Як адчуць сабе геніям?

Трыя-эфект

У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва на праспекце Незалежнасці, 47 адкрылася Другая ўсебеларуская выстава «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч». Тая самая, народная, стаць удзельнікам якой мог любы мастак незалежна ад узросту і адукацыі, з адной умовай — каб прапанаваная работа праходзіла ў дзверы. Такімі аказаліся ўсе 323 экспанаты, нават самыя вялікія, вышынёй да 2 метраў.

Наведвальнікі экспазіцыі могуць прагаласаваць за ўпадабаную карціну.

У прыёме работ, кажа куратар выставы, мастацтвазнавец Вольга Кліп, не адмовілі нікому, бралі па адной ад кожнага аўтара, усе музейныя залы занятыя:

— У параўнанні з мінулым годам цяперашняя выстава паменшылася ў аб’ёме — тады ў «Доме карцін» размясцілі 661 работу. Але для гэтай прасторы — музея сучаснага мастацтва — колькасць работ аптымальная, такую мы і меркавалі. Акрамя таго, у статусе праект прыкметна вырас, бо выставіцца менавіта ў сценах музея — падзея для кожнага мастака. Нам цудам дасталіся гэтыя залы ў гэты час.

«Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч» — у мінулы раз многія ўдзельнікі ўспрынялі назву выставы літаральна і прапаноўвалі работы —перайманні вядомых майстроў. Зараз таксама не абышлося без пазнавальнага шышкінскага лесу, але большасць аўтараў пачулі сімвалічны заклік арганізатараў — пашырыць рамкі творчасці і працягнуць спіс геніяў сваімі імёнамі.

Пейзажы, нацюрморты, партрэты. Людзі, жывёлы, птушкі і цалкам фантастычныя персанажы. Жывапіс, графіка, фатаграфія, вышыўка, змешаныя тэхнікі, ёсць нават скульптура, аўдыя- і відэаінсталяцыі. Сярод аўтараў — дарослыя і дзеці (самаму маленькаму ўдзельніку 4 гады), прафесіяналы і аматары. Яны ўсе мастакі, кажа Вольга Кліп і заўважае, што ў гісторыі выяўленчага мастацтва было шмат самавучак, якія станавіліся майстрамі з вялікай літары без акадэмічнай адукацыі.

У асобнай эксплікацыі — спіс удзельнікаў. На кожнай рабоце — парадкавы нумар. Наведвальнікі выставы могуць прагаласаваць за ўпадабаную. Пасля падвядзення вынікаў пераможцу чакае прыз глядацкіх сімпатый — персанальная выстава. Для мастака значная магчымасць — паказаць ужо не адну работу, а досыць шырокі зрэз сваёй творчасці ў асобнай экспазіцыі.

Дарэчы, упадабаную карціну можна набыць. Арганізатары дапамогуць звязацца з аўтарам. Прафесіяналы кажуць, ёсць вельмі якасны жывапіс, добрая графіка і цікавыя інтэр’ерныя рэчы.

Выстава прадугледжвае суправаджальную праграму. Па суботах — майстар-класы па жывапісе і малюнку. Увечары па серадах — экскурсіі з прафесійным мастацтвазнаўцам. Вялікая мэта арганізатараў — пашырэнне кола наведвальнікаў вернісажаў у цэлым.

Пазнаёміцца з экспазіцыяй «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч» можна па 8 красавіка. Графік працы: з 12.00 да 20.00, па серадах — з 13.00 да 21.00. Дарэчы, леташняя народная выстава выклікала ў горадзе сапраўдны ажыятаж — за чатыры тыдні сабрала больш за 5 тысяч гледачоў.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter