Як і раней, ва ўсіх рэгіёнах краіны ў рэжыме павышанай гатоўнасці працягваюць працу работнікі сацыяльных цэнтраў. Яны падтрымліваюць, не пакідаюць у бядзе тых, каму асабліва неабходна дапамога, — інвалідаў, адзінокіх грамадзян, людзей з цяжкімі захворваннямі. Напрыклад, на гарачую лінію Нясвіжскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання за апошнія некалькі месяцаў паступіла 157 званкоў, у асноўным ад пажылых і адзінокіх жыхароў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі і просяць прывезці ім прадукты, набыць лекі або іншыя неабходныя рэчы.
Па словах Ірыны Уладзіміраўны, у раёне ёсць людзі, якія не маюць мясцовай прапіскі або не пражываюць тут пастаянна, але і ім у дапамозе не адмаўляюць:
— Зараз летні сезон, дачная пара — гараджане перабіраюцца ў сельскія дамы. Ёсць людзі ва ўзросце, якія зімою жывуць у дзяцей, а на лета прыязджаюць у родную хату. Усе яны таксама могуць звярнуцца да нас.
Пенсіянерка Зінаіда Угрыновіч пражывае адна, цяжка хварэе, а таму падтрымка спецыялістаў цэнтра ёй вельмі патрэбна:
— Як добра, што ёсць людзі, якія клапоцяцца і дапамагаюць. Яны па маёй просьбе паехалі ў райбальніцу, забралі электронны рэцэпт і па ім возяць мне неабходныя лекі.
З задавальненнем карыстаецца паслугамі цэнтра і пенсіянер Ігар Дуброўскі. Ён якраз у разгар пандэміі вярнуўся з-за мяжы, апынуўся на самаізаляцыі. Тут і паўстала пытанне, як у такой сітуацыі набыць медыкаменты і прадукты, калі з дому выходзіць нельга.
— Звярнуўся на гарачую лінію, і ў гэты ж дзень мне прывезлі заказ, — усміхаецца Ігар Леанідавіч. — Мала таго, яшчэ некалькі разоў тэлефанавалі і пыталіся, якую каўбасу лепш купіць, якой тлустасці малако. А калі не знайшлі патрэбнае, дык і ў суседні магазін паспелі трапіць — каб усё па спіску. Мне нават няёмка было… З той пары мы сябруем з сацработнікамі: я іх паважаю, а яны мне дапамагаюць. Безумоўна, не злоўжываю такой магчымасцю і эканомлю іх час — звяртаюся толькі пры вострай неабходнасці. Я вельмі ўдзячны, што ў нашай краіне ўлада так клапоціцца аб тых, каму патрэбна дапамога.
Спецыяліст цэнтра Вольга Руснак лічыць, што галоўнае зараз — не падвяргаць рызыцы сваіх падапечных і сябе:
— У асноўным звяртаюцца людзі, у якіх ёсць захворванні, у тым ліку і хранічныя. А гэта значыць, што ім у ніякім разе нельга рызыкаваць. Таму ніякіх паўмер — строгае выкананне санітарных правілаў. Калі іх прытрымліваешся, страху няма. А ўвогуле лічу, што дабро заўсёды вяртаецца. Калі я здольна прынесці ім карысць — чаму ж не? А колькі было званкоў з падзякай! Такія моманты саграваюць душу.
Пандэмія ўнесла карэктывы і ў работу цэнтра вольнага часу для пажылых у аграгарадку Верцялішкі Гродзенскага раёна. Па словах загадчыцы Кацярыны Сыантовіч, прыйшлося абмежаваць колькасць наведвальнікаў: зараз групы па інтарэсах складаюцца ўсяго з трох чалавек, а пасля заняткаў усе пакоі і рэчы дэзынфіцыруюцца. А вось гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўвогуле прыйшлося часова закрыць: пажылыя працуюць рукамі і блізка кантактуюць.
— Раней прыходзіла да 25 чалавек у дзень, зараз у сярэднім 5—7, і то з умовай, што ўсе яны знаходзяцца ў розных пакоях і выконваюць строгія санітарныя патрабаванні, — кажа загадчыца. — Адзначу, што наш цэнтр асаблівы, бо сюды ходзяць не толькі, каб пабыць на цікавых занятках, але і за аздараўленнем. Асабліва папулярны ў апошні час пакой ароматэрапіі: спецыяльны апарат, запраўлены эфірным маслам, выдзяляе пар, які добра ўплывае на органы дыхання і паляпшае настрой. І гэта толькі адна з паслуг.
Каб паменшыць рызыку захворвання, Кацярына Кашкевіч, прафесійны рэабілітолаг і супрацоўнік цэнтра, перанесла заняткі ёгай, аэробікай і гімнастыкай у анлайн-фармат. Тры разы на тыдзень яна адпраўляе праграмы трэніровак з дапамогай месенджара сваім пажылым падапечным, яны іх выконваюць, а затым абмяркоўваюць сам працэс і цяжкасці. Сапраўды, сучасныя праблемы патрабуюць сучаснага вырашэння.
Адна з пастаянных наведвальнікаў цэнтра Ірына Надзейка з сумам успамінае часы, калі пра каронавірус чулі толькі ў навінах. Але спадзяецца, што хутка сітуацыя зменіцца:
— Мне 75 гадоў, але я актыўны ўдзельнік розных секцый і гурткоў. Не паверыце, наколькі гэтая арганізацыя для нас, пажылых, патрэбная. На жаль, зараз наведванні абмежавалі, ды і людзі, асабліва з хранічнымі захворваннямі, стараюцца лішні раз не падвяргаць сябе рызыцы. Але я, напрыклад, перыядычна бываю ў цэнтры: займаюся на трэнажорах, люблю пасядзець у аромапакоі — бо па натуры чалавек жвавы, энергічны і доўга дома знаходзіцца проста не магу! А праводзіць час у нашым міні-санаторыі, як мы яго называем паміж сабой, не баюся: дакладна ведаю, што работнікі выконваюць усе неабходныя санітарныя прадпісанні, апрацоўваюць дэзсродкамі пакоі і рэчы, спартыўныя снарады, выкарыстоўваюць маскі і пальчаткі. Ды і мы, пажылыя, ужо прывыклі да масачнага рэжыму — носім на аўтамаце. Спадзяёмся, што хутка сітуацыя зменіцца і мы зноў будзем наведваць наш цэнтр.
edu.vol@yandex.ru