Уменне заглядваць у будучыню

На пачатку года навуковая грамадскасць Беларусі адзначыла 115-я ўгодкі вядомага навукоўца, былога прэзідэнта АН БССР, акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча. Як вядома, родам ён з вёскі Кальнікі, цяпер гэта Смалявіцкі раён Міншчыны. У 1952-69 гадах вучоны-батанік узначальваў Акадэмію навук. Імем акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Купрэвіча цяпер названа адна з мінскіх вуліц у мікрараёне Уручча, а таксама акадэмічны Інстытут эксперыментальнай батанікі. На выставе, арганізаванай аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, упершыню экспанаваўся шэраг цікавых фотаздымкаў, дакументаў з жыцця акадэміка. Дзякуючы ім прыадкрыліся новыя і малавядомыя старонкі біяграфіі знакамітага навукоўца.
Як Купрэйчык стаў Купрэвічам
Сапраўднае прозвішча Васіля Купрэвіча было некалькі іншым. Яго бацька, паводле копіі выпіскі з метрычнай кнігі, быў Купрэйчык Феафіл Лявонавіч. На такое ж прозвішча, дарэчы, выпісана і атэстацыйная кніжка ў Пецярбургскай школе юнг, дзе навучаўся Васіль. Гэта яшчэ ў 1914 годзе. Беларускі хлопец, дарэчы, быў і ўдзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі — немалаважны факт у тагачаснай біяграфіі. Але чаму ён “удасканаліў” сваё прозвішча? Цяпер пра тое можна толькі здагадвацца. Магчыма, высокі і статны марак палічыў, што прозвішча Купрэвіч яму больш пасуе. Ва ўсялякім разе, згодна з архіўнымі дакументамі, ва ўзросце бліжэй да 20 гадоў Васіль Купрэйчык стаў Купрэвічам. Пад такім прозвішчам і застаўся ў навуцы і памяці нашчадкаў.

Марыў пра мора…
У юнацкія гады Васіля Купрэвіча, пэўна, больш вабіла марская рамантыка, а батаніка значна пазней стала сферай яго інтарэсаў. Як пісаў сам Купрэвіч, у дзяцінстве ён марыў пра марскія падарожжы. Так, спачатку ён становіцца курсантам школы юнг. У 1915-м здае экзамен на званне камендора і залічваецца ў клас артылерыйскіх унтэр-афіцэраў. А неўзабаве яго накіроўваюць для дальнейшага праходжання службы на мінаносец “Самсонъ”. У пачатку 1918 года Васіль атрымлівае цяжкае раненне, і пасля выпіскі са шпіталя яго спісваюць на бераг. Як успамінае сам чырванафлоцец Купрэвіч, ён прымае гэты паварот лёсу з палёгкай: мора яго больш не прыцягвае…

Аўтограф Якуба Коласа
Ёсць у асабістым архіве Васіля Феафілавіча ўнікальны дакумент, якім, магчыма, зацікавяцца і супрацоўнікі Літаратурнага музея Якуба Коласа. Гэта пасведчанне асобы, падпісанае Якубам Коласам — тагачасным віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Дакумент сведчыць, што Купрэвіч знаходзіцца на службе ў Акадэміі навук. Ён займае пасаду старшага навуковага супрацоўніка Інстытута біялагічных навук.
Ён яшчэ і паляўнічы
Звычайна такія падрабязнасці жыцця застаюцца па-за межамі афіцыйных біяграфій. А для нас гэта — цікавы штрых да партрэта вучонага. На выставе прадстаўлены паляўнічы білет будучага акадэміка, датаваны 1936 годам. Пэўна ж, любіў вучоны-біёлаг Васіль Купрэвіч пахадзіць са стрэльбаю па лясах-пералесках.

Пачуццё гонару і… голаду
Калі пачы-таць яго дзённікі ваенных гадоў, то можна з упэўненасцю сказаць: Васіль Феафілавіч быў чалавекам адважным. Ён дазваляў сабе смелыя выказванні, якія маглі ў той неспакойны час кардынальна паўплываць на яго лёс. Гартаем запісы, зробленыя ў эвакуацыі, у горадзе Сыктыўкары. Ён апісвае побытавы выпадак: у адной з крам яго калега-жанчына, кандыдат навук, убачыла, як выпадкова ўпаў на падлогу абаранак. І яна ціхенька падняла яго ды схавала ў кішэню паліто. Васіль Феафілавіч не асуджае яе, роздум яго больш глыбокі, ён піша: “Наколькі ж моцнае перажытае пачуццё голаду, што чалавек не можа прайсці міма кавалачка хлеба, які ляжыць на падлозе”. А далей дадае ўжо як быццам для сябе: “Нас кормяць артыкуламі ў “Правде” пра годнасць і гонар. Гэта глупства. Усё цямнее перад пачуццём голаду”. Тут варта сказаць, што ў той час, пасля блакаднага Ленінграда, ён важыў усяго 48 кілаграмаў, гэта пры росце 180 сантыметраў. Але, як бачым, не страціў здольнасць аналізаваць тое, што адбываецца навокал. Няцяжка ўявіць, што было б з Купрэвічам, калі б трапіў гэты дзённік у рукі яго нядобразычліўцаў ці якога неразумнага “патрыёта”.
На выставе прадстаўлена і копія яшчэ аднаго дакумента, які ўскосна “кідае цень” на асобу вучонага. Гэта яго характарыстыка, падпісаная дырэктарам Інстытута біялогіі АН БССР, доктарам біялагічных навук М. Дарожкіным. У ёй адзначаецца, што родны брат Васіля Феафілавіча Купрэвіча ў 1930 годзе быў высланы за межы Беларусі “як выкрыты вораг народа” і падкрэслена, што самім Васілём Купрэвічам “да грамадскага жыцця Інстытута ўвагі было праяўлена не дастаткова”. Думаю, і ў 30-я гады яму вельмі пашанцавала. Пэўна, ад’езд у Ленінград і выратаваў яму жыццё. Магчыма, хваля рэпрэсій у той час яшчэ не паспела дакаціцца да паўночнай сталіцы СССР.

Мастакоўскі талент
Васіль Феафілавіч па-майстэрску валодаў алоўкам. Ён сам замалёўваў свае доследы, рабіў схематычныя малюнкі да артыкулаў і кніг. Вучоны апублікаваў, дарэчы, каля сотні навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. Добра знаёмы яму быў і жанр шаржа. Гэта, праўда, хутчэй дабрадушна-гумарыстычныя малюнкі людзей ці прыроды. Але так тонка прыкмячаць нейкія асаблівасці характару, пейзажу, як і ўмець пераносіць назіранні на альбомныя лісты можа толькі чалавек таленавіты. Прычым як з багатым жыццёвым, так і вялікім мастацкім вопытам. Дарэчы, падпісваў свае малюнкі Васіль Феафілавіч дзвюма загалоўнымі літарамі ВК, як, зрэшты, і вядомы пісьменнік, сцэнарыст і мастак Уладзімір Караткевіч.

Апавяданне з Таджыкістана
Спрабаваў сябе Васіль Феафілавіч і ў белетрыстыцы. На выставе прадстаўлены ўнікальны рукапісны тэкст пад назвай “Таджыкістанскае апавяданне”. Напісаны ён, хутчэй за ўсё, у гады эвакуацыі ў Сярэдняй Азіі. У аўтара цікавая, жывая літаратурная мова. Так што, магчыма, калі б яго захапіла літаратура, ён мог бы і ў гэтай сферы дасягнуць пэўных поспехаў. Але захапіла яго больш за іншае біялогія.

Наколькі доўгае жыццё
Пры непасрэдным удзеле Васіля Феафілавіча ўпершыню ў сістэме Акадэміі навук СССР у 60-х гадах быў адкрыты геранталагічны сектар. Зрэшты, і да таго часу навуковец шмат разважаў над філасофскай праблемай жыцця і смерці. Дарэчы, “падазрэнні” ў схільнасці да такіх разваг упершыню былі зафіксаваныя яшчэ ў дзённіку юнгі Купрэйчыка: “Ці можа чалавек жыць даўжэй? Я сцвярджаю: так, можа. Павінен!” — пісаў Васіль. Тады, дарэчы, многія навукоўцы лічылі, што такія сентэнцыі — хутчэй з галіны фантастыкі, а не навукі. А ён потым імкнуўся абгрунтаваць сваю думку з улікам дасягненняў, кірункаў развіцця біялогіі. І не памыліўся: у 1976 годзе амерыканскія навукоўцы вылучылі ген старэння.

Мірны атам
Не ўсе ведаюць, што гэта з лёгкай рукі Васіля Купрэвіча паўстагоддзя назад, у 1962 годзе, у навуковым цэнтры Сосны, што пад Мінскам, быў запушчаны першы ў Беларусі атамны рэактар ІРТ-2000. Што ж, ён і сапраўды быў вялікім вучоным, які імкнуўся смела глядзець у будучыню. Маючы вялікія арганізатарскія здольнасці ды ўмеючы пераконваць апанентаў, Васіль Феафілавіч і працаваў на перспектыву. Знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта АН БССР, ён упершыню паставіў пытанне і аб неабходнасці правядзення ў Беларусі даследаванняў па выкарыстанні атамнай энергіі ў мірных мэтах.

Бібліятэка як памяць
Васілю Купрэвічу належала і ідэя ўзвядзення новага будынка Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН Беларусі. Яна адкрылася ў 1967 годзе. Раней, дарэчы, бібліятэка размяшчалася ў падвальным памяшканні галоўнага корпуса акадэміі. Акадэмік абгрунтаваў неабходнасць будаўніцтва, ён жа і звярнуўся з просьбай да ўрада аб выдзяленні сродкаў на гэта.
Варта адзначыць яшчэ адзін немалаважны факт. За год да сваёй смерці Васіль Купрэвіч упершыню вынес на бюро прэзідыума Акадэміі пытанне аб важнасці збору і захоўвання рукапісных архіваў і дакументаў знакамітых вучоных, якія працавалі ў сценах Акадэміі навук Беларусі. Пытанне было разгледжана, прынята адпаведная пастанова, пачалася работа ў гэтым кірунку. То, можа, акадэмік і сапраўды ўмеў заглядваць у будучыню? І таму прадбачыў, што праз нейкія гадоў сорак, разглядаючы яго рукапісныя тэксты, дакументы, мы больш даведаемся пра яго шматгранную асобу.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter