На Ушаччине с 17 по 21 июня проходит литературная неделя, посвященная 95-летию со дня рождения Василя Быкова

У Бычках, на малой радзіме Быкава

Яго кнігі перакладзены на шматлікія мовы і выдадзены на ўсіх кантынентах свету. Адметнасцю творчасці празаіка з’яўляецца тэма вайны, сваеасаблівы і праўдзівы аповед пра яе. Сам пісьменнік трактуе гэта так: « Мяне цікавіць у першую чаргу не сама вайна, нават не яе быт і тэхналогія бою, хоць гэта для мастацтва таксама важна, але, галоўным чынам, духоўны мір чалавека, магчымасці яго духу».



...Распачаўся літаратурны ты­дзень у Кублічах, куды Васіль Быкаў у свой час хадзіў у школу. У мясцовым сельскім Доме культуры паказаны відэаролікі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, прайшла літаратурная гасцёўня. Ушацкі раённы музей прадставіў са сваіх фондаў рэдкія фатаграфіі з сямейнага архіва Быкавых, асабістыя рэчы пісьменніка: акуляры, фанерны чамадан, з якім ездзіў юнак на вучобу ў Віцебскае мастацкае вучылішча, а потым — у фабрычна-завадскую школу, кнігі з аўтографамі.

Цэнтральнай жа падзеяй тыдня стаў учорашні дзень у вёсцы Бычкі, на сядзібе Васіля Быкава, дзе цяпер знаходзіцца ягоны музей. Тут усё так, як і было раней, да вайны, дзе праходзілі дзіцячыя і юнацкія гады будучага пісьменніка: той жа стол, крэслы, ложак, фотаздымкі і, вядома, кнігі. 

Прыглядвае за музеем-сядзібай пляменнік Быкава Мікалай Харак, які пераняў гэту пасаду ад сваёй маці Антаніны Быкавай, удавы Міколы, роднага брата пісьменніка.

У Антаніны Аляксандраўны засталіся цёплыя ўспаміны аб сустрэчах са знакамітым родзічам:

— Васіль Уладзіміравіч прыязджаў раз-два ў год і абавязкова спыняўся начаваць у нашай хаце. Я спачатку хацела падаваць стравы яму культурна, але ён запратэставаў: «А не, Тонечка, ты зрабі па-дамашняму, як даўней, каб адразу з печы на стол на патэльні. І вось падымуся я ранічкаю, печ выпалю, спяку ў ёй яйкі з салам і падаю на той патэльні. Вельмі ўпадабаў Васіль Уладзіміравіч такі вясковы пачастунак. Падарункі прывозіў розныя. Памятаю, як Коля, сын мой жаніўся, а гэта былі цяжкія дзевяностыя гады, ахвяраваў цудоўную тканіну яму на касцюм...

На святкаванні юбілею В. Быкава на яго малой радзіме, у вёсцы Бычкі. У цэнтры ў сіняй блузцы і хусцінцы Антаніна Быкава, удава роднага брата пісьменніка — Міколы.

Зямлячка Ірына Таміян, паштовы работнік, прыгадвае наступнае пра Быкава:

— Васіль Уладзіміравіч умеў сябраваць па-сапраўднаму, не зважаючы на рангі. З маім бацькам Васілём Аляксандравічам Паршонкам, які працаваў кінамеханікам, яны аднагодкі, аднавяскоўцы і аднакласнікі. Разам вучыліся ў Бычках, потым у Слабодцы і Кублічах. Абодва ваявалі: толькі Быкаў на фронце, у арміі, а мой бацька — у партызанах. І не было ніводнага разу, каб Васіль Уладзіміравіч абмінуў нашу хату, калі прыязджаў на радзіму. Неаднойчы і мы былі ў яго ў гасцях у Мінску. Добра памятаю яго кабінет, мноства кніг і рабочы стол. Шмат гаварылі пра вайну. Запрашаў майго бацьку на сталічныя мерапрыемствы...

А вось пенсіянерка Тэрэза Крыванос прыгадала цікавы і трохі анекдатычны выпадак:

— Зазірнулі неяк да нас Васіль Уладзіміравіч з паэтам Рыгорам Барадуліным. Мой муж Міхаіл Кляшторны, які надта ўпадабаў кнігі Быкава, захацеў паказаць гэта наступным чынам: выкаціў матацыкл «Іж» з прымацаванай на ім таблічкай «Васіль Быкаў». Барадуліну спадабалася, а Васіль Быкаў застаўся спакойны. Мне падалося, што ўсё сур’ёзнае, сапраўднае ён перажыў там, на вайне...

Імя народнага пісьменніка Васіля Быкава носіць мясцовая школа ў Кублічах. Былая настаўніца беларускай мовы Тамара Касцючэнка, а цяпер бібліятэкар, расказвае, што яна са сваімі вучнямі вяла перапіску з пісьменнікам. Захаваліся лісты гэтыя, а таксама аўтографы. Што тычыцца самога мерапрыемства ў Бычках, то сабраліся на яго не толькі жыхары вёскі, якіх не так і шмат — каля двух дзясяткаў, але і людзі з усяго раёна, Ушач, а таксама вобласці. Адбыўся вялікі канцэрт з элементамі тэатралізацыі пра жыццёвы шлях пісьменніка, экскурсія ў музеі-сядзібе.

А завершыцца літаратурны тыдзень, прысвечаны Васілю Быкаву, 21 чэрвеня ва Ушачах, у скверы ля вуліцы Ленінскай, конкурсам творчых калектываў раёна.

saulich@bk.ru

Фота Наталлі БАГДАНОВІЧ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter