Некаторыя надзвычай беражлівыя грамадзяне спрабуюць зменшыць плацяжы за электрычнасць не з дапамогай энергазберагальных лямпачак і эрганамічных прыбораў, а значна прасцей. Напрыклад, адмотваюць назад паказальнікі лічыльніка, запавольваюць яго рух з дапамогай звычайнай сашчэпкі або значна памяншаюць дадзеныя аб спажытай электраэнергіі. Але ў рэшце рэшт такім чынам можна перахітрыць самога сябе. Энергетыкі адсочваюць падобныя спробы. Так, напрыклад, толькі за першую палову 2019 года нядобрасумленным абанентам супрацоўнікі РУП «Мінскэнерга» налічылі да выплаты больш за 5,3 мільёна рублёў кампенсацыі шкоды. Карэспандэнт «Р» паглядзела, якія парушэнні дапускаюць спажыўцы, і даведалася, як можна супрацьстаяць крадзяжам электраэнергіі.
Стандартны агляд сведчыць, што адна з электрычных разетак сілкуецца без лічыльніка.
Работа па выяўленні крадзяжоў праводзіцца штодзённа. Пры гэтым робіцца аналіз пафідарнага балансу электраэнергіі па кожным цэнтры сілкавання, а таксама аналізуецца спажыванне і аплата кожнага абанента, ажыццяўляюцца праверкі па зваротах грамадзян.
— Фідар — гэта лінія электраперадачы, якая адыходзіць ад шыны падстанцыі, — удакладняе Уладзімір Варабей, кіраўнік групы аддзела размеркавання і кантролю філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга». На кожным з іх усталяваны лічыльнік з прыборам аўтаматызаванай сістэмы кантролю і ўліку электраэнергіі. Індывідуальныя лічыльнікі ёсць і ў кожнага абанента. Напрыклад, калі з падстанцыі ў нейкім напрамку паступіла тысяча кілават-гадзін, значыць, гэтая тысяча і павінна быць аплачана спажыўцамі. Адсутнасць балансу сведчыць аб тым, што недзе адбываецца крадзеж электраэнергіі. Выяўляюць яе кантралёры праверкай лічыльніка пры дапамозе радыёінтэрфейса або правя-дзеннем кантрольнага зняцця паказанняў лічыльніка.
Сёння шлях рэйдавай групы ляжыць у прыватны сектар Мінска. На вуліцы Пераходнай электраманцёр Арцём Драздоў уважліва аглядае правады, што ідуць ад лініі электраперадачы да дамоў. Вопытнае вока здалёк можа заўважыць несанкцыяніраваныя падключэнні — напрыклад адгалінаванне перад лічыльнікам, якое звычайна робяць на гарышчы, або накідванне правадоў на лінію электраперадачы. Апошняе, дарэчы, зараз амаль не сустракаецца: і надта яўна выглядае, і небяспечна не толькі для кашалька, але і для жыцця.
У доме, дзе спецыялістаў насцярожылі правады, здаецца, нікога няма. Званок адсутнічае, нават ручкі на брамцы няма, а на стук ніхто не адклікаецца.
— Гэта сапраўды праблема, дапамагчы вырашыць якую мог бы вынас прыбораў уліку на мяжу землекарыстання, — зазначае Уладзімір Варабей. — Па-першае, знікне магчымасць падключэння ў абход лічыльніка. Па-другое, прыбор, замацаваны, напрыклад, каля брамкі, дазволіць кантралёрам здымаць паказанні, калі адсутнічаюць гаспадары.
Рушым на суседні падворак.
— Перш-наперш праводзіцца агляд прыбораў уліку электраэнергіі, — апісвае свае дзеянні Мікіта Ладуцька, майстар аддзела размеркавання і кантролю. — Правяраю, каб не былі парушаны цэласнасць корпуса лічыльніка, праверачныя пломбы вытворцы і электразабяспечвальнай арганізацыі. Паказанні лічыльніка супастаўляюцца з аплатай абанента. Пасля гэтага поўнасцю адключаем электрасілкаванне і з дапамогай сігналізатара схаванай праводкі шукаем несанк-цыяніраваныя падключэнні. Пра наяўнасць энергіі прыбор паведаміць звонам, а між тым пры адключэнні напружання яна павінна поўнасцю адсутнічаць.
Мікіта ЛАДУЦЬКА праводзіць агляд лічыльніка.
Парушэнне становіцца відавочным адразу — на клемным вечку лічыльніка няма пломбаў электразабяспечвальнай арганізацыі. Гэта азначае, што давяраць яго паказанням ужо нельга. Існуе запазычанасць за спажытую электраэнергію.
— Доўг у нас ёсць, і даволі вялікі, — прызнаецца гаспадар. — Справа ў тым, што дом дастаўся жонцы ў спадчыну, тут жыў яе брат, які не плаціў за камунальныя паслугі. Па дазволе РУП «Мінскэнерга» аплачваем запазычанасць часткамі.
Карыстанне неапламбіраваным лічыльнікам з’яўляецца самавольным спажываннем электраэнергіі. Састаўляецца адпаведны акт, у якім указваюцца паказанні прыбора ўліку, яго індывідуальны нумар, а таксама колькасць лямпачак і разетак у доме. Дакумент перададуць у аддзяленне па збыту электраэнергіі, там зробяць пераразлік, з улікам папярэдняй аплаты ацэняць нанесеную шкоду за перыяд, што прайшоў ад апошняга наведвання кантралёра, або за тры гады — гэта тэрмін іскавой даўнасці — і на спецыяльнай камісіі паведамяць аб ёй абаненту.
Акрамя таго, гаспадарам дома выдаецца прадпісанне на працягу бліжэйшых двух месяцаў замяніць прыбор уліку электраэнергіі. Але гэта робіцца за кошт энергасістэмы.
На суседні падворак нас пускае гаспадар — малады прыемны мужчына, знешнасць якога дрэнна ўвязваецца з запушчаным домам. Аказваецца, гэтую нерухомасць ён набыў зусім нядаўна. Стандартны агляд сведчыць, што адна з электрычных разетак сілкуецца без уліку лічыльніка. Нягледзячы на выкручаныя коркі, каля яе сігналізатар схаванай праводкі гучна звініць. Аб гэтым таксама складаецца акт. Асобе, з якою заключаны дагавор аб электразабеспячэнні, выдаецца прадпісанне на ліквідацыю безуліковага падключэння.
— Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць хутка выявіць і міні-мізаваць шкоду ад незаконных падключэнняў, — сцвярджае Уладзімір Варабей. — Яшчэ нядаўна дакладную інфармацыю аб спажыванні магло даць толькі кантрольнае зняцце паказанняў, зараз мы можам даведацца аб ім дыстанцыйна. Пры наяўнасці электронных прыбораў уліку інжынер зможа прайсці па вуліцы з камп’ютарам, выдалена паглядзець, якое ідзе спажыванне, дыстанцыйна зняць і зверыць паказанні, вызначыць магутнасць падключанага абсталявання.
За 7 месяцаў 2019 года персаналам РУП «Мінскэнерга» па Мінску і ў Мінскім раёне праведзены 953 рэйды, у выніку якіх складзены 3513 актаў аб парушэнні правіл электразабеспячэння. Большую долю іх састаўляюць крадзяжы — 2704 акты, астатнія звязаны з парушэннем тэрмінаў паверкі прыбораў уліку.
Внедрение автоматической системы контроля и учета, вынос счетчиков: как энергетики противостоят кражам электричества
У гэтым будзе ток
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Дарья ТИТОВА