Кожнаму сваё
Для адказу на гэтыя пытанні ў час нядаўняй турыстычнай выставы нават сабралі тэматычны круглы стол. Перш чым удавацца ў дыскусіі, кіраўнік праекта MICE in MINSK, гендырэктар цэнтра стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы» Анатоль Аканцінаў падзяліўся праведзенай работай. Паводле яго ацэнкі, з сотні фестываляў больш за палову — з нацыянальна-гістарычным ухілам. Задачка з зорачкай: ці задавальняе нас сцежка гісторыі і ці можна яе цікава паднесці замежным гасцям? Няма часу марудзіць: ва Украіне «фішкай» выбралі гастраномію, у Прыбалтыцы і Польшчы — музыку. У Расіі, відаць, маюць намер рабіць стаўку на нестандартныя падыходы. Напрыклад, выкарыстоўваць светлавыя шоу.
Што яшчэ характэрна? У фестывалях моцная ідэалагічная падаплёка: з аднаго боку, гэта нядрэнна, з другога — звужае да аднастайнасці структуру праграм. Арганізатарамі, як правіла, выступаюць дзяржорганы, федэрацыі спорту і аддзелы культуры выканкамаў і сельсаветаў(так званыя па-старому). З-за гэтага фэсты не заўсёды адпавядаюць заяўленаму ўзроўню. У тым ліку — з-за абмежаванасці бюджэту і недахопу ведаў у спецыялістаў на месцах. Анатоль Аканцінаў настойвае: рэгіянальныя фестывалі патрабуюць шліфоўкі і складання рэйтынгу для іх. Бо на перыферыі ёсць цывільныя святы, якія заслугоўваюць увагі і ўліванняў, а таксама — супрацоўніцтва з вопытнымі прасоўвальнікамі і бізнесам. Апошні, дарэчы, не супраць несці свае брэнды ў масы. Адны толькі піўныя святы грымелі ўсё лета і пачатак восені.
У Верхнiм горадзе, што ў Мiнску, яшчэ пару гадоў таму па выхадных днях было пуста, а зараз усё часцей адбываюцца розныя святы.
Ламаюцца мiфы
Чаго не хапае нам, дык гэта, на думку эксперта, супрацоўніцтва з міжнароднымі фестывальнымі асацыяцыямі і прыцягнення ў краіну так званых мігрыруючых фестываляў:
— Пакуль мы нешта спрабуем прыдумаць, ёсць шмат фестываляў, якія шукаюць пляцоўкі па свеце. Узяць той жа фестываль харавога спеву, які нядаўна быў у Сочы. Чаму б не паклікаць яго ў Мінск?
«Спрабавалі — ведаем», — дырэктар туркампаніі Paradise Travel Ксенія Гулякевіч успамінае спробу прыцягнення да нас міжнароднага фестывалю мужчынскіх хораў. Здавалася б, цікавая падзея, але многія пляцоўкі шчыра здзіўляліся, навошта пад яе ламаць складзены графік. Ды і калі падбілі цану пытання, міф пра нізкія цэны правядзення мерапрыемстваў у краіне быў выкрыты.
Дарэчы, пра графікi. Эксперты наракаюць, маўляў, не перашкаджала б за год да падзеі ведаць пра яе. Так турфірмы маглі б масiравана працаваць з мэтавай аўдыторыяй ці ведаць, калі і куды не трэба ехаць. З месцаў у зале раз-пораз чуліся гісторыі ў пацвярджэнне. Напрыклад, турфірма не магла размясціць 100 гасцей з Германii з-за раптам прыдуманага свята. Ці вось яшчэ — дату фестывалю Viva Braslav агучылі ў канцы сакавіка, і мэтавую аўдыторыю — еўрапейскіх студэнтаў — ахапіць як след не атрымалася. У іх жа нават дзеці прывыклі планаваць забавы за паўгода. З гэтым фестывалем выйшаў яшчэ адзін канфуз: ён праходзіў у адзін дзень з пiўным фестывалем «Рок за Баброў». Разнесці б гэтыя святкаванні на абодва — прыйшло б больш гасцей.
Яшчэ адна бяда нашых фэстаў — неадпаведнасць заяўленаму. Экскурсавод, арганiзатар фестываляў Яўген Апанасевіч эмацыянальна ўспамінае, як ён разам з групай амерыканскіх турыстаў з беларускімі каранямі заехаў на свята вішні. Кажа, былі нацыянальныя песні, рамеснікі, толькі вішні не было. «Неўраджай», — растлумачыў хтосьці з залы. «Але ёсць яшчэ кампот з вішні, каньяк на вішні, варэнне з вішні...» — прапанаваў варыянты выхаду з сітуацыі Яўген Апанасевіч, наракаючы на вузкасць далягляду арганізатараў.
Яшчэ адзін прыклад такой недальнабачнасці — калі паралельныя спевы на некалькіх сцэнах ператвараюцца ў перакрыкванне адзін аднаго. Ці — негатоўнасць інфраструктуры да прыёму гасцей. Напрыклад, «Жаніцьба Цярэшкі» ў гэты раз праходзіла пры тэмпературы мінус 28 градусаў, калі замерзла ўся каналізацыя. «Госці хадзілі за хату, — патлумачылi аўдыторыi. — З аднаго боку, экзотыка. З другога — потым складана працаваць з рэкламацыямі».
Фестывалi на перыферыi маюць свой каларыт, але над многiмi праграмамi трэба папрацаваць.
Патрабуецца эксклюзiў
Мы надаём вялікае значэнне слову «міжнародны», здзіўляецца Ксенія Гулякевіч:
— У той жа час на лічаных фестывалях колькасць замежнікаў набліжаецца да 10 працэнтаў. І то ў такіх выпадках мы гаворым пра бліжэйшых суседзяў. Часцей за ўсё, калі падчас наведвання нашай краіны праходзіць нешта цікавае, госць успрыме гэта як бонус. Але мэтанакіравана на фэст ён, хутчэй за ўсё, не паедзе. Іншая справа, калі б тут і толькі тут выступалі вядомыя музыкі. Але далёка не кожны арганізатар можа дазволіць сабе пацягнуць такі бюджэт.
Можа, і не трэба? Бо, на думку аўдыторыі, замежнай публіцы будуць цікавыя «Славянскі базар», «Менск старажытны», які праводзіцца ў Дзень горада, Lidbeer, форум вулічных тэатраў і джазавыя вечары ў Ратушы, паўмарафон, закрыццё мотасезона, «Рок за Баброў» і Viva Braslav. Нешта ўнікальнае можа з’явіцца і ў бязвізавых рэгіёнах. Ды іх раскруціць прапануецца турфірмам. Праўда, тыя згодныя толькі на ўмовах эксклюзіўнага кантракта, калі за сваю частку адказвае толькі адна каманда і ад пачатку да канца. Інакш — не пазбегнуць негатыўных водгукаў пра фестываль і пра саму тургаліну. Слова Ксеніі Гулякевіч:
— На Lidbeer было шмат аператараў па бас-турах, якія прывозілі аўтобусамі людзей у Ліду. Многія павяліся на кошт і ў выніку былі вымушаныя з’ехаць у поўнач, не даслухаўшы да канца канцэрт «Акеана Эльзы» і не ўбачыўшы феерверку. Мы сваіх кліентаў чакалі да апошняга. Да таго ж яны ўсе былі ўнутры пляцоўкі, а не стаялі каля сеткі па перыметры — мінус у скарбонку арганізатара.
Пытанняў падзейнага турызму шмат, i iх прапанавалі вырашаць цэнтралізавана, з дапамогай стварэння профільнага аргкамітэта. У Мінспорту і турызму паабяцалі разгледзець гэту прапанову, каб мець магчымасць лепш каардынаваць работу ў сферы і дапамагаць арганізатарам у правядзенні больш якасных фестываляў. Праўда, адзін з удзельнікаў адразу ж прапанаваў пачаць з фармату турвыстаўкi: у зале было больш гасцей, чым наведвальнікаў у будныя днi на прэстыжным форуме.
Імя яму рэгіён
Пяць рэгіёнаў краiны ўжо маюць свае брэнды і вось-вось абзавядуцца сайтамі для прасоўвання мясцовага турыстычнага патэнцыялу.
Пяць турыстычных тэрыторый краіны ўжо прасоўваюць свае брэнды, распрацаваныя па праекце Еўрапейскага саюза пад назвай «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі». Ён накіраваны на падтрымку мясцовых і абласных органаў у распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі развіцця галіны з дапамогай укаранення перадавых еўрапейскіх практык і вопыту ў менеджменце турызму, на пашырэнне спектра і павышэнне якасці турпаслуг.
У праекце прымаюць удзел Полацк, Камянецкая і Пружанская дэсцiнацыi з Белавежскай пушчай, Мядзельскі раён з возерам Нарач, Мсціслаў, Аўгустоўскі канал. Для гэтых рэгіёнаў ужо распрацаваны стратэгіі развіцця турызму i брэнды, вызначаны канкрэтныя турпрадукты, ключавыя рынкі, на якія іх трэба прасоўваць, і сама метадалогія прасоўвання.
Па словах кіраўніка праекта Янеза Сіршэ, работа падышла да завяршальнай стадыі:
— Цяпер гэтыя тэрыторыі актыўна інтэгруюць створаныя брэнды ў прасоўванне турыстычных паслуг. Ужо распрацаваны брашуры для дзвюх з пяці дэсцiнацый, рэкламныя ролікі, на этапе распрацоўкі вэб-сайты. У рабоце над праектам прымалі ўдзел і нашы спецыялісты. У кожнай дэсцiнацыi была арганізавана рабочая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама або аблвыканкама. Практычна ўся работа зроблена.
Турыстычныя прадукты для кожнага з рэгіёнаў былі вызначаны з улікам іх ключавых асаблівасцей. Для Мсціслава, напрыклад, характэрная гісторыка-археалагічная «фішка» — пазiцыянуюць яго як рэгiён жывой гiсторыi. Для Каменца і Пружан — сельскі i гастранамічны турызм, для Мядзельскага раёна — медыцынскі турызм і актыўны адпачынак. А вось Аўгустоўскі канал можа прыцягнуць турыстаў падзеямі на вадзе. Яго называюць «беларускiм паммежам». А ў Полацка iншая роля. Гэта месца, дзе пачалася краiна.
druk@sb.by