Галоўны аргумент
Медыцынскі стаж у Сяргея Шапартава немалы — звыш 30 гадоў. Атрымаўшы дыплом Віцебскага медуніверсітэта, малады спецыяліст размеркаваўся ў родны Магілёў. Шмат гадоў адпрацаваў у абласной бальніцы, а апошнія 16 кіруе аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі інфекцыёнкі. Што вызначыла яго прафесійны выбар? Зусім не сямейныя традыцыі — у родзе Сяргей Юр’евіч першы медык. І не рамантычныя мары. Работа ўрача заключаецца ў рэальнай і канкрэтнай дапамозе людзям — гэты аспект, прызнаецца Шапартаў, ён разумеў заўсёды, і ніякіх ілюзій наконт гэтага меў. Але менавіта ён і стаў для будучага медыка галоўным аргументам пры паступленні. Дарэчы, універсітэт даў Сяргею Юр’евічу не толькі патрэбныя веды і першыя практычныя навыкі. У яго сценах яшчэ студэнтам ён сустрэў сваю будучую жонку — Наталлю Юр’еўну:— Распісаліся на пятым курсе. 10 жніўня якраз адзначым каралавае вяселле, гэта значыць 35 гадоў з моманту стварэння нашай сям’і. За гэты час выгадавалі дзвюх дачок, а яны падарылі нам траіх унукаў.
Наталля — участковы ўрач-тэрапеўт ў адной з магілёўскіх паліклінік. Як і ў мужа, праца ў яе сёння спалучана з надзвычайнай рызыкай — аглядам хворых, сярод якіх ёсць і носьбіты каронавіруса. А таксама лячэнні пацыентаў дома. Пасля службы Шапартавы — зразумелая справа! — перасякаюцца ў сценах уласнай кватэры. Але на ўсялякі выпадак імкнуцца прытрымлівацца дыстанцыі нават адзін ад аднаго, разыходзяцца па розных пакоях.
Як усё пачыналася
Яшчэ ўчора ў iнфекцыёнцы лячылі менінгакокавыя і кішэчныя інфекцыі, вірус гепатыту, энцэфаліту. Вось ужо некалькі месяцаў, як гэтыя хваробы выцесніў COVІD-19. Пад такіх пацыентаў у бальніцы адразу ж было вылучана 134 койкі. Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі пры гэтым разлічана на шэсць месцаў плюс яшчэ два — на выпадак неабходнасці. На шчасце, неабходнасць у дадатковым варыянце ўжо адпала. Загадчык аддзялення не хавае: новыя рэаліі для ўсіх сталі сур’ёзным выпрабаваннем. Узяць хоць бы тую ж «уніформу». Пра яе, здавалася, не згадаў толькі лянівы. Але адна справа паразважаць-пагаварыць, і зусім іншая — з дня ў дзень апранацца, праходзіць праз «кардоны» апрацовак. У спякоту любому чалавеку некамфортна, а што казаць пра ўрача або медсястру, якія апрануты ў ахоўныя камбінезоны і бахілы? Дадайце сюды акуляры, рэспіратары і пальчаткі — у такой экіпіроўцы нават дыхаць цяжка, а тут трэба яшчэ і працаваць!Ці было страшна? Сяргей Юр’евіч прызнае, што спачатку было. Урачы ж не кібаргі, а звычайныя людзі, якія таксама маюць права на эмоцыі, хоць і не дэманстрыруюць іх. Тым больш зараз, калі землякі глядзяць на іх з асаблівай верай і надзеяй. І медыкі робяць усё, каб гэтыя надзеі апраўдаць. Хоць і няпроста гэта — новы вірус мала вывучаны, да таго ж здольны на рознага роду «сюрпрызы». Але цяпер, канстаціруе дасведчаны ўрач, сітуацыя не тая, што была ў пачатку эпідэміі. Ёсць пратакол лячэння, ёсць пэўны вопыт — як уласны, так і калег — з нашай краіны і замежных. Шапартаў не хавае, што тэму COVІD-19 працягвае вывучаць у Інтэрнэце: ворага трэба ведаць у твар.
Гумар таксама дапамагае
За час лячэння пацыенты становяцца для медыкаў ледзь не роднымі. Асабліва самыя цяжкія.— Адна з нашых хворых, 80-гадовая жанчына з Бялынічаў, на ШВЛ правяла тры тыдні. Але здолела перамагчы хваробу і ўстаць на ногі, — расказаў урач.
А самай старэйшай пацыенткай інфекцыёнкі, якая перамагла вірус, стала 91-гадовая пенсіянерка — дарэчы, яе да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх падключаць не прыйшлося. Наогул цяжка прагназіраваць, як сябе павядзе вірус — бывае, што людзі маладога ўзросту пераносяць інфекцыю цяжэй, чым людзі старэйшага. Таксама здараліся сітуацыі, калі хвароба амаль адступіла, але потым зноў заяўляла пра сябе, прычым з новай сілай. Але, на шчасце, перад цяжкім выбарам, каго падключаць да ШВЛ, ніколі не стаялі. Для пацыентаў хапіла і ложкаў, і лекаў, і ўвагі з боку персаналу.
Зрэшты, асабістае жаданне паправіцца, упэўнены Сяргей Юр’евіч, — не апошні складнік для перамогі над хваробай. А што дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі яму самому? Як аказалася — пачуццё гумару і любоў блізкіх:
— Калі ведаеш, што твае родныя ў цябе вераць, шануюць, гэта дае сілы і надзею на лепшае.
Анестэзіёлаг прызнаўся, што таксама ганарыцца сваімі калегамі, якія не спасавалі перад цяжкасцямі, не напісалі заяву аб звальненні і засталіся ратаваць людзей. Хоць работы ва ўсіх стала прыкметна больш — і змены даводзілася падаўжаць, і на дзяжурствы ў выхадныя выходзіць.
Вельмі дапамагала медыкам падтрымка грамадства — як маральная, так і рэальная. Напрыклад, дапамога неабходнымі ў рабоце расходнымі матэрыяламі, сродкамі аховы. Быў час, калі валанцёры нават дастаўлялі бясплатныя абеды.
Не забыць аб бяспецы
Хоць стомленасці за час барацьбы з інфекцыяй у медыкаў назапасілася шмат, зусім нядаўна аб паўнавартасным адпачынку яны маглі толькі марыць. Але азначыўся спад актыўнасці віруса і дазволіў нарэшце вырвацца ў адпачынак. У жніўні, падзяліўся Сяргей Юр’евіч, павінны пайсці адпачываць першыя два супрацоўнікі аддзялення — на два тыдні кожны. Якія планы на адпачынак у яго самога? Сяргей Шапартаў прызнаецца, што пакуль ніякіх прагнозаў у яго няма. Градус напружання ў рабоце знізіўся, і гэта ўжо выдатна. Але, вядома, вельмі хацелася б пабачыць родных, з якімі наўпрост не кантактаваў доўгія чатыры месяцы.— Як толькі эпідэміялагічная абстаноўка стала абвастрацца, маму адразу адправіў на дачу, — кажа ён. — З тых часоў звязваемся толькі з дапамогай тэлефона. Што хаваць — і ёй, і мне вельмі хочацца пабачыцца, але гэта ўсё яшчэ рызыкоўна.
...Сярод званкоў медыкам інфекцыёнкі сёння — званкі людзей, якія ўчора былі пацыентамі бальніцы. Яны не хаваюць, што іх жыццё падзялілася на да і пасля. Змянілася і шкала каштоўнасцей: цяпер у іх перш за ўсё ўваходзяць само жыццё і яго простыя радасці. Сяргей Шапартаў таксама адзначае, што інфекцыя — той фактар, які павінен прымусіць кожнага звярнуць увагу на ўласнае здароўе і бяспеку. І зрабіць тое, што, магчыма, адкладалася на потым, — адмовіцца ад шкодных звычак, стаць прыхільнікам ЗОЖа. Усё гэта дапаможа ўмацаваць імунітэт, а ён заўсёды на баку чалавека.
markova@sb.by