Заслуженная артистка Беларуси Тамара Миронова — о первых шагах на сцене и в кино, а также о Беларуси, которая стала родной

Тамара Міронава: «Я прысягала тэатру, і толькі яму»

Агата з легендарнай «Паўлінкі», Куліна ў «Людзях на балоце», Ганна ў «Вечары», а ў прэм’еры Купалаўскага «Жаніцьба» паводле М. Гогаля Тамара МІРОНАВА хутка сыграе цётку нявесты — Арыну Панцеляймонаўну. За ўдзел у спектаклі «Чорт i баба» на фестывалі ў Шатландыі яе назвалі лепшай актрысай, гучна заявіла пра сябе ў камедыі «Мяшчанскае вяселле», з якой у Мінску пачынаўся сучасны мастацкі тэатр. Каля 60 роляў на сцэне, 130 вобразаў у кіно, 20 гадоў у Купалаўскім. За плячыма багатае творчае жыццё, напоўненае любімай справай і шчырым кантактам з гледачом. Імя заслужанай артысткі Беларусі Тамары Міронавай стала брэндам краіны, у кулуарах і не толькі яе называюць народнай каралевай. Сакрэт просты і адначасова дзейсны: не іграць на сцэне, а жыць на ёй. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова цалкам пражываць сваю ролю, забыўшыся, што гэта гульня.


Першыя крокі прафесійнай кар’еры актрыса зрабіла ў Бабруйску — у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. Тры дні кандыдатуры разглядаў мастацкі савет — і прайшла адбор! Лятала як на крылах, іграла любыя ролі: камедыйныя, драматычныя, трагедыйныя — ад гераінь да грыбкоў ды лісцікаў.

— У Бабруйску была шчаслівая, таму што многа працавала, атрымлівала прафесію. Шчыра кажучы, нават не ВНУ, толькі практыка загартоўвае акцёра. Правінцыяльны тэатр — найлепшае для гэтага месца, там менш канкурэнцыя і многа роляў. Калі любіш сваю прафесію, то ўважліва ставішся да яе і атрымліваеш адпаведныя навыкі.

У Бабруйску Тамара Міронава займела двухпакаёвую кватэру, нарадзіла дзіця, думала заставацца жыць, але ў лёсу на гэты конт былі свае планы. У тэатры часта бывалі рэжысёры Віталь Баркоўскі і Мікола Трухан — маладыя, зараджаныя на добрае мастацтва, захацелі ў Мінску стварыць тэатр-студыю, а ў памочнікі да сябе запрасілі Міронаву. На спадарожным транспарце ездзіла ў Мінск на рэпетыцыі і вярталася, пакуль тэатр «Дзе-Я?» не атрымаў статус мінскага гарадскога, а разам — будынак, заробкі і трывалае замацаванне артыстаў. Зараз гэта Новы драматычны тэатр.

Акурат 20 гадоў таму ў актрысы пачаўся новы этап: у Купалаўскі яе запрасіў мастацкі кіраўнік Валерый Раеўскі. Не сказаць, што тут наноў спатрэбілася заслугоўваць аўтарытэт, аднак заявіць пра сябе на поўную моц прыйшлося. 

Любімы сцэнічны партнёр Міронавай, з якім пастаянна іграюць мужа і жонку, — Генадзь Аўсяннікаў. «Вечар», «Людзі на балоце», «Паўлінка», «Шляхціц Завальня» — паўдзельнічалі разам у безлічы спектакляў. А пачалося знаёмства, дарэчы, з невялікага канфлікту. У «Дзе-Я?» Генадзь Сцяпанавіч прыйшоў іграць Цярэшку ў «Трыбунале», меў багаты вопыт выканання гэтай ролі на Купалаўскай сцэне — некалькі соцень разоў. Астатнія артысты «Дзе-Я?» удзельнічалі ў пастаноўцы ўпершыню, таму патрабаваўся час, каб увайсці ў рытм. Аўсяннікаў жа не даваў нікому перадыху, выконваў партыю хутка і бліскуча, на памяць ведаў усе рэплікі.

— «Немагчыма так працаваць!» — перапыніла я Генадзя. Ён пакрыўдзіўся і сышоў. Думаю: «Усё, не вернецца — усё ж народны артыст, а я на яго...» Але на другі дзень зноў прыйшоў на рэпетыцыю, і пасля гэтага так званага канфлікту прыцерліся адно да аднаго і сыгралі разам нямала, — усміхаецца Тамара Міронава.

Яе сцэнічны вобраз і талент у кіно запатрабаваны ў Беларусі і Расіі. Спачатку стала санітаркай у серыяле-пародыі «Паскораная дапамога», пасля ізноў даставаліся так званыя народныя ролі: дворніка, няні, паварыхі… Сваім вобразам яна ўмее ўзняць градус. З першых кадраў з’яўляецца ў серыяле «Ціхі цэнтр» па творы Тамары Лісіцкай, які здымалі ў адным з мінскіх раёнаў, і адразу робіць сцэнарый вастрэйшым. Карціны ваенныя, лірычныя — Міронава працуе не толькі ў звыклых для сябе жанрах:

— Кіно і сцэна не супрацьлеглыя, але розныя рэчы. На сцэне трэба трымаць аўдыторыю ў напружанні на працягу дзвюх гадзін, у фільме ігра эпізадычная. Не скажу дакладна, дзе складаней ці прасцей, — каму што больш падабаецца. Аднак і там, і там, каб цябе заўважылі, пачулі, запомнілі, трэба цалкам выкладацца. Сапраўды, часцей за ўсё мне дастаюцца ролі жанчыны з народа, аднак кінарэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік Міхаіл Сегал запрасіў у ваенны фільм «Франц + Паліна», зняты па аповесці Алеся Адамовіча. Пазней — у «Расказы» пра сучаснасць, дзе жанр даволі складаны: абсурдысцкая камедыя, трылер. Справілася! Па тэлебачанні стараюся на сябе не глядзець: затрымліваюся на секунду — і пераключаю. Толькі з часам пачынаю ацэньваць свае работы.

Тамара Міронава ў Беларусь прыехала з Вільнюса, параднілася з нашым народам і стала ягоным дыяментам. Самастойна вывучыла беларускую мову, а ў якасці памагатых былі не курсы ці настаўнікі, а тамы Уладзіміра Караткевіча. У актрысы дома цэлы збор, а палюбіла творы гэтага пісьменніка пасля пастаўленай «Ладдзі Роспачы», дзе Тамары Васільеўне дасталася роля Смерці. Нароўні з мовай, якой не ведала, незвычайны вобраз таксама стаў выклікам.

— Палюбіла беларускую мову, літаратуру, зачытваюся Караткевічам і Быкавым, люблю Беларусь! Пераехала сюды ў пачатку 1970-х і на свае вочы бачыла, што тут было. Нават Мінск падаўся правінцыяй, да якой доўга прывыкала. І ўвесь гэты час, пакуль жыву ў краіне і назіраю за яе незалежнасцю, заўважаю відавочныя змены. Шмат гастралірую па рэспубліцы — вакол дабрабыт і прывабная архітэктура. Людзі працуюць, зарабляюць, на паркоўках няма дзе машыну паставіць, — разводзіць рукамі Тамара Міронава.

Купалаўскаму дадзена ўсё: лепшая сцэна, адрэстаўрыраваны будынак, свабода творчасці. Тэатр заўсёды працаваў, каб займацца мастацтвам, чалавекам, выхоўваць яго, несці ідэалы і высокія маральныя каштоўнасці. Паказанае на сцэне заўсёды спрацоўвае больш, чым маханне сцягамі на вуліцы, пераканана Тамара Міронава. Лёгка разбурыць і складана стварыць, творчы калектыў будуецца гадамі, за кожным акцёрам замацаваны розныя ролі. Супрацоўнікі, якія засталіся, павінны паказаць, што тэатр можа жыць, падводзіць рыску актрыса:

— Аднавілі «Паўлінку», «Вечар», «Чорную панну Нясвіжа», зараз рыхтуем у сучасным прачытанні «Жаніцьбу» паводле Мікалая Гогаля, над якой працуе малады рэжысёр Данііл Філіповіч, выпускнік беларускай і расійскай тэатральных устаноў. Трупа істотна папоўнілася, у тым ліку моладдзю, выключна таленавітай. Некаторыя так званыя СМІ трубілі, што запрашаем ледзь не ўсіх. Насамрэч праводзім строгі адбор, бо мы акадэмічны тэатр і заўсёды будзем трымаць марку. «Неверагодныя» нас здраднікамі называюць. Не разумею, каму я здрадзіла — экс-дырэктару? Дык прысягала не яму, а тэатру. Гэта мой дом, маё жыццё, заўсёды хацела тут працаваць і паступова ішла да гэтага.

Тамара Міронава адзначыла юбілей на сцэне роднага Купалаўскага тэатра. А наперадзе яшчэ шмат творчых вышынь, новых роляў. Напрыканцы ліпеня паглядзім на заслужаную артыстку ў прэм’еры «Жаніцьбы».

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter