У гімназіях не будзе ўступных экзаменаў у пяты клас, пры гэтым статус саміх устаноў адукацыі застанецца. Паступаць у іх навучэнцы будуць па тэрытарыяльным прынцыпе — па прапісцы. Больш за тое, да старэйшых класаў вучні будуць вучыцца па аднолькавай праграме як у звычайнай школе, так і ў гімназіі.
Што на гэты конт думаюць настаўнікі, рэпэтытары і бацькі? Карэспандэнты «Р» правялi апытанне.
Кацярына ДОЎГЕЛЬ, мама дваіх вучняў, Барысаў:
— На маю думку, гімназія без экзаменаў — гэта ўжо не гімназія. Мае дзеці з першага класа вучацца ў барысаўскай гімназіі № 2. І абое пасля чацвёртага класа здавалі экзамены. Так, для іх гэта стрэс. Але калі хочаш атрымаць высокі ўзровень ведаў, па-іншаму нельга. Упэўненая, што такія выпрабаванні падтрымліваюць цікавасць да вучобы.
Зараз мая дачка вучыцца на апошнім курсе ўніверсітэта. Паступіла дзякуючы ў тым ліку і якаснай падрыхтоўцы. Сын яшчэ школьнік. Але ён разумее: будзе ленавацца — пойдзе ў звычайную школу. І ён стараецца. Калі няма прахаднога бала, навошта называцца гімназіяй? Хай тады ўсюды будуць звычайныя школы.
Лічу, што не будзе стымулу ні для дзяцей, ні для настаўнікаў. Усё ж такі ў гімназію паступалі самыя моцныя вучні. Я сама заканчвала гэтую навучальную ўстанову і ведаю, якія стартавыя магчымасці яна дае. Можа, лепш было б не адмяняць экзамены? А крыху змяніць форму іх прыёму. Напрыклад, пасля чацвёртага класа здаваць экзамен у выглядзе кантрольных работ у сваім класе пры прысутнасці камісіі. Для дзіцяці родныя сцены — гэта меншы стрэс.
Наталля ГУЛЬНІК, маці гімназісткі:
— Да адмены экзаменаў стаўлюся станоўча, бо лічу гэта лішнім для пераходу ў пяты клас. Дарэчы, зараз мая дачка вучыцца ў чацвёртым. Пры наборы ў першы клас мы экзамены не здавалі, аднак дзіцяці задавалі шмат пытанняў, даволі складаных, як мне падаецца, нават для дарослых.
Дзецям, лічу, яшчэ рана так хвалявацца. Я вось дарослы чалавек, атрымліваю адукацыю, а на экзаменах усё роўна ад хвалявання не магу думкі сабраць. Што ўжо гаварыць пра дзяцей? У цэлым, мяркую, мала што зменіцца. А вось задача базавай адукацыі застаецца ранейшай — даваць веды, а не адказы на экзаменацыйных тэстах.
Галіна МАЙСЕЙЧЫК, дырэктар гімназіі, Фаніпаль:
— На навучальны працэс гэта новаўвядзенне наўрад ці паўплывае. Плануецца, што паступіць у гімназію можна будзе пасля восьмага ці дзявятага класа. Лічу, што гэта правільна. Таму што ў такім узросце ў дзіцяці больш усвядомлены падыход да навучання на павышаным узроўні. У чацвёртым класе, паклаўшы руку на сэрца, не заўсёды гэта ўсведамленне ёсць. У нашай гімназіі зараз 870 вучняў. І вялікага наплыву мы не чакаем. Яны і так паступаюць да нас па тэрытарыяльным прынцыпе.
Святлана РУМЯНЦАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка, «Настаўнік года-2017»:
— На мой погляд, экзамен — гэта вялікае выпрабаванне і моцны стрэс для любога чалавека, а тым больш для дзіцяці, таму што ў яго яшчэ зусім неакрэплы арганізм. Канешне, любому дзіцяці хочацца быць паспяховым, адпавядаць пэўным запатрабаванням, устаноўкам бацькоў. Выдатна, калі ўсё атрымоўваецца з паступленнем — гэта радасць і шчасце.
А калі не? Тады гэта моцны нервовы зрыў і псіхалагічная траўма, якая можа адбіцца і на здароўі дзіцяці. Напэўна, многія, хто не паступіў, адчулі гэта на сабе. Я думаю, што пэўны ланцужок нарматыўных дзеянняў дазволіць цэласна адрэгуляваць пытанне з гімназіямі і дапаможа не страціць тыя набыткі, якія ўжо ёсць зараз у гімназічнай адукацыі.
Некаторым дзецям у будучым навучальным годзе сапраўды пашчасціць: ім не прыйдзецца здаваць экзамены пры паступленні ў пяты клас гімназіі
А вось у дзявятым класе вучні ўжо могуць самастойна выбіраць свой шлях — ці заставацца ў звычайнай школе, ці пайсці ў гімназію, ці паспрабаваць сярэднюю прафесійна-тэхнічную ўстанову. Выбар будзе асэнсаваным, а ў чацвёртым класе яго зрабіць складана.
Ева ГІЛЕВІЧ, рэпетытар па беларускай і англійскай мовах з дзесяцігадовым стажам:
— Да рэформы стаўлюся негатыўна, так як гэта нармальна — дзіцяці ва ўзросце адзінаццаці гадоў разумець, што ў жыцці існуе канкурэнцыя і выпрабаванні для таго, каб дамагацца большага. Гэта здаровая матывацыя, у тым ліку і да адказнага і якаснага навучання.
Таксама факт — у гімназіях агульны ўзровень выкладання, настаўнікаў і ўсяго навучальнага працэсу вышэйшы, чым у звычайных школах. Дык чаму не даць магчымасць здольным дзецям скарыстаць свой патэнцыял? Не думаю, што, пазбавіўшы падрастаючае пакаленне гімназій, мы наогул убачым у будучым паспяховых людзей. Калі, як не ў дзяцінстве, развіваць свае ўменні і даваць дарогу здольным дзецям?
Так, для паступлення ў пяты клас гімназіі часта бацькі звяртацца да рэпетытараў. Але ўсё гэта не сведчыць пра тое, што гімназіі — гэта дрэнна. Уявіце, на якім нулявым узроўні знаходзіцца школа, раз ужо ў чацвёртым класе дзіцяці патрэбен рэпетытар. І калі ўжо гаворка ідзе пра роўныя магчымасці, можа, варта школы падцягнуць да ўзроўню гімназій?
Адмена ўступных iспытаў у гiмназii. Что думаюць аб гэтым бацькi, педагогi i рэпетытары
Ура, экзаменаў не будзе!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.