Партнерские, вертикальные и даже роды в воде: в Могилеве готовится к открытию обновленный роддом старейшей больницы города

Тут нараджаецца дзяцінства

Гэтага моманту жыхары Магілёва і асабліва будучыя мамы чакалі каля шасці гадоў. Менавіта столькі часу спатрэбілася на тое, каб паэтапна правесці маштабную рэканструкцыю радзільнага дома гарадской бальніцы хуткай дапамогі. 

Адноўлены корпус раддома хутка прыме новых пацыентаў.

Па апошнім слове тэхнікі

Аперацыйныя будуць абсталяваны па апошнім слове тэхнікі.
Можна сказаць, што пяціпа­вярховы корпус перабу­давалі поўнасцю. Ён істотна змяніўся звонку, але яшчэ большыя перамены адбыліся ўнутры. 

— Калі прыняць пад увагу, што корпус здадзены яшчэ ў васьмідзясятых, становіцца зразумела, што ён не можа адпавядаць запатрабаванням сённяшняга часу, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жылін

Заказчыкам маштабнай рэканс­трукцыі выступіла УКБ Магілёў­скага гарвыканкама. Генпадрадчыкам — будтрэст №17. У рабоце таксама задзейнічаны і субпадрадчыкі. У першую чаргу ў будынку замянілі ўсе камунікацыі. Па-другое, перамены  закранулі ўнутранае змесціва. Новыя сучасныя аперацыйныя і рэанімацыя, палаты, абсталяванне, сістэмы сігналізацыі — умовы для мам і нованароджаных, створаныя ў перынатальным цэнтры трэцяга ўзроўню, будуць самыя лепшыя і адпавядаюць сусветным. 

Урачыстае адкрыццё ультра­сучаснага раддома чакаецца ўжо ў лістападзе. Зараз у ім ідзе апошняя падрыхтоўка: заканчваецца афарбоўка сцен, пачынаецца мантаж тэхнікі, расстаўляецца мэбля. Галоўная медсястра раддома Наталля Багачова тлумачыць:

— Былыя палаты, дзе адначасова знаходзілася па пяць чалавек, адышлі ў мінулае. Цяпер яны разлічаны на дзвюх маці і іх дзяцей. Па жаданні кожная з жанчын можа заняць так званы сямейны пакой: разам з парадзіхай тут маюць магчымасць застацца яе муж ці іншыя родныя. Такія палаты будуць абсталяваны не толькі зручнымі ложкамі, але і міні-кухнямі. Пры кожным пакоі свае санвузлы. 

Любы капрыз

Галоўны ўрач бальніцы Павел Арахоўскі не ўтойвае: адноўлены раддом — знакавая падзея. Прычым не толькі для магіляўчан. Ён адчыніць свае дзверы таксама і для сельскіх (бліжэйшых да абласнога цэнтра) раёнаў:

 — Тут будуць рэалізоўваць усе наватарскія дасягненні і ідэі, якія толькі існуюць.  

Стэрылізацыйны комплекс пачынае працу. 

Новыя тэхналогіі дазволяць прымаць у рэканструяваным раддоме каля трох з паловай тысяч родаў у год. А яшчэ дабавяць магчымасцей для разнастайных відаў родаў. Напрыклад, партнёрскіх. Калі будучая маці аддае прыярытэт вертыкальным родам, яе просьбу таксама задаволяць. Нарадзіць дзіця яна можа нават у вадзе, для чаго будзе ўстаноўлена гідрамасажная ванна. 

«Спадзяёмся, што з запускам гарадскога раддома зменшыцца і колькасць маленькіх пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця», — выказаў надзею Аляксандр Жылін. Ахова мацярынства і дзяцінства ў нашай краіне — прыярытэтны напрамак сацыяльнай палітыкі. Раддом Магілёўскай гарбальніцы хуткай дапамогі трэцім у вобласці перажыў сваё пераўвасабленне. Некалькі гадоў таму значныя перамены закранулі раддамы ў Бабруйску і ў магілёўскай бальніцы № 1. Для маці і нованароджаных тут створаны самыя камфортныя ўмовы: зручныя палаты на два-тры чалавекі, магчымасць з першай хвіліны заставацца разам з немаўлятамі і, вядома, якасныя медпаслугі. Кожны год у Магілёўскай вобласці на свет з’яўляецца каля дзесяці тысяч нованароджаных. Медыкі і ўлады спадзяюцца, што з адкрыццём яшчэ аднаго сучаснага раддома з перадавым абсталяваннем гэтая лічба стане яшчэ большай.

Апошнія штрыхі да камфорту.

markova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter