В издательстве «Четыре четверти» вышел сборник воспоминаний известного поэта Казимира Камейши

У кожнага свая вярста

Зборнiк успамiнаў «Неба веку твайго — узлёт высокi» ўбачыў свет у серыi «Асоба i час», заснаванай выдавецтвам «Чатыры чвэрцi» ў 2008 годзе. Анатоль Аўруцiн, Мiхась Пазнякоў, Алесь Савiцкi, Зiновiй Прыгодзiч i iншыя знакамiтыя пiсьменнiкi станавiлiся аўтарамi ў гэтай серыi, зараз выйшла навiнка з‑пад пяра Казiмiра Камейшы. У кнiзе аўтар спрабуе прайсцi яшчэ раз тымi шляхамi, якiя выпалi на гады яго жыцця i творчасцi, пачынаючы ад дзяцiнства i паступова вяртаючыся ў сучаснасць.

У анатацыi сказана, што ў цiкавае падарожжа ўспамiнаў Казiмiр Камейша запрашае сяброў, калег па пяры, што былi сведкамi згаданых падзей. І, вядома ж, сваiх зацiкаўленых чытачоў. Аўтар перакананы, што ў кожнага яна свая — галоўная вярста, чужой прайсцi немагчыма. Нават сваёй нiколi не паўторыш.

А жыццёвая дарога ў паэта насычаная i цiкавая. Казiмiр Камейша нарадзiўся ў 1943 годзе на Стаўбцоўшчыне. Скончыў фiлфак БДУ, служыў у Савецкай армii, працаваў у Капыльскай, Стаўбцоўскай, Валожынскай райгазетах, на Беларускiм радыё, у рэспублiканскiх часопiсах «Полымя», «Вясёлка», «Маладосць», «Вожык». Аўтар шматлiкiх зборнiкаў паэзii, лаўрэат многiх прэмiй, у тым лiку Нацыянальнай лiтаратурнай. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

У кнiзе шмат вобразнасцi, ёмiстых метафар, сумных успамiнаў, звязаных з Вялiкай Айчыннай вайной: «Галоўная мая вярста складвалася з мноства маленькiх i вялiкiх дарог, карэнiстых пушчанскiх сцяжын, старых польскiх брукаванак i новых струнiстых асфальтовак, лясiстых гасцiнцаў i ўтравелых бальшакоў. Вяртацца ж туды, у самы пачатак, нават памяццю бацькоў страшнавата. Бо там iдзе вайна, канчаецца 1943 год».
— Дзяцiнства было ў прамым сэнсе басаногiм, — расказвае аўтар. — І ў школу бегалi басанож, ледзь толькi сыдзе снег. Школа размяшчалася ў былых панскiх пакоях, дзе было холадна, замярзала зiмой у чарнiлiцах чарнiла. Можа, з гэтай прычыны i не скончыў я свой першы клас — захварэў на коклюш.
Час быў няпросты, сучаснаму пакаленню немагчыма паверыць, што людзi жылi без электрычнасцi. Першыя драўляныя слупы, якiя павiнны былi несцi на сабе правады, нагадвалi Казiмiру Камейшу вялiзныя мылiцы. Тады i нарадзiўся ў яго такi вобраз: «Брыдзе ў вёску на мылiцах электрасвятло».

— Як жа вы жылi без электрычнасцi? — здзiўлена пытаюцца часам мае ўнукi. Для iх нават тое, што перажываў я, здаецца нейкай казкай. Электрыка i на самай справе не спяшалася ў нашу вёску. Я ўжо быў студэнтам‑трэццякурснiкам, а яна ўсё пазнiлася.

Нягледзячы на складанае маленства, будучы пiсьменнiк шмат чытаў. У вольную хвiлiну бег у суседнюю вёску да цёткi Ванды, якая ўжо скончыла Магiлёўскае культасветвучылiшча i загадвала тутэйшай бiблiятэкай. За доўгiя зiмовыя вечары ён адолеў, магчыма, палову той бiблiятэкi, праглынаючы ўсё без разбору. Дзякуючы чытанню i сам стаў складаць вершы. А яшчэ ў раскрыццi паэтычнага таленту пiсьменнiк «вiнавацiць» прыроду. Сям’я жыла ў цудоўным свеце ляснога хараства Налiбоцкай пушчы. 
Дзяцiнства падарыла будучаму паэту шмат уражанняў. Быў ён пастухом i аратым — а стаў выдатным беларускiм пiсьменнiкам.
basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter