16 июня на телеканале «Беларусь 3» выйдет шестисотый выпуск программы «Наперад у мінулае»

У народным сэрцы

Ужо 12 гадоў творчая група «Наперад у мiнулае» вандруе па Беларусi i фiксуе на камеру нематэрыяльную культурную спадчыну розных рэгiёнаў краiны, якую беражлiва захоўваюць фальклорныя гурты i проста апантаныя людзi. Па ўмовах праекта носьбiты аўтэнтычнай культуры выконваюць ацалелыя цi адноўленыя абрады, народныя песнi i побытавыя танцы, дэманструюць адметнасцi мясцовых гаворак, распавядаюць гiсторыi, байкi i легенды паселiшчаў.

Абрад «Тройца» выконвае народны ансамбль народнай песнi i музыкi «Шчодрыца».
 
Дарэчы, за ўвесь час iснавання праграмы запiсана больш за паўтары тысячы народных песень! Як вiшанька на торце, у канцы перадачы iх прапануюць паслухаць у сучаснай апрацоўцы. Гэтым займаюцца аранжыроўшчык ­Сяргей Сухамлiн i саўндпрадзюсар Генадзь Сыракваш, якiя кожны раз робяць песню пад ключ, за што ад здымачнай групы i захавальнiкаў фальклору iм вялiкi дзякуй.

— Святкуем даволi грунтоўны юбiлей — падрыхтавалi 600 пера­дач, — распавядае вядучая Аксана Вечар. На гэтым не спыняемся i працуем з яшчэ большым запалам. Кожную вёску можна наведваць шмат разоў i заўсёды вяртацца ў студыю з новым матэрыялам: запiсамi народных песень i кадрамi традыцыйных i аўтэнтычных беларускiх абрадаў.
Увесь каларыт у людзях, якiя жывуць у вёсках, мястэчках. Асаблiва ўражваюць палешукi, расказвае Аксана Вечар:

— Апошнiм часам большасць перадач здымаем на Гомельшчыне i Брэстчыне, бо там захавалася многа аўтэнтычнага матэрыялу. Для нас важна, каб народны гурт спяваў акапэльна або пад беларускiя традыцыйныя народныя iнструменты, а не пад фанаграму. Мiж тым многiя калектывы пераймаюць сучасныя рысы, сумяшчаюць фальклор з электроннай музыкай.


Вяскоўцы стараюцца су­ст­рэць здымачную групу гасцiнна, старанна рыхтуюцца да паказу абрадаў, задзейнiчаюць лепшых удзель­нiкаў, прыбiраюцца ў ­каларытныя строi. Творчая ­каманда звычайна выязджае на тры днi i за гэты тэрмiн набiрае матэрыял для чатырох‑пяцi ­праграм. Графiк вельмi ­шчыльны.

— Калi прыязджаем у глыбiнку i гутарым з людзьмi, то разумеем: яны ведаюць i сочаць за нашай перадачай, — удакладняе Аксана Вечар. — Цудоўна, што маем свайго гледача. Пачыналася перадача крышку ў iншым фармаце, якi прыдумаў рэжысёр i па сумяшчальнiцтве мой муж Анатоль Вечар. Адным з вядучых тады быў спявак Тэа. Ён ездзiў у глыбiнку i вёў размовы з вяскоўцамi пра народныя завядзёнкi. Прывозiлi са сталiцы ў глыбiнку вядомых артыстаў, а пазней пачалi здымаць фрагменты абрадаў, песнi, танцы.

За 12 гадоў у перадачах паўдзельнiчала некалькi тысяч захавальнiкаў мясцовых традыцый. У калектывах звычайна розная колькасць чалавек, але ад колькасцi, як правiла, не залежыць якасць.

— Калi нават утрох застанёмся, праспяваем не горш за астатнiх, — папярэдзiлi ўдзельнiкi калектыву з вёскi Сташаны, што на Пiншчыне.

I ў гэтым няма нiякага сумнення. Акрамя песень i танцаў, збiральнiкi фальклору паказваюць непаўторныя абрады. Цi чулi вы, напрыклад, пра «Ваўчыху», калi ў галоўнай ролi выступае лiхая свякроў. Або пра абрад «Ганяць шуляка»? Шуляк — птушка кшталу каршуна. У пастаноўцы бабулi з дзеркачамi водзяць карагоды i адпраўляюць шуляка ляцець далёка.

— Здымаем абрады, прысвечаныя Хрэсьбiнам, Радзiнам, Купаллю, Калядам, Зажынкам, Дажынкам, — расказвае Аксана Вечар. — Ёсць i не такiя распаўсюджаныя. Напрыклад, завядзёнка выклiкання дажджу, калi падчас засухi дзяўчаты зранку выходзяць з плугам i пераворваюць дно ракi. Кажуць, гэта спрацоўвае на змену надвор’я.
Задача перадачы «Наперад у мiнулае» — захаваць спадчыну фальклорных i этнаграфiчных гуртоў, пазнаёмiць з iмi тэлегледачоў. А наколькi моцна шануюць традыцыi ў самiм калектыве, залежыць ад кiраўнiка. Менавiта ён — асноўны натхняльнiк i генератар iдэй, пераканана Аксана Вечар:

— Важна далучаць да такiх гуртоў моладзь, дзяцей. Нiхто, акрамя нас, не зберажэ свае традыцыi. Усцешвае, што на тэлебачаннi фальклорных праектаў становiцца больш.

Новы выпуск праекта «Наперад у мiнулае» пазнаёмiць з абрадам «Тройца» ў выкананнi народнага ансамбля народнай песнi i музыкi «Шчодрыца». Традыцыйна напрыканцы праграмы ўвазе гледачоў прадставяць народную песню ў сучаснай аранжыроўцы. На гэты раз саўндпрадзюсар Генадзь Сыракваш i ансамбль «Чараўнiцы» падрыхтавалi новую версiю песнi «Пойдзем, дзевачкi».  

Вакальна-iнструментальны ансамбль «Чараўнiцы» — выканаўцы 600‑й народнай песнi ў сучаснай апрацоўцы.
Шасцiсоты выпуск праграмы «Наперад у мiнулае» выйдзе ў эфiр тэлеканала «Беларусь 3» у нядзелю, 16 чэрвеня, у 10:00.
basikirskaya@sb.by

Фота прэс‑службы Белтэлерадыёкампанii.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter