Что бы в мире ни происходило, а рожь сей – тракторист-машинист пристоличного РДУСП «Усход»

Трактарыст-машыніст прысталічнага РДУСП «Усход» Мікалай Казачонак: «Што б у свеце ні адбывалася, а жыта сей»

Вядома, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана. А ў сельскай гаспадарцы гэта сапраўднае замкнёнае кола. Немагчыма спадзявацца на поспех у жывёлагадоўлі, не маючы трывалай кармавой базы. Аднымі толькі мінеральнымі ўдабрэннямі мала заправіць поле, каб атрымаць багаты ўраджай. Гэтая прапісная ісціна вядома кожнаму, хто працуе на зямлі. З маленства спасцігаў яе сялянскі сын Мікалай КАЗАЧОНАК. Бедныя на натуральную ўрадлівасць палі вакол роднай вёскі Пуцькава Бярэзінскага раёна патрабавалі запраўкі. Трактарамі звычайна ўсю зіму з калгаснай фермы вывозілі арганіку на палеткі. За шчасце для падлетка было праехацца з бацькам Віктарам Дзям'янавічам у кабіне трактара.



З тых далёкіх часоў дзяцінства памятае: яшчэ нагамі не даставаў да педалей, а ўжо ўчэпіста трымаўся за стырно. Са старэйшым на тры гады братам Міхаілам дапамагалі тату на жніве. Па выніках уборкі збожжавых браты Казачонкі выйшлі ў пераможцы спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў раёна. У сямейным архіве захавалася грамата райкама камсамола. Міхаіл і Мікалай прадоўжылі справу бацькі-хлебароба, абраўшы працу на зямлі.
 
За сорак гадоў вытворчай дзейнасці Мікалай Віктаравіч неаднаразова адзначаўся граматамі і дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Мінскага аблвыканкама. Пастаянна ў складзе дэлегацыі РДУСП «Усход» удзельнічае ў раённых і абласных «Дажынках». Летась узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Вёска пачынаецца з людзей. Імі яна і жыве. У Пуцькава, што на ўскрайку Бярэзінскага раёна, засталося не болей дзясятка падворкаў. Няма ўжо фермы, на якой маці Соф'я Мікалаеўна да выхаду на заслужаны адпачынак даіла калгасных кароў. Слыў перадавым бульбаводам бацька Віктар Дзям'янавіч, працоўныя заслугі яго адзначаны медалямі ВДНГ. Адышлі ў вечнасць бацькі. У вёсцы засталося некалькі сем'яў пенсіянераў. Былы калгас імя Ільіча далучылі да эканамічна моцнага ААТ «Месціна», моладзь абжываецца на цэнтральнай сядзібе. Два дзесяцігоддзі таму Мікалай Казачонак пераехаў з сям'ёю ў прысталічны аграгарадок Атоліна. У РДУСП «Усход» сеў за руль энерганасычанага МТЗ-2022, у сезон корманарыхтоўкі назапашвае фураж. Ад гаспадаркі атрымаў катэдж. Выраслі і ажаніліся сыны. Старэйшы Сяргей працуе слесарам па рамонце аўтамашын.

Не здрадзіў сямейнай традыцыі і меншы Віктар. Завочна вучыцца на трэцім курсе інжынернага факультэта Белдзяржагратэхуніверсітэта. Зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам і на ўласным трактары перавозіць грузы ў сельгаспрадпрыемстве «Усход». Падрастаюць унукі Дар'я і Аляксандр. Любяць яны слухаць дзядулін расповед пра дзяцінства.

– Паспяваў вучыцца ў школе і працаваць на калгасным полі, — прыгадвае Мікалай Казачонак. — Тата сем гадоў узначальваў механізаванае звяно па вырошчванні бульбы. Разам са старэйшым братам Мікалаем дапамагалі яму на палетку. З раніцы на бацькавым трактары адпраўляўся на поле абганяць бульбу, а перад абедам прыязджаў старшыня калгаса Мікалай Іванавіч Кушнер і адвозіў мяне ў школу на экзамен. Пасля здачы іспытаў зноў вяртаўся на поле. Старшыня дзякаваў за працу, з увагай адносіўся да людзей. На пачатку дзевяностых уся тэхніка ў калгасе стаяла без паліва, але старшыня заўжды трымаў у рэзерве бензін: а раптам хто захварэе і трэба тэрмінова везці ў раённую бальніцу? Ад нашай вёскі да Беразіно больш за 40 кіламетраў. У сярэднюю школу хадзілі ў Сялібу за шэсць кіламетраў. Зімою ў завеі спазняліся на ўрокі, але не прапускалі заняткі. За адной партай са мною сядзела дзяўчынка з Месціна, наша сяброўства перарасло ў каханне. А потым Таццяна стала маёй жонкай. З тых далёкіх часоў помніцца, як пасля атрымання атэстатаў сталасці з аднакласнікамі сустракалі летні світанак на беразе паўнаводнай Бярэзіны. Колькі розных мар і планаў было ў кожнага. Прысягнулі праз гады сустракацца каля роднай школы.

— Былі такія сустрэчы?

— Па маладосці збіраліся з аднакласнікамі, настаўнікамі. Кожнаму было што расказаць пра сваё жыццё, а цяпер нашы дзеці ладзяць такія мерапрыемствы. Быццам зусім нядаўна мяне праводзілі ў армію. Як зараз памятаю будні ў прыгожым горадзе Паўлаўску, што побач з Санкт-Пецярбургам. З якім нецярпеннем чакаў пісьмы ад родных, асабліва ад нявесты Таццяны. Два гады хутка праляцелі. Вярнуўся дамоў, і адразу згулялі вяселле. Вырашылі пачаць сямейнае жыццё ў сталіцы. Амаль год працаваў вадзіцелем на ваеннай базе ў Мінску. Нарадзіўся першынец. Але доўга не вытрымалі гарадской мітусні і вярнуліся ў родныя мясціны. У калгасе сеў за руль трактара. Займелі ўласную гаспадарку: дзве каровы, свіней, хатнюю птушку. Да працы на зямлі мне не прывыкаць: з юных гадоў умею кіраваць любой сельгасмашынай. Калі сынам настаў час атрымліваць прафесію, пераехалі ў Атоліна, каб ім зручней было дабірацца ў сталіцу на вучобу.

— Бацькоўскі дом сніцца?

— Будаваў яго бацька сваімі рукамі. З лесу сам бярвёны вазіў, пілаваў, апрацоўваў і складаў дом. Калі не стала брата Міхаіла, вырашылі сядзібу прадаць, бо не было каму яе даглядаць. Цяпер там новыя гаспадары. Часта ў сне пераступаю бацькоўскі парог, сэрцам адчуваю дарагі куток. Толькі на Радаўніцу выпадае з жонкай і дзецьмі наведваць магілы родных. Хмызам зараслі вакол вёскі тарфянікі, што паўвека таму меліяратары адваёўвалі ў балот. Не пазнаць і лугавіну, дзе выпасвалі кароў. Сцяной наступае лес да пуцькаўскіх падворкаў. Пэўна, гэта заканамерна, што невялікія вёскі ў класічным разуменні знікаюць, а аграгарадкі замяняюць іх. Запомнілася выказванне Прэзідэнта, што нашы вёскі становяцца іншымі. Не будзе такіх дробных, якіх было сотні тысяч. Застануцца буйныя населеныя пункты з развітой інфраструктурай. Вось як наш аграгарадок Атоліна. Цудоўныя ўмовы працы і ў гаспадарцы «Усход». На машынна-трактарным двары заасфальтавана, чыста, прыбрана, у рамонтных майстэрнях нават у халады цёпла і ўтульна. Мы з напарнікам Алегам Федаровічам няспешна зімою падрыхтавалі сваю тэхніку да пасяўной. Дзевятнаццаты сезон буду нарыхтоўваць кармы на замежным камбайне. З-за санкцый праблема з запчасткамі. Некаторыя дэталі самі выточвалі, пераварвалі спрацаваныя механізмы, узмацнялі вузлы. Пафарбавалі кузаў, і машыны гатовы да працы.

— З чаго звычайна пачынаецца для вас вясна?

— З чакання цёплых дзён, калі зямля падсохне і можна выходзіць у поле. Глебы вакол сталіцы глеістыя, цяжкія, доўга падсыхаюць. Звычайна пачынаем з падкормкі азімых і шматгадовых траў. За сезон стала правілам атрымліваць па чатыры ўкосы люцэрны. Асноўны статак на нашых фермах на круглагадовым стойлавым утрыманні. Як толькі падрастаюць травы, адразу косім на зялёны корм. Да глыбокай восені не спыняем нарыхтоўку кармоў, завяршаем сезон уборкай кукурузы на сілас.

Гатовы да выхаду ў поле мой МТЗ-2022, амаль два дзесяцігоддзі няспынна працуе. Буду рыхтаваць глебу да сяўбы яравых культур. Не хапае механізатараў, таму на кожнага даводзіцца па тры трактары. Будзем працаваць па дзве змены. Спа­дзяваемся на дапамогу гарадскіх шэфаў. У час асноўных кампаній няма выхадных, але гэта кампенсуецца добрымі заробкамі. Для моладзі важна, што ёсць магчымасць атрымаць добраўпарадкаванае жыллё. Катэдж, які маёй сям'і выдзеліла гаспадарка, прыватызавалі. Побач з домам 15 сотак зямлі, пасадзілі сад. Займаецца ім старэйшы сын Віктар. Меншы Сяргей больш схільны да тэхнікі, любую машыну адрамантуе. Мае кватэру ў суседніх Прылуках, а дапамагае нам гаспадарыць. У доме падаконнікі ўжо застаўлены расадай. Гародніны, што вырошчваем самі, хапае на ўвесь год, забяспечваем сябе бульбай. Падсохне агарод — пачнём яго засяваць. Вясна надае настрою і прыемных клопатаў.

— Для кагосьці з механізатараў гэта будзе першы самастойны выхад у поле. Навічкі ў вас ёсць?

— На жаль, слаба моладзь папаўняе калектыў. А тыя, хто прыходзяць пасля вучобы ў ліцэях і каледжах, недастаткова падрыхтаваныя. Ёсць такія, што не ўмеюць праверыць наяўнасць масла ў рухавіку. Некаторых трэба вучыць кіраваць трактарам, а ў яго дыплом спецыяліста для працы на энерганасычаным трактары. Такую тэхніку яны ў час вучобы толькі тэарэтычна вывучалі. Не кожны малады спецыяліст адрэгулюе плуг. Слабая падрыхтоўка ў тэхнічных навучальных установах, а прагрэс не стаіць на месцы. Памятаю, як складана мне было засвоіць кіраванне камбайнам, але паднатужыўся і адолеў. Цяпер па гуку вызначу, дзе непаладка. Умею працаваць на сучасных збожжаўборачных машынах. Калі неабходна, убіраю збажыну. Нашы беларускія камбайны па асноўных тэхнічных характарыстыках не ўступаюць імпартным. Працаваць на іх адно задавальненне. Там усё закладзена ў камп'ютарнай праграме, не трэба, як у былыя часы, лезці пад агрэгат і рэгуляваць механізмы.  

Калі сур'ёзна да справы ставіцца, то нічога складанага няма. Як кажуць, мядзведзя можна навучыць на гармоніку іграць і на веласіпедзе катацца. Добра, што ў сярэдніх школах зноў атрымоўваюць працоўныя прафесіі. Усё ж нехта застанецца працаваць на зямлі.

— Чым можна зацікавіць выпускнікоў школ, каб выбіралі сельскія прафесіі?

— Больш прапагандаваць працу хлебароба, расказваць пра лепшых людзей беларускай вёскі. Хоць наша гаспадарка і адна з найбольш моцных у Мінскім раёне, але ўсё роўна адчувальны недахоп маладых рук на палях і фермах. Навучальныя ўстановы не спраўляюцца рыхтаваць кадры. Гэта праблема патрабуе вырашэння на дзяржаўным узроўні. За апошнія гады калектыў механізатараў папоўнілі Аляксей Сяліцкі, Андрэй Селівёрстваў, Аляксандр Прэдка. Падтрымліваем іх, дапамагаем даводзіць да ладу трактары, іншыя агрэгаты. Усе разам чакаем старту палявых работ. Амаль штодзённа з намі сустракаецца дырэктар Віктар Майсеевіч Сулім. Кіраўнік ён малады, але ўмее наладзіць кантакт з падначаленымі. Пагутарыць з намі, у перапынку пап'е разам кавы, падбадзёрыць.

— Кожная вясна нечым адметная. Ці бывалі ў вас такія, што найбольш запомніліся?

— Хіба можна забыць сакавіцкі цыклон «Хаўер», калі за гадзіну замяло па пояс усё навокал. Затое 2013-ты выдаўся ўраджайным. Складанай была мінулагодняя вясна. Ноччу зямлю скоўваў мароз, а раніцай чакалі, пакуль скарынка адтае, і пачыналі сяўбу. Тэмпы палявых работ стрымліваў перапад тэмператур, але справіліся і ўраджай добры сабралі. У нашым севазвароце галоўная культура — бульба. З года ў год атрымліваем высокую ўраджайнасць і забяспечваем сталіцу адмысловымі караняплодамі.

Вырошчваем і збожжавыя культуры. Люблю пасля з'яўлення ўсходаў аглядаць палі. На кожным пасяўным агрэгаце ўсталяваны спецыяльны датчык. Памятаю, скончыў сяўбу і ўбачыў, што забіты сашнік. Вылічыў, якія радкі не засеяны, і вярнуўся ў поле, перасеяў іх. А калі ўзышлі, прыемна было чуць словы падзякі ад дырэктара за якасную работу. Некаторыя нашы палі цягнуцца на два кіламетры. Вядзеш па масіве пасяўны агрэгат і сочыш за датчыкам, ці ўсё ў парадку. Зараз такая цудоўная тэхніка, умовы працы механізатара кардынальна змяніліся. У кабіне можна запраграміраваць тэмпературны рэжым, дыхаеш чыстым паветрам.

— Мікалай Віктаравіч, чаго чакаеце ў Год міру і стварэння?

— Як і любы адэкватны чалавек, у першую чаргу міру. Сітуацыя ў свеце надзвычай складаная. Прыгадваю словы бацькі-хлебароба: што б у свеце ні адбывалася, а жыта сей. Зараз Захад азвярэла настроены супраць суседняй Расіі. Канешне, краіна магутная. Як не намерваліся яе ў розныя стагоддзі зламаць Напалеон, Антанта, гітлераўская войскі, але яна вытрымала. І зараз, калі б не пачалася спецыяльная аперацыя, невядома, што было б. У мяне два сыны ваеннаабавязаныя, гатовы абараняць сваю зямлю. Хачу, каб дзеці і ўнукі не зведалі таго, што давялося маім бацькам, дзядам. З фронту не вярнуўся дзед Дзям'ян Казачонак, аўдавелая бабуля адна выхавала чатырох малых. Дзядуля Мікалай Жабурдзёнак, у гонар якога мяне назвалі, дайшоў да Берліна. З вайны вярнуўся знясілены і доўга не пажыў, а бабулю забіў пярун.  

— Што б хацелі змяніць у сваім характары?

— Усе кажуць, што я занадта спакойны і разважлівы. У маладыя гады такім не быў, бо імкнуўся ўсё паспець. Аднойчы ў час працы на жніве трапіў нагой у механізм камбайна і страціў тры пальцы. Здаралася, што і рукі ламаў. Пасля гэтага стрымліваю сябе. Вопыт і рахманасць прыходзяць з узростам.

— Вясна няўмольна крочыць. Прыдае вам настрою?

— Мой зорны час — жніво, калі на полі сцяною стаіць збажына. Чым бы ні быў заняты, усё кідаю — і да камбайнаў. Калі з жонкай жніўным часам еду каля збажыны, яна ведае, што хачу каля спелых каласоў пастаяць, наталіць душу. Зараз, пакуль яшчэ не стартавала пасяўная кампанія, маю два выхадных. Першы дзень неяк вытрымліваю, а на другі месца сабе не знаходжу: не звыкся без справы на канапе ся­дзець. Жыву чаканнем цёплых дзён, калі зямля абудзіцца і пачнецца новы віток спрадвечнай працы аратага. Вялікае шчасце адчуваць, што ў хлебным караваі краіны і твой удзел.

 subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter