Кирпич-перчатка, макеты и древнее оружие — что еще можно будет увидеть во второй башне Лидского замка

Тут быў князь!

У Лідскім замку актыўна абмяркоўваюць рэканструкцыю другой яго вежы — паўднёва-заходняй. Тэрмін заканчэння будаўнічых работ абазначаны вельмi канкрэтна: дзверы для наведвальнікаў адчыняюцца да Дня горада, які Ліда адзначыць у верасні. Па аналогіі з вежай Вітаўта тут таксама ўладкуюць залы, дзе прадставяць ганчарства, кавальскую справу, сярэдневяковую кухню, міфалогію таго часу. Актыўна iдзе работа па зборы экспанатаў. Карэспандэнт «Р» даведалася, што ўбачаць наведвальнiкi замка.

Новая вежа хутка прыме першых гасцей.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова расказала аб тым, што ўжо зроблена, і пра тое, што яшчэ трэба будзе зрабіць:

Рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка» — адзін з самых відовішчных і масавых.
— Праца па аднаўленні другой вежы Лідскага замка распачата. Ужо сёння мы бачым вялікую аддачу ад турыстычнай дзейнасці на лідскай зямлі, таму гатовы ўкладваць бюджэтныя сродкі ў развіццё гэтай сферы. Фінансаванне будаўнічых работ цалкам легла на раённы бюджэт, з якога выдзелiлi 200 тысяч рублёў. Таксама чакаем дапамогі ад вобласці. На сёння ў вежы выкладзена плітка, ідзе мантаж радыятараў ацяплення, устаноўка свяцільняў. Адным словам, завяршаюцца аддзелачныя работы на ўсіх пяці з паловай паверхах. Тут працуюць работнікі будаўніча-мантажнага трэста № 19. Гэтая арганізацыя ажыццяўляла папярэдняе аднаўленне Лідскага замка. Скажу вам так: i вежу Гедыміна, і помнік Гедыміну плануем урачыста адкрыць для шырокай грамадскасці 7 верасня.

Лідскі замак адрозніваецца ад іншых перш за ўсё магчымасцю правядзення там рыцарскіх і, галоўнае, конных турніраў. Двор замка пакрыты пяском. Ужо распрацавана некалькі відаў забаўляльных праграм, мноства інтэрактываў, квэстаў, гульняў і займальных пастановак. Першы рыцарскі турнір у Лідскім замку правялі ў 2005 годзе. З той пары музейшчыкі пачалі распрацоўваць цікавыя мерапрыемствы штогод. Гэта дало магчымасць раскруціць турыстычны аб’ект і значна павялічыць аб’ём уязнога турызму.

Дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Вольга Лук’ян-Піліпчук займае гэтую пасаду не так даўно.

— За мінулы год замак наведала 92 000 гасцей. Музей зарабіў 299 тысяч рублёў,
— гаворыць яна. — Менавіта замак прыцягвае вялікую частку турыстаў, якіх потым ужо можна перанакіроўваць у горад на іншыя гістарычныя аб’екты. На пастаяннай сувязі з намі — рыцарскія клубы, рамеснікі, аніматары, арганізатары квэстаў, розныя творчыя аб’яднаннi. Распрацаваны праект «Замкавы гасцінец», які прадугледжвае выхад дзеяння за межы замкавых сцен.

Толькі за апошнія шэсць месяцаў Лідскі замак наведала амаль 24 000 чалавек, з якіх больш за 5000 — гэта замежныя турысты. Едуць з Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Польшчы, Узбекістана, Швейцарыі, Галандыі. У параўнанні з мінулым годам колькасць наведвальнікаў павялічылася амаль на паўтысячы.

На майстар-класы па стральбе заўсёды выстройваецца чарга.

Такі помнік Гедыміну ўрачыста адкрыюць 7 верасня. 

Тая самая знакамітая пальчатка. 


За сціплую плату ў вежы Вітаўта можна сесці за адзін стол з каралём і каралевай і нават прымераць карону. 

Работнікі Лідскага музея пастаянна знаходзяцца ў пошуках новых форм працы. Праводзяцца аглядныя і тэматычныя аніміраваныя экскурсіі па замкавым двары і выставачнай экспазіцыі, якія раскрываюць гісторыю замка, знаёмяць з міфамі, легендамi і паданнямі. Вялікі інтарэс у наведвальнікаў выклікаюць інтэрактыўныя прадстаўленні, гульні і забавы ў стылі cярэдневякоўя.

Замак супрацоўнічае з мясцовымі рамеснікамі.  


За мінулы год замак наведала 92 000 турыстаў.


— Зараз мы ўзмоцнена працуем над стварэннем экспазіцыі, якая бу­дзе выстаўляцца ў вежы Гедыміна. Трэба будзе памяняць канцэпцыю абедзвюх вежаў. Частку экспанатаў, якая адносіцца да XIV—XV стагоддзяў, перанясём з першай вежы. Туды пераедзе, вядома, цэгла-пальчатка і іншыя аўтэнтычныя прадметы, якія былі знойдзены на тэрыторыі падчас археалагічных раскопак. Частка макетаў і манекенаў ужо закуплена, частку яшчэ трэба будзе набыць, нешта запазычым з іншых музеяў Беларусі. Галоўнае, што замак нагадвае жывы арганізм, які пастаянна мяняецца і ўдасканальваецца. Ёсць і свае ноу-хау. Па прыкладу працы Мірскага і Нясвіжскага замкаў у гэтым годзе наладжана супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, арганізаваны «Тэатральныя сустрэчы ў Лідскім замку». А 20 ліпеня ў замку выступіць балет «Тысяча і адна ноч». Прыязджайце і ўсё ўбачыце сваімі вачыма!

У вежу Гедыміна пераедуць аўтэнтычныя прадметы, што былі знойдзены ў Лідскім замку падчас раскопак.

kondratsieva@sb.by

Фота аўтара и БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter