Циринский сельсовет славится медовыми реками и зарыбленными берегами

Улада ў Цырыне апір аецца на рупліўцаў

Кожны сельсавет можна параўнаць з асобнай маленькай краінай з уласнымі завядзёнкамі і цікавосткамі, адметнай гісторыяй, эканамічным і вытворчым укладам. Так і Цырынскі, што ў Карэліцкім раёне. У ім 13 вёсак, 1078 жыхароў, асноўныя прадпрыемствы — сельскагаспадарчае «Цырын-Агра» і навукова-вытворчае «Ніка», якое спецыялізуецца на вырошчванні насеннай бульбы. Апрача вытворчасці і даволі развітай інфраструктуры, ёсць непадалёку зарыбленае возера і брэндавы мядовы фэст. Кіруе ўсім гэтым багаццем, забяспечвае магчымасці для ўстойлівага развіцця тэрыторыі сельвыканкам, куды заўсёды можна звярнуцца з набалелым, за падказкай, дапамогай.


Гаспадарыць тут паўтара года Аксана Гомза, якой вяскоўцы давяраюць і паважаюць. Старшынёўства для яе не зусім навінка: да гэтага плённа кіравала ідэалагічным сектарам мясцовай гаспадаркі. Раённая ўлада заўважыла і прапанавала ўзначаліць сельсавет, бо жанчына добра ведае вяскоўцаў, іх жаданні і турботы.

Галоўныя яе памочнікі — кіраўнік спраў Наталля Краўчук і інспектар Валянціна Ахрэмка. Інфармацыю з навакольных вёсак дастаўляюць сем дбайных стараст — каму, як не ім, найбольш баліць за аднавяскоўцаў! Самая актыўная, з арганізатарскай жылкай сярод іх — Марыя Слінько, якая адказвае за вёскі Быкевічы і Краснае.

Галоўнае, на што звяртае ўвагу сельская ўлада, — жыццезабеспячэнне людзей. У Цырыне — пошта, філіял Беларусбанка, амбулаторыя, сярэдняя школа, пункт бытавога абслугоўвання, Дом культуры. У сельсавеце 578 жыхароў працаздольнага ўзросту, 398 — сталых, 170 — моладзі. Дэмаграфія не радуе: летась памерлі 24 чалавекі, нарадзілася пяць, сёлета не стала 14 землякоў, на свет з’явіўся пакуль адзін. Аднак у аграгарадок перабіраюцца з іншых мясцін — у «Цырыне-Агра» ёсць вакансіі, асабліва ў жывёлагадоўлі і паляводстве, патрэбны ветурачы, заатэхнікі. Да таго ж гаспадарка забяспечвае інтэрнатам, выдзяляе кватэры, хутка ў аграгарадок прыбудзе маладая сям’я з Жодзіна.

Нядаўна нарадзілася трэцяе дзіця ў Аляксандры і Вадзіма Ярмошкаў з вёскі Кайшоўка. Гаспадар — слесар у мехмайстэрнях. Шматдзетная сям’я і ў галоўнага заатэхніка гаспадаркі Аляксандра Раманчука і яго жонкі Ганны, якая працуе справаводам. «Цырын-Агра» выдзеліў ім кватэру з бытавымі выгодамі і сучасным рамонтам. Гэтыя і іншыя маладыя людзі рады, што выбралі вёску на жыхарства.

Дарэчы, старшыня сельсавета Аксана Гомза таксама не думала, што займее вясковую прапіску:

— Некалі бацькам заяўляла, што ніколі не буду жыць у вёсцы, намякаючы на адсутнасць камунікацый. «Не заракайся», — адказвалі яны і мелі рацыю. Родам з Цырына мой муж, разам перабраліся на яго малую радзіму ў 2004-м. Нам як маладой сям’і адразу далі жыллё і працу, вырас сын, у шосты клас ходзіць дачка. Цяпер нічуць не шкадую — з Цырынам звязаны мае найлепшыя ўспаміны і запаветныя мары.

МІЖ іншым, Цырыншчына лідзіруе ў раёне па колькасці буйной рагатай жывёлы на падворках, летась малаказборшчыкі сабралі 3484 цэнтнеры малака. Яно і нядзіўна, бо сельская мясцовасць у асноўным трымаецца на такіх вось рупліўцах. Каб усе сядзелі за сталамі ды з асадкамі, пра якую вытворчасць можна гаварыць.

Карэнне, ад якога мацуецца галінастае дрэва жыцця, тут інтэлігенцыя. Спрактыкаваны доктар амбулаторыі Уладзімір Клімчак, дырэктар мясцовай школы, філолаг Наталля Адамушка, вопытны матэматык, якая выхавала не адно пакаленне мясцовых дзяцей, Жанна Мулярчык. Слова гэтых і іншых людзей дарагога каштуе, з імі раяцца сяляне і ўлада.

Цырын — адна з самых старажытных вёсак у Карэліцкім раёне, звесткі пра яе датаваны першай паловай ХV стагоддзя. У 1792 годзе кароль Станіслаў Аўгуст пацвердзіў Магдэбургскае права і герб Цырына, на якім — алень на блакітным фоне з залатым крыжом. На Карэліччыне гэта адзіная вёска з правам на самакіраванне, якое страціла актуальнасць, але не гістарычную каштоўнасць. Жыхары і зараз жывуць думкай, што яны нашчадкі прывілеяваных продкаў.

Як гісторыя, так і фінансавы стан у кожнага сельсавета свой. Недзе моцнае апірышча — сельская гаспадарка, дзесьці — мецэнаты-землякі, а пэўныя сельвыканкамы разлічваюць выключна на свае сілы. Сельгаспрадпрыемства ў Цырыне хоць і небагатае, але дапамагае тэхнікай і фінансава, яго кіраўнік Аляксандр Янкоўскі ў любой просьбе ніколі не адмовіў. Адгукаецца прадпрыемства «Ніка», вось і нядаўна закупіла зялёныя насаджэнні для воінскіх пахаванняў.

— Складана быць старшынёй: людзі і ўлада патрабуюць, а сродкі ў распараджэнні невялікія. На што іх хапае? — распытваю Аксану Гомза.

— Матэрыяльная крыніца — бюджэт плюс датацыі з раённага. Распаўсюджанае ў многіх сельсаветах самаабкладанне ў нас не прыжылося, людзі палічылі, што аб дабрабыце тэрыторыі павінна клапаціцца краіна. Сёлетняе фінансаванне — 83 825 рублёў. На вулічнае асвятленне з іх можна патраціць 11 435, на добраўпарадкаванне — 2000. Акультурылі цэнтр аграгарадка, тры воінскія пахаванні: пафарбавалі помнікі, паклалі тратуарную плітку, высадзілі туі. Спілілі аварыйныя дрэвы на могільніках, якіх на тэрыторыі сельсавета восем. Для гэтага атрымалі пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, такім чынам забраўшы могільнікі да сябе на баланс, бо інакш не мелі права іх добраўпарадкаваць. Між тым большасць зваротаў грамадзян менавіта па гэтай тэме, бо людзі перажываюць за помнікі.

На знос пустуючых дамоў выдаткавана 2130 рублёў. Гэта для нас — галаўны боль. Дамы час­та аварыйныя, складана знайсці ўласніка, а па заканадаўстве ён павінен даць згоду на знос. Адзін з такіх гора-гаспадароў не адгукнуўся, а калі падалі позву ў суд, выказаў намер карыстацца домам. У выніку павінна была адмовіцца ад іску, да ўсяго мне мінус, што сама яго не знайшла. Летась знеслі чатыры пустуючыя хаты, сёлета плануем пяць. Пасля зносу застаецца фундамент, летась дзяржаўных грошай хапіла ліквідаваць іх тры, сёлета хопіць на два. Інакш не можам увесці зямлю ў сельгасабарот, яна зарастае. Касец, адзін на сельсавет, не паспявае ахапіць усю тэрыторыю.

АГРАГАРАДОК акуратны і чысты, абкошаны. З яго славутасцей — праваслаўная царква Святога Міхаіла Архангела, пабудаваная ў 1991 годзе на месцы колішняй драўлянай, спаленай падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічная прыдарожная капліца, якая захавалася з 1980-х. Апрача ўсяго, непадалёку ад аграгарадка пачынае вандроўку па Карэліччыне рака Сервеч, на прытоку якой размяшчаецца райцэнтр. Дарэчы, менавіта Карэліцкі раён лідзіруе ў краіне па колькасці арэндаваных азёр. Адзін з такіх прыкладаў і ў Цырынскім сельсавеце. Гаспадар Міхаіл Дрозд арэндуе вадаём Дорагава з 2014 года, яго абуладзіў, вырошчвае рыбу, пастаўляе яе ў Карэлічы, ахвотнікаў запрашае рыбачыць.

— Выгада тут умоўная, — расстаўляе кропкі над «і» Міхаіл Дрозд. — Возера не замкнеш, дзяжуру і ноччу. Рыбалка запатрабаваная, але сёлета выбралі таварны напрамак, рэалізуем рыбу праз магазіны, а «сталее» яна ў невялікай сажалцы ля возера.



Славіцца Цырын культурным жыццём. Яркі эпізод — брэндавы мядовы фестываль, дзе збіраецца ўвесь раён. І не толькі за мёдам. Пчаляры праводзяць прэс-канферэнцыю, вучоныя з Акадэміі навук даюць парады, культработнікі ладзяць забавы, а народ адпачывае. Наогул, свят у Цырыне праходзіць нямала, і ніводнае з іх не абыходзіцца без спечанага з душой духмянага каравая Ніны Шэйман.

— Ва ўсім раёне ведаюць наш народны ансамбль беларускай музыкі «Цырынскія музыкі», якому 30 гадоў. Сакрэт прызнання просты: у рэпертуары любімыя беларусамі народныя песні, штогод праграму дапаўняем новымі. Выступаем на рэспубліканскіх «Дажынках», Днях беларускага пісьменства, часта выязджаем у іншыя вобласці, — дзеліцца кіраўнік калектыву і дырэктар Цырынскага СДК Святлана Русак.

Сёлета «Цырынскія музыкі» абкалясілі з канцэртамі бадай усе навакольныя маленькія вёскі. «І вы для нас шасцярых будзеце спяваць?» — шчыра здзіўляліся жыхары. У калектыве выступае і старшыня сельсавета Аксана Гомза, якая на пачатку кар’еры працавала мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры. Для яе гэткія гастролі заадно і дзелавыя, бярэ на карандаш сельскія надзённыя турботы.

Дык якія пытанні хвалююць вяскоўцаў? У асноўным грэйдзіраванне дарог, забеспячэнне палівам, вулічнае асвятленне. Па просьбах адказныя структуры адрамантавалі дарогу на Кастрычніцкім завулку, прыпыначны пункт, ліквідавалі несанкцыянаваную звалку. Звароты падказваюць уладзе, на якія пытанні яна не паспела звярнуць увагу. З чым не ў сілах справіцца сельвыканкам, лейцы кіравання ў рукі бярэ гаспадарка, яна дапамагае людзям нарыхтоўваць сена, апрацоўваць агарод, добраўпарадкаваць прысядзібныя ўчасткі. Наконт паліва раённы паліўзбыт працуе аператыўна, на машыну падаюцца чатыры заяўкі, каб абыходзілася танней дастаўка, і на наступны дзень прыходзіць заказ.

— Звяртаюцца да мясцовай улады і па асабістых прычынах. Гарадскія дачнікі, напрыклад, начытаўшыся ў інтэрнэце законаў, будуюць тут жыццё, як у горадзе, але ж гэта сяло — за прысядзібным надзелам можа ляжаць гной, а па пасёлку на пасьбу ідуць каровы. Нашы людзі не разумеюць такіх прэтэнзій, таму ў свой круг заезджых не прымаюць. Як затушыць такія канфлікты? Ідзеш міма, зойдзеш у хату, пагутарыш па-чалавечы, па-жаночаму — прыслухоўваюцца, — выносіць шчырасць на першы план Аксана Віктараўна.

Не будзі ліха — пакуль яно ціха, вучыць народная мудрасць. Але ці правамоцная яна ў бяспецы людзей і іх жылля, дзе галоўнае — папярэдзіць пагрозу або выявіць яе на ранняй стадыі. Таму на Цырыншчыне працуе аглядавая камісія, у яе складзе — прадстаўнікі аддзелаў надзвычайных сітуацый, унутраных спраў, газавай службы, адукацыі. Разам з пытаннямі бяспекі жылля, папярэджваюць амаральнасць. Сяльчане слухаюцца. Як вынік — няма сур’ёзных надзвычайных сітуацый, буйных крадзяжоў і гучнага бытавога гвалту, няма дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Між тым па адной прыёмнай і апякунскай сям’і.

Цырынцы стараюцца жыць дастойна, іх не пужае, што для гэтага трэба шмат працаваць — у вытворчасці, над сабой. Бывае, не ўсё атрымліваецца, не ўсё задавальняе. Але рукі не апускаюць, бо ведаюць, што ад іх залежыць дабрабыт сям’і і мястэчка, у якім жывуць.
Галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга КУЛЯКА:

— На Карэліччыне дзевяць сельскіх Саветаў, два гады таму ў сувязі са змяншэннем колькасці насельніцтва скасаваны Варанчанскі, частка насельніцтва і вёска адышлі да Райцаўскага. Лю­дзям ад гэтага горш не стала, яны далучыліся да цэнтральнай сядзібы самай моцнай гаспадаркі ў раёне — СПК «Свіцязянка».

Сельскі выканкам — першасны ўзровень, па якім людзі мяркуюць пра ўладу краіны ў цэлым. І важная роля ў гэтым мясцовага старшыні, стараст. Іх падбіраем па крытэрыі: як адносяцца да людзей, а людзі — да іх. Спецыяльнасць, прафесійныя якасці таксама іграюць ролю, але не першую.  

У раёне 105 стараст, якія выбіраюцца сельскім сходам. Адыходзім ад пазіцыі, што гэтыя абавязкі выконваюць людзі на заслужаным адпачынку. У нас ёсць прыклады, калі старасты працуюць прадаўцамі, паштавікамі, медыкамі.

Найвялікшую ўвагу сельская мясцовая ўлада звяртае на добраўпарадкаванне, прафілактыку злачыннасці, алкагольнай залежнасці. Чысціня душы і тэрыторыі — вось наш дэвіз.

На патрэбы сельвыканкамаў вы­дзяляецца 2,9 працэнта ад раённага бюджэту, а гэта ўтрыманне органаў дзяржкіравання, вулічнае асвятленне, добраўпарадкаванне, расходы па зносе непрыдатных дамоў і іншыя пазіцыі. Аб’ём фінансавання залежыць і ад паказчыкаў, папулярнасці, памеру тэрыторыі. У гэтым сэнсе заўважаем Мірскі сельсавет, на яго тэрыторыі асаблівы гарадскі пасёлак, уключаны ў Рэспубліканскую праграму развіцця.

Алена БАСІКІРСКАЯ

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара  і з архіва райгазеты «Полымя»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter