«У кожную вёсачку, самую далёкую, патрэбна завезці хлеб, іншыя тавары»

Такім прынцыпам кіраваўся па жыцці Рыгор Леўкавец, які часта ішоў і насуперак лёсу, і розным абставінам, што перашкаджалі дабівацца поспеху

Амаль трэць веку ўзначальваў адно з найлепшых у краіне Пастаўскае спажыўтаварыства Рыгор ЛЕЎКАВЕЦ, кавалер ордэна Пашаны, заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь. Вельмі горка і прыкра, што слова “ўзначальваў” мушу ўжываць у мінулым часе.  Зусім нядаўна, трохі больш за тыдзень таму, Рыгор Арсенцьевіч раптоўна пайшоў з жыцця. І сённяшні наш аповед — пра тыя добрыя справы, што пакінуў пасля сябе гэты няўрымслівы, надзвычай працавіты і таленавіты чалавек.

Тое, што зроблена па ініцыятыве і непасрэдна пад кіраўніцтвам старшыні Рыгора Леўкаўца ў спажыўтаварыстве, цяжка асэнсаваць. Гэта ён пабудаваў шматлікія перапрацоўчыя цэхі (звыш дзясятка), агромністы рынак, сучасныя крамы, наладзіў экспарт уласнай прадукцыі і вывеў пастаўскіх каааператараў з апошняга на першае месца ў рэспубліцы. Больш за тое, ён на роўных канкурыраваў з сеткавымі гандлёвымі гігантамі, а па некаторых пазіцыях нават іх пераўзыходзіў.

Аўтару гэтых радкоў давялося не раз сустракацца з Рыгорам Арсенцьевічам, быць сведкам яго здзяйсненняў і заўсёды здзіўляцца, як у чалавека хапала сіл, энергіі за год-паўтара ажыццяўляць маштабныя, самыя смелыя праекты, што ў многіх выпадках, згодна са сведчаннямі аналітыкаў, было проста немагчыма.  

Прыгадваецца адно з наведванняў Пастаўскага спажыўтаварыства. Кантора яго размяшчалася, як і цяпер, у двухпавярховым старадаўнім будынку з чырвонай цэглы… Рыгора Леўкаўца застаў на парозе яго кабінета. Па-спартыўнаму падцягнуты  мужчына сярэдняга веку. Валасы сіваватыя, вожыкам. Погляд прамы, адкрыты. А пад чорнымі вачыма некалькі хітраватая і ў той жа час добразычлівая ўсмешка.

Навіну пра тое, што ёсць жаданне расказаць пра вопыт калектыву, успрыняў прыязна, маўляў, не так і часта журналісты пішуць пра кааператараў, і адразу прапанаваў наведаць аб’екты. Падумалася, павязе паказваць крамы, але ён скіраваў службовы легкавік на вялікі агароджаны двор, дзе гула піларама, завіхаліся людзі,  а побач высіліся румы лесу. Дошкі для апрацоўкі накіроўваліся ў сталярны цэх, дзе іх габлявалі, даводзілі да патрэбнага фармату. Падобнае нават не ў кожным лясгасе пабачыш.

Рыгор ЛЕЎКАВЕЦ прымае дэлегацыю кааператараў Гродзеншчыны.

Адметнасць сітуацыі была, як высветлілася, тут вось у чым:  спажыўтаварыства звычайна купляе гатовы лес, за што плаціць немалыя грошы. Леўкавец жа атрымліваў “на карані” да трох тысяч кубічных метраў. Арганізоўваў брыгады, якія ехалі з піламі ў лес, і сам з імі, для чаго браў на асноўнай працы адпачынак на два тыдні. Дзелавая драўніна ішла на будоўлю райспажыўсаюза, а рэшткі рэалі- зоўваліся па даволі высокай цане ў Мінск. Адходы, абрэзкі адпраўлялі ў кацельню, замяняючы імі мазут і брыкет.

Дапаўнялі карціну растворабетонны вузел, цяслярскі цэх. Словам, база, якая мала чым саступала будаўнічай арганізацыі. Тады і стала зразумела, чаму Леўкавец прывёз карэспандэнта спачатку менавіта сюды. Тут “ключ” да таго, як узводзіліся, абнаўляліся такія значныя аб’екты, як магутнейшы кулінарны камбінат, каўбасны цэх, хлебазавод і завод па перапрацоўцы гародніны і садавіны, гароднінасховішча, рынак з комплексам магазінаў, універсамы і дзясяткі дробных крам з еўрарамонтам, на якіх мы потым пабывалі.

Будынак каўбаснага цэха “нашпігаваны” імпартным абсталяваннем. Людзей зусім мала. Свецяцца, падміргваюць вочкі аўтаматаў і паўаўтаматаў. Асобныя маюць да паўсотні праграм. Аснашчэнне закуплена ў Германіі. Усяго ўкладзена амаль 200 тысяч долараў.

— Выпускаем прадукцыю згодна з даўнімі беларускімі традыцыямі: вяндліна, паўфабрыкаты, каб усё было натуральнае, экалагічна чыстае, — робіць акцэнт на апошнім старшыня. — І хоць вытворчасць падвоілася, заяўкі не паспяваем выконваць.

Зазірнулі на мадэрнізаваны хлебазавод, дзе ўстаноўлена нямецкае і шведскае  абсталяванне, і выдавалі на ім некалькі дзясяткаў гатункаў хлеба. Тут таксама ўдалося аднавіць і захаваць традыцыі продкаў: выпякаць хлеб без аніякіх штучных дабавак, з прымяненнем жытнёвага соладу. У гэтым плане ў пастаўчан сур’ёзныя напрацоўкі з хлебапёкамі Латвіі, якія паглыбілі тэхналогію выпечкі жытнёвага хлеба. Адны назвы пра што гавораць: “Прыазёрскі”, “Прыкарпацкі”, “Стаўрапольскі”, “Асенні заварны”, “Краснадарскі”...  Многія гатункі хлеба адзначаны залатымі і сярэбранымі медалямі на рэспубліканскіх аглядах-конкурсах.

Але больш за ўсё, памятаю, уразіў на тэрыторыі раённай нарыхтоўчай канторы  завод па перапрацоўцы садавіны і гародніны з вялікай рампай, клімакамерамі.

Сэрца яго  — квасільня з некалькіх цэхаў. У першым на ўсю даўжыню ўстаноўлена  аўтаматычная лінія. На ёй гародніну і садавіну мыюць, ачышчаюць, наразаюць. У другім, яшчэ большым цэху, – цыстэрны аб’ёмам па 19 тон кожная, у якіх агуркі, памідоры, капуста праходзяць так званую ферментацыю. Потым гатовы прадукт расфасоўваецца ў бочкі з расолам і адпраўляецца ў сховішча, кожнае ёмістасцю да  тысячы тон. Бочкі даволі цяжкія, але ручная праца выключана. Уся прадукцыя транспартуецца на паддонах электракарамі.

Яблыкі ад насельніцтва “едуць” у сховішча.

— Перапрацоўка — гэта вечная праблема, — каментаваў Рыгор Леўкавец. — Мы штосьці вырошчваем, але не ўмеем захоўваць, не ўмеем выдаць гатовы прадукт. А калі нешта і робім, то з кансервантамі, што далёка не лепшы варыянт. Як вырашыць гэту праблему, я думаў, шукаў. Аб’ездзіў многія краіны Еўропы. У выніку спыніўся на венгерскім варыянце, які прадугледжвае квашанне, саленне, перапрацоўку без аніякіх кансервантаў. Мы з венграмі пабудавалі абсалютна новую вытворчасць і выдаём чыста натуральны прадукт. І сёння можам саліць, квасіць, марынаваць практычна ўсё, што ў нас вырошчваецца: да паўтары тысячы тон гародніны ў год.

Каб забяспечыць завод сыравінай, надзейна захаваць яе, мадэрнізавалі па апошнім слове тэхнікі гароднінасховішча на 1200 тон.  Палова яго адведзена пад бульбу, у другой  палове —  тры аддзяленні: на капусту, цыбулю, моркву. У кожнай камеры свой адпаведны мікраклімат, які рэгулюецца камп’ютарам па зададзенай праграме. Вальней уздыхнулі і нашы пастаўскія фермеры, і ўладальнікі прысядзібных участкаў. Яны да гэтай пары сутыкаліся з вялікімі цяжкасцямі са збытам вырашчанага, а яблыкі часцей за ўсё скармлівалі свінням. Цяпер мы заключаем з імі дамовы на вырошчванне і здачу прадукцыі. Тыя ж заквашаныя антонаўкі з задавальненнем купляе насельніцтва, а салёныя агуркі і памідоры ў вялікай колькасці адпраўляем на экспарт. Ён разам з прадукцыяй мяснога цэха перавышае мільён долараў у год.

Памянялі свой воблік і крамы самога райспажыўсаюза. Чаго каштуе толькі супермаркет “Родны кут” — адзін з буйнейшых у вобласці. Яго яшчэ пастаўчане называюць “тысячнік”. Але прыцягваюць сюды пакупнікоў нават не памеры і багацце тавараў, а ў першую чаргу цэны на іх. Яны на шэраг гатункаў каўбас, хлеба, булак, кандытарскіх вырабаў, агуркоў салёных і іншых тавараў ніжэйшыя, чым у тым жа “Еўраопце”. І вось што цікава: калі ў крамах спажыўтаварыства рэалізуецца да 20 тысяч найменняў, то  каля  паловы з іх — уласнай вытворчасці. Вось што дазваляе на роўных канкурыраваць з сеткавымі крамамі і іншымі шматлікімі прыватнымі фірмамі.

З біяграфіі Рыгора Леўкаўца давялося даведацца наступнае. Нарадзіўся ён на Століншчыне. Бацька працаваў трактарыстам, маці — паляводам. У сям’і чацвёра дзяцей, ён — старэйшы. З любой нагоды бегаў да бацькі на работу, дапамагаў на трактары і камбайне. Мабыць, таму  тэхніка прыцягвала і потым. Праўда, лёс распарадзіўся інакш. Яшчэ ў дзяцінстве, калі ў вёску прыязджаў рызнік, хлопчык імгненна  ўладкоўваўся на воз і дапамагаў яму.


— Ужо тады, — жартаваў, —  ува мне “прачынаўся” гандляр. Ну а “завершаным” спецыялістам па гэтай лініі дапамагла стаць… армія. Трапіў служыць у Калінінград, і паслалі мяне вучыццца на кухара. Адолеў гэтую школу на выдатна.

Пасля арміі скончыў аддзяленне грамадскага харчавання Баранавіцкага тэхналагічнага тэхнікума. Па размеркаванні накіравалі інжынерам у Віцебскі аблспажыўсаюз. Прыехаў з жонкай, а жылля няма, хоць і абяцалі. Неўзабаве зразумеў, што кабінетная работа не для яго. Папрасіўся ў сельскі раён. Паслалі ў глыбінку, у Шаркаўшчыну. Дарэчы, там было самае дрэннае грамадскае харчаванне ў рэспубліцы. Два гады працаваў намеснікам дырэктара і чатыры — дырэктарам. Пакрысе стварыў выдатны калектыў. Пакідаў Шаркаўшчыну, калі яе грамадскае харчаванне было лепшым у краіне. На яго базе праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары.

У сакавіку 1986  года на сходзе ўпаўнаважаных Леўкаўца выбралі старшынёй Пастаўскага райспажыўсаюза (на гэты час ён скончыў завочна Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці “эканоміка гандлю”). “Відовішча”, якое  давялося пабачыць напачатку ў Пастаўскім райспажыўсаюзе, было не з прыемных. Матэрыяльна-тэхнічнай базы амаль ніякай, з вытворчасці — адзін прымітыўны хлебазаводзік. Пра дысцыпліну кадраў і гаварыць не выпадала: яна проста адсутнічала. Пачынаў амаль з нуля. Найперш, як і ў Шаркаўшчыне, пачаў падбіраць людзей. Давялося змяніць ледзь не ўсіх кіраўнікоў падраздзяленняў. Многія самі хутка пайшлі, бо зразумелі, што не спраўляюцца з новымі патрабаваннямі. Усе падраздзяленні, малыя і вялікія, перавёў на работу па гаспадарчым разліку. Кожны кіраўнік стаў адказваць за канчатковы вынік. Усе зразумелі, што трэба цалкам пакрыць расходы на бензін, зарплату, матэрыялы і даць яшчэ прыбытак.

Ну і кожны год новы старшыня будаваў. Прычым сваімі сіламі, за свае грошы. Каб што-небудзь знайсці, дастаць, суткамі прападаў у камандзіроўках.

 — Задумалі мы рэканструкцыю рэстарана, — прыгадаў  эпізод на пачатку сваёй будаўнічай дзейнасці Рыгор Леўкавец. — Зрабілі прыбудову, а далей спыніліся. Будынак стары, пяцідзясятых гадоў. Вышыня да столі метры чатыры. Трэба ставіць калоны да прыбудовы, каб пакласці на іх пліты, а яны нестандартныя, прамысловасць не выпускае. Падаліся ў Мазыр,  а пасля ў Бабруйск — на буйнейшы камбінат жалезабетонных вырабаў.  Усюды адмова. Вяртаючыся неяк са Століна, кажу вадзіцелю: “Васіль, давай зазірнём у Баранавічы, там жа таксама ёсць камбінат па вырабе жалезабетону. Заехалі. Зайшлі ў вытворчы аддзел да начальніка, расказалі пра сваю праблему. “Так, — уздыхае, — заказ ваш незвычайны. Але калі так просіце, пастараемся дапамагчы”. Дзякуй, выручылі. Ёсць жа людзі! Потым мы завезлі мармур з Карэліі для аддзелкі сцен.

Рэстаран, між іншым, атрымаўся на славу. Няма падобнага ў раёнах вобласці, ды і ў рэспубліцы трэба яшчэ пашукаць.

З асаблівай сімпатыяй адносіўся Рыгор Арсенцьевіч да вяскоўцаў:

— Мы жывём і працуем з сялянамі. У кожную вёсачку, самую далёкую, кожнаму сельскаму жыхару патрэбна завезці хлеб, іншыя тавары.

Сёння так яно і ёсць. Але ж у мінулыя часы ў асобныя  вёскі хлеб завозілі толькі раз на тыдзень.

— Такога не павінна быць, — катэгарычна заявіў Рыгор Арсенцьевіч на вытворчай нарадзе. — У вёсцы пераважна людзі сталага ўзросту, пенсіянеры, няўжо ім грызці чэрствую скарынку? Гэта ж здзек.

— Не хапае транспарту, бензін дарагі, — загучала некалькі галасоў.

— Колькі ў нас аўталавак?

— Дванаццаць.

— Пусціць трынаццатую і закрыць пытанне!

Не вялікі сакрэт, што ў вёсцы людзі атрымліваюць менш грошай, таму Леўкавец імкнуўся адправіць ім тавары па  больш таннай цане: з накруткай не 18—20 працэнтаў, як у горадзе, а ўсяго 10—15, а бывала, і меншай.

І яшчэ адзін штрых. Рыгор Леўкавец узяў на абслугоўванне 14 праблемных гандлёвых аб’ектаў суседняга Браслаўскага раёна.

На Пастаўшчыне ледзь не палова жыхароў — пайшчыкі спажыўтаварыства. І калі ў шмат у якіх гарадах і раёнах на іх мала хто звяртае ўвагу, то ў Паставах да іх зусім іншае стаўленне. Пайшчыкі, пачынаючы з участковых сходаў і заканчваючы сходам ўпаўнаважаных, бяруць удзел у справах кааператараў. Будзем шчырымі, у кіраўніцтве кааперацыі па вялікім рахунку, магчыма, і не, а вось права голасу, права паставіць пытанне па справаздачнасці яны маюць.

— Гэта асабіста маё перакананне, — гаварыў Леўкавец. — У нас не проста кааперацыя, а народная кааперацыя. Яна з народу і служыць народу.

Сваім бачаннем далейшага развіцця спажывецкай кааперацыі, яе праблемамі Рыгор Арсенцьевіч Леўкавец меў намер падзяліцца на старонках “Сельской газеты”.  Аднак напрыканцы года прыхварэў і прасіў выбачэння: “Пачакайце трохі. Вось стану мацней на ногі, тады пагаворым”…

Не пагаварылі. Чалавек сышоў да пары. Толькі зробленае Рыгорам Арсенцьевічам застанецца, а імя яго назаўжды ўвайшло ў гісторыю Пастаўскага краю.

saulich@bk.ru

Фота аўтара, Паўла ЧУЙКО  і з архіва спажыўкааперацыі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter