![](/upload/iblock/0cb/0cb96455865d13cd90e3aa4af763f17b.jpg)
Ладзілі ж тое свята мясцовыя беларусы — актывісты Растоўскай рэгіянальнай грамадскай суполкі “Саюз беларусаў Дону”. Дарэчы, мы стварылі яе напрыканцы года, у 2003-м: 16 снежня. Сябры аказваюць мне высокі давер, і я ўзначальваю беларускую суполку па гэты час. А збірацца, ладзіць культурныя імпрэзы нам зручна ў школьным музеі Славянскай-беларускай традыцыі ды фальклору. Да стварэння яго мы маем непасрэднае дачыненне. Музей яшчэ называем: Народны музей беларускай этнакультуры на Поўдні Расіі. Сімвалічна, што быў адкрыты ён на базе школы №112 Савецкага раёна горада Растова-на-Доне 3 ліпеня 2015 года: у Дзень незалежнасці Беларусі. Дзіўным чынам супала — школа ў савецкі час была пабудавана па праекце беларускіх архітэктараў. Пра тое мы, ствараючы музей, нават не ведалі. Цяпер жа ўпэўнены: зусім не выпадкова свае таленты, сілы на карысць пашырэння беларускай культуры ў горадзе ўкладваем якраз у гэтым месцы.
Вернемся, аднак, у Дзень беларускай лялькі. Мяркую, здорава было задумана: пайсці да дзіцячых сэрцаў з аповедам пра нашу родную культуру, узяўшы лялек у праваднікі. Усе, хто прыйшоў на свята, з цікавасцю, бляскам у вачах слухалі Наталлю Паўлаўны Матвееву. Яна зрабіла своеасаблівае навукова-гістарычнае падарожжа ў свет беларускіх народных лялек. Ведае пра іх шмат, да таго ж доўгія гады працавала ў Растоўскім інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Наталля Паўлаўна сама руская, але даўно стала сяброўкай беларускай суполкі, добра ведае славянска-беларускую этнакультуру. На гэты раз яна правяла й цікавы майстар-клас— паказала, як майстраваць беларускую ляльку- “паграмень”: унутры яе нешта ціхенька перасыпаецца-пагрымвае. А што? Унутр такой лялькі беларусы засыпалі зерне альбо гарох, і маленькае дзіця магло тым доўга забаўляцца.
Дапамагала ж праводзіць майстар-клас і Ала Рыгораўна Івахненка, якую мы часам паміж сабой нават называем міністрам этнакультуры данскіх беларусаў. За доўгія гады творчай працы Ала Рыгораўна сабрала шмат цікавага з беларускага этнакультурнага досведу на Доне. Пра тое, дарэчы, не раз апавядала й калегам па беларускім руху з іншых краін, калі бывала ў Мінску: на творчых стажыроўках кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларускіх суполак замежжа. Гэта дзякуючы яе памкненням-намаганням атрымала наша суполка сёлета сертыфікат рэгіянальнага праекта “150 культур Дону”. Дзесяць данскіх школ выбралі прыярытэтнымі ў сваёй этнакультурнай творчасці беларускую культуру!
Читайте также
Выступленне гурта “Славяначка”, а таксама творы юных мастакоў, сабраныя-выстаўленыя ў мастацкай галерэі “Родничок-Крынічка”, сталі прыгожым аздабленнем Дня беларускай лялькі. Дзеці, што прыйшлі на свята, спявалі беларускія й рускія песні, самі змайстравалі на майстар-класе лялькі-“паграмені”, якімі потым і абменьваліся. Ну бо трэба ж, як мы разумеем, умець не толькі ствараць прыгажосць. але й прыгожа ёю дзяліцца. Прынамсі, так спрадвеку заведзена ў беларусаў, гэта — частка нашай багатай культуры.
Уладзімір Банцэвіч, мастак, кіраўнік Растоўскай рэгіянальнай грамадскай суполкі “Саюз беларусаў Дону”
Голас Радзімы № 47 (3551), чацвер, 14 снежня, 2017 у PDF