Такое рашэнне прынята на пасяджэнні экспертнай камісіі пры Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці, паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
Высокую адзнаку атрымалі яркія саматканыя работы Валянціны Сільвановіч, майстра па ткацтве з Ліды, саламяныя вырабы Юзэфы Старасцінай, майстра па саломапляценні з аграгарадка Геранёны Іўеўскага раёна, ажурныя выцінанкі Станіслава Муліцы, майстра па выцінанцы з Гродна.
— Кожны з іх у сваім рамястве абапіраецца на мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, праяўляе здольнасці індывідуальнай інтэрпрэтацыі, — адзначыла Наталля Рамановіч. — Яны пастаянныя ўдзельнікі гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх свят і фестываляў традыцыйнай культуры.
Станіслаў Муліца — удзельнік народнага аматарскага аб'яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў «Гарадзенскі каларыт» (цэнтр рамёстваў «Спадчына» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры). Сярод умельцаў Гродзеншчыны займае асаблівае месца. Яго творчасць — эталон майстэрства сучаснай выцінанкі, дзе галоўнае месца адводзіцца традыцыйным матывам. Станіслаў Вітольдавіч вылучаецца дасканаласцю выканання работ, народным каларытам. Крыху разрэджаныя кампазіцыі сіметрычнага тыпу на бытавыя і фальклорныя тэмы, сюжэты духоўнага характару, своеасаблівы наіўны, народны падыход да іх вырашэння дэманструюць высокае тэхнічнае і мастацкае майстэрства.
Станіслаў Муліца.
Валянціна Сільвановіч працуе майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ў Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Спачатку вывучала матэрыялы па шыцці традыцыйнага касцюма, вышыўцы, вязанні шыдэлкам, характэрныя для Лідчыны. З 2015-га пераняла майстэрства традыцыйнага ткацтва ад супрацоўніцы свайго аддзела Дар'і Маташук, а ёй перадаў веды жыхар Ліды Яўген Маркевіч, знаўца мясцовых традыцыйных тэхнік ткацтва. Сёння Валянціна Генрыкаўна валодае рознымі тэхнікамі. Яна галоўны носьбіт элемента «Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння», які ў 2018 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Плённа працуе ў гэтым накірунку, удасканальваючы майстэрства ў шматнітовай тэхніцы ткацтва. Валянціна Генрыкаўна стварыла калекцыю ручнікоў белаўзорыстага ткацтва Панямоння, расшыфраваўшы і дакладна паўтарыўшы аўтэнтычныя ўзоры.
Валянціна Сільвановіч.
Юзэфа Старасціна набыла першыя навыкі па рамястве на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры Гродзенскай вобласці (Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, 1995 год). З 2009-га Юзэфа Эдвардаўна — сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Майстар працуе ў тэхніках плоскага і аб'ёмнага пляцення, саламянай пластыкі, дэкаратыўнай скульптуры, аплікацыі саломкай, а таксама ў змяшанай тэхніцы. Адметная асаблівасць вырабаў — аб'ёмнасць форм, заснаваных на традыцыях абрадавай пластыкі, праз якія майстрыха практыкуе свой падыход да мастацкага саломапляцення. Асартымент розны: аплікацыі, фігуркі дзяўчат і хлопцаў у беларускіх народных строях, казачныя жар-птушкі, вялікі конь з вазком, Геранёнскі замак з саломы, дажыначныя снапы, вянкі і т.д.
Юзэфа Старасціна.
Дарэчы, на Гродзеншчыне статус народнага майстра цяпер у 22 умельцаў. Гэта самая высокая адзнака творчасцi людзей, якiя адраджаюць традыцыйныя рамёствы.
yasko@sb.by
Фота Наталлі РАМАНОВІЧ.
Сразу трем мастерам из Гродненской области присвоено почетное звание «Народный мастер Республики Беларусь»
Унікальная калекцыя Панямоння
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.