю, і нябеснае працягвалася ў зямным: дастатку, багацці, шчодрасці.

Асаблівае значэнне ў час велікоднага застолля надавалася не толькі пірагам ды булкам, але і асвечаным у храме стравам. У цэнтры ўвагі нашых продкаў былі афарбаваныя ў чырвоны колер размаляваныя яйкі, што ў традыцыі славян асэнсоўвалася як пачатак усіх пачаткаў, сімвал адраджэння і аднаўлення жыцця, пладавітасці і жыццёвай сілы.

Для афарбоўкі велікодных яек выкарыстоўвалі натуральныя фарбы. Адвары траў давалі зялёны колер, шалупінне цыбулі — цёмна-чырвоны, насенне — адценне жоўтага. На паверхню афарбаванай шкарлупіны тонкай іголкай наносілі ўзоры — такія яйкі называлі «скробанкі». Традыцыйныя малюнкі роспісу сімвалізавалі зямлю, сонца, агонь.

На Вялікдзень вясковыя двары з віншавальнымі песнямі і музыкай абыходзілі валачобнікі. Такіх хадакоў называлі яшчэ галыкальнікамі, валоўнікамі, лалоўнікамі, кукольнікамі. Звычайна гэта былі гурты мужчын па 10—20 чалавек, зрэдку замужнія жанчыны. Лічылася, што абыход валачобнікамі двароў прыносіць пладавітасць жывёле, ураджайнасць на палях, засцярогу падвор’я ад розных прыродных стыхій. Дарэчы, у наш час абрад «Кукольнікі» адноўлены ў Клецкім раёне.

АД ПРАДЗЕДАЎ

У кожнай вёсцы на Вялікдзень ладзіліся гульні — біццё і катанне яек. Іх кідалі адзін у аднаго, пускалі па нахільнай плоскасці, разбівалі. Перш чым біцца яйкамі, іх спрабавалі на моц пастукваннем аб зубы. Выйграваў той, у каго яйка было мацнейшым і не разбівалася аб іншыя.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter