У Мінску ўпершыню за сезон запусцілі гарадскія фантаны

Нарэшце пасля працяглага адпачынку гарадскія прыгажуны абудзіліся ад санлівасці і зазіхацелі ўсімі колерамі вясёлкі. Сем месяцаў запар, з моманту свайго закрыцця, яны рыхтаваліся да новага сезона. Час патрацiлi на дэмантаж, дэфектаванне і рамонт абсталявання, канструкцыйныя мерапрыемствы, змазку спецыяльнымі вадкасцямі.


Урачыстае адкрыццё

Як і ў папярэднія гады, першым сярод сталічных фантанаў запрацаваў аб’ект насупраць Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Першачарговы запуск самага вялікага ў горадзе рукатворнага гейзера ўжо стаў традыцыяй. Літаральна праз паўгадзіны да “гіганта” далучыліся ўсе астатнія каскады.

Усяго ў Мінску налічваецца каля 60 фантанаў. Пад крылом УП “Мінскзеленбуд” — 34 найбольш буйныя і складаныя ў эксплуатацыі. Гэта і самы высокі ў горадзе “Ветразь”, які месціцца адразу на вадзе. Яго бурбалкі ўзнімаюцца над Камсамольскім возерам на вышыню 20 метраў. А яшчэ легендарны фантан-шырма каля Нацыянальнай бібліятэкі, воды якога раскідваюцца веерам на 360 градусаў. Нельга забываць i пра “Хлопчыка з лебедзем” у Аляксандраўскім скверы, які ўзбадзёрвае прахожых аж з 1874 года.

Увогуле кожны струмень у нашых фантанах унікальны. Напрыклад, у эфектыўнай рабоце таго, што стаiць каля Палаца спорту, задзейнічана аж 21 помпа, а гейзер “Сталіца” змяшчае больш за 800 фарсунак!

Водныя навінкі

Работа гарадскіх гейзераў напрамую залежыць ад надвор’я. Калі слупок тэрмометра на працягу сезона апусціцца ніжэй за 15 градусаў, то фантаны на гэты час застануцца выключанымі.  

У цэлым графік работы водных аб’ектаў застаўся ранейшым. З ім можна азнаёміцца на афіцыйным сайце “Мінскзеленбуда”. Адзінае, па просьбе жыхароў у бягучым годзе змяніўся рэжым работы фантанаў “Вечнасць” і “Перамога” ў даабедзенны час: цяпер яны будуць фантанаваць з 11-й да 13-й гадзіны.  


Дарэчы, пабудова новых аналагічных аб’ектаў у гэтым годзе не плануецца. Аднак у трох гейзераў не атрымаецца пазбегнуць рэканструкцыі.

— Плануем правесці работы па мадэрнізацыі фантанаў “Сталіца” і “Амфітэатр”. Новае праектнае рашэнне дазволіць зрабіць з іх светлавыя зімовыя аб’екты, якія за кошт гульні святла будуць ствараць ілюзію пераліву вады, — дзеліцца планамі галоўны інжынер УП “Мінскзеленбуд” Уладзімір Бабіўскі. — Таксама будзе спраектавана рэканструкцыя закінутага фантана на вуліцы Пуліхава. Яго падземныя камунікацыі настолькі прыйшлі ў непрыдатнасць, што гейзер не можа выконваць сваю функцыю.

А пакуль інжынеры рыхтуюць чарговыя планы, нам, жыхарам горада, застаецца толькі цешыцца тым, што маем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter