Книга Анатолия Бензерука «Головосек» — документально-художественный памятник жертвам фашизма

Тое, што не падлягае забыццю

«Трохкутнік» — не геаметрычная фігура, а назва адной з карных аперацый, праведзенай 15-м паліцэйскім ахоўным палком на палескіх землях у 1942 годзе. Падчас яе знішчана вёска Драмлёва Жабінскага раёна.


У беларускага пісьменніка, журналіста, гісторыка, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Анатоля БЕНЗЕРУКА выйшла кніга «Галавасек», прысвечаная памяці спаленай вёскі Драмлёва і яе жыхароў. Праца над напісаннем і выданнем доўжылася каля дзесяці гадоў. Кніга распавядае пра лёсы драмлёўцаў, якія ў страшэнных пакутах развіталіся з жыццём у свята Галавасек (Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля). Магчыма, няпростая для ўспрымання, яна адлюстраванне тых падзей Вялікай Айчынай, якія незагойнымі ранамі краваточаць і ўзрушваюць памяць і сумленнасць. Пра тэму вайны ў творчасці і гісторыю стварэння кнігі пагутарылі з аўтарам.

— Беларускі народ у чарговы раз адсвяткаваў Дзень Рэспублікі. Шчырая ўдзячнасць тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай дараваў нам вызваленне. Дзякуй тым, хто і сёння зберагае дзяржаву ад пагроз, — падкрэслівае Анатоль Бензярук. — Мы маем шчаслівую магчымасць пад мірным небам вучыцца, працаваць, шукаць і знаходзіць, ствараць і дзяліцца сваімі набыткамі…  

Нарадзіўся наш суразмоўца ў вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і настаўнікаў. З 1975-га жыве ў Жабінцы. З юных гадоў захапляўся гісторыяй і меў дзве мары: стаць гісторыкам і журналістам. Нядаўна майстру слова споўнілася 55 гадоў, і можна смела сцвярджаць, што задуманае здзяйсняецца. Будучы ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1994-м скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, у 2010-м — Інстытут журналістыкі БДУ. 

— 12 верасня 1982 года на месцы спаленай вёскі Драмлёва (а яна, як і Хатынь, знішчана цалкам і не адрадзілася) адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу, — паведаміў Анатоль Расціслававіч. — Разам з сябрамі-піянерамі я, 12-гадовы хлапчук, у той дзень прыносіў вершаваную клятву загінуўшым. Сэнс быў у тым, што мы будзем рабіць усё магчымае, каб падзеі, якія адбыліся, ні ў якім выпадку не паўтарыліся. З той пары неаднаразова даводзілася прыязджаць у мемарыял «Драмлёва» і ў складзе дэлегацый, і асабіста. Заўсёды станавіўся на тое ж месца, дзе чытаў паэтычныя радкі, якія запомніў на ўсё жыццё. Адчуванне таго, што нешта важнае мною не зроблена ў поўнай меры, не пакідала. Аднойчы ў тонкім сне нібыта пачуў голас: «За што, Госпадзі?» І ў хуткім часе пачаў працу над «Галавасекам».

Атрымалася кніга ў форме паслання сучаснікам. Абапіраючыся на архіўныя дакументы, успаміны старажылаў, аўтар прыводзіць лічбы: у той страшны дзень з агню не выратаваліся 183 чалавекі (90 — мужчынскага полу, 93 — жаночага), у тым ліку 103 ва ўзросце да 30 гадоў. 

— Калі напісанне і падрыхтоўка да друку папярэдніх 12 кніг у мяне займала кожны раз па некалькі месяцаў, то тут чакала грунтоўная праца, якая вымагала часу, скрупулёзнасці, пошукаў і цярпення, — адзначыў суразмоўца.
— Ствараў не мастацкі твор, а дакументальна-мастацкі. І падыход патрабаваўся адпаведны. Недакладнасці і памылкі былі недапушчальныя. Кніга пабачыла свет у выдавецкім доме «Звязда» ў канцы лістапада 2023 года.
Штуршком да літаратурнай дзейнасці і адпаведна да напісання аповесці «Галавасек» Анатоль Бензярук лічыць і лёсавызначальную сустрэчу з Уладзімірам Калеснікам, які ў 1985 годзе ў Жабінкаўскім доме культуры прэзентаваў кнігу «Я з вогненнай вёскі», напісаную сумесна з Янкам Брылём і Алесем Адамовічам. Знаёмства з чалавекам, кніга якога ўразіла да глыбіні душы, памятны фотаздымак і аўтограф з пажаданнямі пакінулі адбітак на светаўспрыманні, а пасля і творчасці нашага суразмоўцы. 


Анатоль Расціслававіч змог аднавіць гісторыі трагічных лёсаў жыхароў спаленай вёскі. Ён упэўнены, што пошукі адказаў на пытанне «За што, Госпадзі?», з якога пачалася кніга, былі недарэмныя. Хоць адказ на яго ведае хіба што сам Усявышні. У выданні ўпамінаюцца тыя, хто здзейсніў гэту жудасць: «У знішчэнні Драмлёва ўдзельнічалі байцы 10-й роты 3-га батальёна 15-га паліцэйскага ахоўнага палка пад кіраўніцтвам гаўптмана Заўра і обер-лейтэнанта Мюлера. Колькасць удзельнікаў «акцыі» — да сотні чалавек». Прозвішчы пакутнікаў прыведзены ў спісе «Згадаем усіх пайменна».

Пятнаццаць раздзелаў кнігі названы аркушамі. Гэта своеасаблівыя пасланні чытачам аб тым, што не падлягае забыццю.

Першая прэзентацыя дакументальнай аповесці «Галавасек» была прымеркавана да Міжнароднага дня памяці ахвяр генацыду, адбылася ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага. 

— Ахвотна і рэгулярна прыходжу на творчыя сустрэчы ў бібліятэкі, установы адукацыі і культуры. Прэзентую выданні, гутару з чытачамі. «Галавасек» — не тая кніга, якую параю перад сном. І ў двух сказах не расказаць пра яе стварэнне, але стараюся данесці самае галоўнае — праўдзівыя факты нашай гісторыі, пацверджаныя дакументальна, шляхам шматлікіх даследаванняў і дэтальнага падыходу. Каб не спрабавалі яе змяніць зацікаўленыя ў паўтарэнні незабытых жахаў вайны, мы павінны ведаць, памятаць і перадаваць новым пакаленням жыццяпіс нашых сем'яў і ўсёй роднай краіны. Прызываю кожнага звярнуцца да свайго радаводу, паспрабаваць запоўніць прабелы і занатаваць імёны і прозвішчы продкаў. З прывязкай да памятных дат і месцаў, штодзень вядзецца карпатлівая работа па захаванні гістарычнай спадчыны, увекавечанні памяці герояў Вялікай Айчыннай, умацаванні патрыятызму землякоў. У імя міру на зямлі. Кнігу «Галавасек» завяршае зварот да чытача: «Жыві і помні!» Кожнаму жадаю гэткага багацця: жыць доўга і памятаць вечна.

У ТЭМУ

Да дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь выйшаў зборнік паэзіі, прозы і публіцыстыкі «Пад зоркай Перамогі», прысвечаны 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго ўвайшлі творы членаў Мінскага гарадскога аб'яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар праекта — Мінскае гарадское аддзяленне СПБ, складальнікі — Міхась Пазнякоў і Тамара Кавальчук. 

rovdo@sb.by

Фота з архіва Анатоля Бензерука

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter